Выбрать главу

— Што?

— Толькі, разумееш, адно мяне бянтэжыць і нібы хвалюе, і сорамна мне і няёмка. Перашкаджае мне, калі яе грудзі між ёй і мною. Няёмка, разумееш. Лепей бы не трэба гэтага. Ну, як гэта на самай справе?

— Та-ак, браце, гэта і сапраўды ўжо неяк ні да чаго.

Назаўтра абодва загінулі. I я, між іншым, дагэтуль больш за ўсё не магу дараваць усяму, што свядома сее варожасць, усёй хлусні і подласці свету, — той ціхай начной размовы.

Але пра гэта я, магчыма, раскажу яшчэ неяк пасля.

Прыблізна такое ж адбывалася з намі і тады. I калі дагэтуль мы былі занятыя «вайной», то цяпер, з такой самай нястрыманасцю, як на скрут галавы, заняліся «каханнем».

Грэх і сорам прызнацца, але паклаў пачатак гэтаму вельмі пахвальнаму занятку я. Стаў, так бы мовіць, «дзядулем ніжнядворскай закаханасці».

Здарылася так, што мы з Нонкай выпадкова сустрэліся недзе ў раёне «Арсенала». Яна ішла ад сваякоў, я проста брындаў па горадзе і цяпер збіраўся ісці дадому. Агульная наша дарога была доўгая, і я раптам да сардэчнага замірання ўзрадаваўся гэтаму, узяў у Нонкі яе лёгенькі, вельмі пацёрты і нават сям-там дзіравы пляцак[3], закінуў яго на плечы, і мы пайшлі, зрэдку беручы адзін аднаго за рукі.

Яна ўзрадавалася спадарожніку, я гатовы быў паклясціся ў гэтым. I я не думаў, што для гэтай радасці могуць быць і іншыя прычыны. Скажам, тое, што не так страшна будзе ісці адной па начным пустым горадзе або што дарога пад размову пройдзе весялей і хутчэй. Я не хацеў думаць пра гэта.

Таму што я раптам зразумеў, што кахаю гэтае дзяўчо. Подаўна ўжо і вельмі моцна кахаю. Кахаю гэтыя цыганскія вясёлыя і дзёрзкія вочы, кахаю тонкія моцныя рукі, цяжкія валасы, вечна падрапаныя каленкі. I — хаця я яшчэ нічога такога толкам не разумеў — кахаю ўсю яе пад гэтай чырвонай у чорныя гарохі, ужо трохі вылінялай, паркалёвай сукенкай.

Кахаю яе, калі яна смяецца, калі яна гаворыць, калі задуменна маўчыць.

I кахаў заўсёды. Кахаў, калі яна, прытанцоўваючы, спявала нахабныя куплеты пра нас. I калі ўцякала, як лань, робячы вялізныя скачкі. I калі скакала з быкоў моста, бліскуча-шакаладная пад час лёту ў паветры, серабрыста-блакітная, як рыбка, пад вадой. Кахаў тады, калі яна, пад час бойкі, верашчала, і лупіла, і брыкалася гэтымі доўгімі нагамі. Заўсёды.

На горад спускалася сутонне. Апошнія залацістыя адбіткі клаліся на муры дамоў. Вокны таямніча міргалі насустрач захаду: нібы тлелі, згасалі і зноў тлелі ў гусцеючым прысмерку тысячы жаўтавата-зялёных кашэчых зрэнак. 3 паркаў па правым баку пачало павяваць вільготнай прахалодай. Танюткі галасок нейкай птушкі далятаў адтуль, нібы настойліва і журботна скардзіўся на нешта.

— Ціў-ціў-ціў-ці-і-іуў.

Я даткнуўся да яе рукі і адчуў, што яна пайшла гусінай скурай, адчуў нават, што валосікі ля лакцявых сугібаў натапырыліся ад холаду. I страшэннае шкадаванне ахапіла мяне (як я потым разумеў таго хлопца ў палатцы!). Я зняў з сябе футболку.

— Чакай.

Калі яна ўзняла рукі, нібы здаючыся, а я пачаў надзяваць на яе маю выгаралую, мабыць, здорава прапыленую транціну, калі я міжволі кранаўся яе рук і, прасоўваючы галаву, правёў рукамі па чорна-бурых цяжкіх валасах, па плячах, па спіне — пачуццё найглыбейшага замілавання і шчасця ахапіла мяне з такою сілай, што я ледзь не заплакаў. Рукі ў мяне дрыжалі, глотка перасохла. Каб мне ў той момант сказалі: «памры за яе» — я памёр бы, не думаючы аніводнага імгнення, і не лічыў бы гэта ахвярай, а лічыў бы, наадварот, найвялікшым на свеце шчасцем. Бо я нічога не баяўся.

I адначасова баяўся. Страшэнна, несамавіта баяўся. Баяўся гэтай дзяўчынкі, баяўся поўнай сваёй нявопытнасці перад лікам чагосьці амаль цалкам мне невядомага, таго, што я толькі прадчуваў нейкімі глыбінямі душы, аб чым толькі цьмяна здагадваўся нечым такім, што ляжала нават глыбей падсвядомасці. Баяўся гэтага раптоўнага пачуцця, ад якога я паміраў на кожным кроку, і свайго няведання, што з ім рабіць, і неабходнасці рашыцца, скочыць у невядомае, як з разбуранага моста ў Дняпроўскую плынь.

Я ведаў, што не здолею сказаць пра гэта, і ведаў, што мне абавязкова, конча трэба гэта сказаць. Іначай трэба памерці.

I я баяўся.

I з таго часу я ніколі не ўсміхаюся, калі ўбачу каханне шаснаццацігадовых. Можа, нехта і не перажыў такога, але я перажыў, я ведаю, якое яно…

Верце мне, яно бывае стократ больш моцнае, і заўсёды куды больш безнадзейнае, і горкае, чым у нас. Верце мне, дарослыя людзі.

вернуться

3

Пляцак — рэчыўны мяшок.