Выбрать главу

Маўчанне ў адказ. Мы проста не спешна падымаліся на касагор. Тыя таксама чакалі. I праз хвіліну мы зразумелі, чаго. Загрукаталі за нашымі спінамі, у пад’ездзе, скрынкі, і тут жа раздаўся львіны рык разбуджанага шафёра:

— А?! Гэта вы чаго тут, мазурыкі? Вось я вам. Ах, злодзеі! Ну, чакайце! Вушы зараз вам абарву, — і адразу за лаянкай гук матора: шафёр даваў задні ход, каб мець змогу вылезці і абарваць вушы.

Я ўсміхнуўся, уявіўшы, як яны драпанулі. Нічога, болей не палезуць. Не захочуць звязвацца з дарослым. Шафёр прыкрыў наш тыл. А пакуль яны аббягуць вялізны, на ўсю вулачку, квартал, каб прыяднацца да гэтых, — шмат што можа адбыцца.

Гэта, відаць, зразумелі і тыя. Зразумелі, што чакаць цяпер няма чаго. I з дзікім згэлкам і лямантам павалілі на нас.

Праз пару імгненняў два ланцугі перайшлі ўрукапашную. Шчыра кажучы, у некалькі гзтых хвілін нам давялося кепска. Яны, праўда, ужо не кідалі камянёў, баючыся трапіць у сваіх, але кулакамі і кіямі дзейнічалі як маглі. I шмат іх было, вельмі шмат, як на нас. Занадта.

Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганцкай каруселі, мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчала, кусалася і брыкала нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў ад месца бойкі. Раланд схапіўся з Гнатам і двума ягонымі целаахоўнікамі. Тыя саплі, хрыпелі і лаяліся, імкнучыся дарвацца. А гэты маўчаў, бярог дыханне і толькі з’едліва ўсміхаўся праз распухлыя вусны.

Мы пачалі задкаваць, а пасля пабеглі з узгорка. 3 дзікім крыкам, цюгаканнем, лямантам і згэлкам павалілі за намі праследавацелі. 3 першабытным рыкам ляцела за намі лава, ламілася праз густы бур’ян. А мы беглі і там, дзе трэба, скакалі. I я ўбачыў, як Жэнька ўпаў, а Гнат, прабягаючы, пхнуў яго наском чаравіка ў рэбры, а Кульба адкаціўся.

I мы таксама адкаціліся. Да самай падэшвы ўзгорка. А пасля павярнуліся. Дзіўнае рабілася вышэй па схіле. Хто ляжаў, хто торгаўся, хто спрабаваў паўзці ўгору, а нешта трымала яго.

Дурні! Кінуліся гнаць, ляцелі, як на злом галавы, дарваліся, лічылі, што авалодалі становішчам, бязмозглыя. I ніхто нават не падумаў, што мы завабілі іх, як неразумных шчанюкоў, што мы яшчэ папярэдняй ноччу прыцягнулі з Батанічнага саду (там такой раскошы была куча, сапраўды куча, якую сабралі адусюль і не паспелі вывезці) некалькі доўгіх кавалкаў супрацьпяхотнай спіралі з калючага дроту, пасеклі яе на камянях, каб не была такой высокай, і замаскавалі ў бур’яне, і скакалі над ёю. А паклалі мы яе не роўнымі палосамі, а нібы хвалямі, і вось яны, ворагі, торгаліся ў дроце, як мухі ў павуцінні.

— Назад, хлопцы! — крыкнуў Дзмітрэнка.

Я таргануў за шнурок і кінуў выбухпакет проста пад ногі аднаму «заблытанаму». Успышка агню, і досыць гучны ўдар. Вораг таргануўся, упаў і закрыў галаву рукамі. А пасля па ўсім схіле забухала і зараўло, і пачалі ўсплёсквацца ўспышкі агню.

Тыя, хто не заблытаўся, пабеглі, канчаткова дэмаралізаваныя тым, што адбывалася вакол. Але тут пагналіся ўжо за імі мы. Досыць з нас было смешачак, досыць іхняй подлай жорсткасці. Віно, як кажуць, стукнула нам у галаву. Мы даганялі, і валілі, і таўклі; звераняты, выгадаваныя суслам вайны.

Зараз мне сорамна ўспомніць пра гэта. I адначасова нічым я так не ганаруся. Знявечаныя, без пары дарослыя, мы ўсё ж не білі ляжачага ботам у бок і не гулялі ў расстрэл. Так, мы не гулялі ў расстрэл.

Я ўбачыў, як Жэнька, дагэтуль зусім непрыкметны ў пустазеллі, устаў насустрач тым, хто ўцякаў, і кінуў успышку агню і пярун пад ногі таму, хто бег першы. Гнат кульнуўся і ўпаў. Іншыя замітусіліся. Я кінуўся на ляжачага, насеў на яго і, грэшны, у першы і апошні раз сунуў некалькі разоў яму ў грудзі.

…Расправа была толькі над адным. Тут жа на полі пабоішча. Гнату грунтоўна ўсыпалі крапівой, і палонныя павінны былі глядзець на гэта.

Дзмітрэнка лічыў.

— Гэта табе, бандзюга, за «нашы злачынствы». Гэта за планы з бочкай і крапівой — пакаштуй сам. Гэта за забарону хадзіць вуліцамі. За «фашысцкую морду». За вашу «справядлівую справу». За «ніжнедворскую гáдзіну». Гэта за тое, што ляжачага ў рэбры біў.

— Ды я назнарок упаў. Каб ім пасля шлях адрэзаць. I адкаціўся, так што ён мяне не дужа і зачапіў.

— Ну, а каб ты не такі спрытны быў, то зачапіў бы дужа? Ты змоўч, Яўген. Дайце яму яшчэ і за Жэнькаў спрыт.

Падначаленыя глядзелі на ганьбу атамана з нейкім нават зларадным задавальненнем, з іранічнымі ўсмешачкамі. Відаць, і ім ён абрыднуў, як гнілая рыба, ды толькі да гэтай хвіліны яны яго пабойваліся. Ёсць такія гадаўцы, што (хай сабе і на маленькім лапічку, на вуліцы, на двары, у квартале) кулаком, нацкоўваннем хлопцаў адзін на аднаго, плёткамі, подласцю ўстанаўліваюць самы невыносны і тупы тэрор, ператвараюць жыццё равеснікаў у пекла.