— А гэта табе за гульню ў расстрэл. А вось гэта — за тое, што слабенькіх, што дзяўчат між лапатак доўбняй б’еш. Ну, мабыць, пакуль што досыць, — і звярнуўся да разгромленай арміі: — То што, мала вам гэтага? Дабавіць яшчэ ці будзеце разумныя? Вось на атамана зірніце. I калі хочаце, каб вамі і далей камандаваў і ў паняверцы трымаў чалавек з дранай задніцай — давайце. Толькі тады пра гэта ўсе навакольныя вуліцы даведаюцца. Аж да Крашчаціка.
I, памаўчаўшы, сказаў:
— Ідзіце. Бай-бай. I каб ведалі: гэта проста рэпетыцыя. Каб помнілі. А забудзеце — тут ужо куды горай вам будзе.
Яны пайшлі. Гнат ішоў паперадзе ўсіх. Амаль бег.
VIII
Цяпер мы маглі хадзіць паўсюль нават паасобку. Хлопцы з варожых вуліц — хай сабе ты ішоў бы і адзін, а іх было тры — пры сустрэчы рабілі выгляд, што не пазнаюць цябе, і праходзілі, ненатуральна жвава абмяркоўваючы нешта. I гэта было чароўна: ісці, куды хочаш, і нічога не асцерагацца, і ведаць, што ні за рогам, ні ў пад’ездзе, нідзе не чакае цябе ніякая засада. Лета свабоды ўрэшце сапраўды стала летам свабоды. Поўнай.
Ясна, што й мы не чапалі іх, нават калі яны ішлі нашымі завулкамі, нашым дваром. На наш гонар трэба сказаць, што ніхто з нас і не падумаў скарыстацца з гэтага новага становішча.
Гнат тыдні праз два з’ехаў. Казалі, некуды ў Васількоў да ўдовай цёткі. Дабіўся ад маткі. Ясна, няма чаго яму тут было болей рабіць. Што праўда, на яго месцы я так лёгка не здаўся б, пайшоў бы чорт ведае на што, нават на недазволенае, абы вярнуць сабе хаця крыху павагі. Але ён заўсёды быў тхаром.
Мы толькі плячыма паціснулі. Што ж, хай цяпер, калі здолее дабіцца, мучыць іншых і панявярае чужымі — тут мы нічога не маглі зрабіць. Толькі спадзяваліся ад усяго сэрца, што свет паўсюль не без добрых людзей, што і там знойдуцца вартыя, добрыя хлопцы.
I тут перад самымі нашымі ўцёкамі, калі мы ўрэшце расслабіліся, і зірнулі вакол, і ўбачылі, якая прыгажосць у сумных, ціхіх дворыках, і ва ўвяданні каштанаў, і ў зорных, ужо амаль па-асенняму зорных, начах над Дняпром, звалілася на нашу кампанію новая бяда, новае злашчасце, новая напасць.
Усе нібы пашалелі на глебе дружбы. Не той, вядома, дружбы, якая вязала, скажам, мяне з Ролікам ці Карлам, а дружбы зусім у іншым сэнсе.
Не ведаю, ці так гэта зараз, але тады ва ўсіх падлеткаў існаваў на такі выпадак цалкам дурацкі моўны зварот. Замест таго каб сказаць дзяўчыне «я кахаю цябе», «я цябе люблю», «я жыць без цябе не магу», «я цябе абажаю, абожнюю, любая ты мая, дарагая», мы бубнелі тупую, бязладную, пачварную фразу: «давай з табой дружыць». Урэшце гэта вяло да таго ж самага, але маё цяперашняе эстэтычнае пачуццё літаральна стае дубам пры адным успаміне аб гэтым сказе, які абражаў здаровы сэнс і самае пачуццё.
Дык вось, мы як быццам адурэлі, страцілі галовы, ачумелі з гэтай «дружбай». Быццам толькі зараз заўважылі, што дзяўчаты — ну, хаця б тая ж Нонка — гэта зусім не тое і што даць ёй дыхту зусім не так лёгка, як, скажам, Карлу ці мне.
Гэта было цалкам не тое, што потым. Пасля мы, хто дажыў, шмат чаго разумелі, а тады гэта было так, як быццам перад чалавекам, які дагэтуль бачыў толькі ноч, заднела, засвяцілася зусім яшчэ невядомая яму, незразумелая, але ад гэтага яшчэ больш прывабная заранка.
Божа мой, якія мы былі маладыя, якія да святасці дурныя і якія бязглузда, па-боску чыстыя!
Годам пазней, напярэдадні той злашчаснай сутычкі з бандай Боўбута (памятаеце, я расказваў вам пра хлопца і яго вавёрку) я, лежачы без сну ў палатцы, выпадкова падслухаў ціхую начную размову двух хлопцаў з майго аддзялення. Мужных хлопцаў, добрых ваякаў, на рахунку якіх ужо было па некалькі заўзятых бандзюг.
— Дык ты што, так Агнешку кахаеш?
— Ага. Дужа. Толькі ўсё гэта дзіўна неяк.
— А як дзіўна? Ну вось, што ты, напрыклад, адчуваеш, калі бачыш яе ці на мосце з ёй сядзіш?
У нас існаваў дзіўны звычай. Калі нам хацелася пагаварыць з дзяўчынай з вока на вока, мы ішлі гуляць па маршруце, канчатковай кропкай якога быў мост. Там дзяўчына сядала на парэнчы, а хлопец, абхапіўшы і нібы трымаючы яе, вёў размовы пра што хочаш, абы не пра тое, дзеля чаго яны выбраліся на гэтую прагулянку. Гаварылі, злёгку пагойдваючыся, а ўнізе шумела, бегла вада, і ўрэшце пачынала здавацца, што пагойдваецца ўвесь мост, увесь сусвет, разам з зорамі, што ты сам плывеш некуды, бязмежна заспакоены і бессаромна шчаслівы.
— Разумееш, мне яе заўсёды шкада. Хаця б як ёй добра ні было, а мне ўсё здаецца, што нехта яе крыўдзіць. I мне хочацца яе абараніць, супакоіць, суцешыць. Ты толькі не смейся, мне часам нават легчы з ёй хочацца, прыціснуць да сябе, шчыльна-шчыльна. I па галаве гладзіць. Каб ніколі не плакала. Толькі…