Выбрать главу

Божа мой, каб мне зараз такі воўчы голад! Гэта было б шчасце.

…У адзін з дужа празрыстых, крыштальных дзён позняга лета — ці можа ранняй восені? — мы і займаліся тым, што смажылі прынесеную рыбу ў заглухлым садзе ля закінутага велатрэка. Збуцвелыя лавы і сухія галіны былі добрым палівам; галіны дрэў заглядалі ў доўгае блюда з асфальтавымі краямі і дном, што парасло пустазеллем і хмызамі, заглядалі і зрэдку ранялі ў яго першыя жоўтыя лісты. Асфальт увесь пайшоў расколінамі, праз якія выбіваліся таполевыя віцы, і шышкамі, пад якімі да часу хаваліся шампіньёны; там-сям шышка ішла трэшчынамі, развальвалася, і грыб вылазіў на святло. Паўсюль было ўвяданне і запусценне, і паўсюль, аднак, буяла і лезла на свабоду прыгнечанае, але бязмерна-моцнае, упартае жыццё.

— Калі ўцякаць, то зараз, — раптам сказаў Ролік. — Пасля будзе позна. Восень не сёння-заўтра, халады.

— Рацыя, — падхапіў Навум. — А то мы гэтых гадаў не дагонім.

— Чаго чакаць? — сказаў разважліва Багдан. — Бульбу выкапалі, бацькам на гародах падмогі не трэба. I, аднак, не паўсюль жа выкапалі. Будзе прыкормак нейкі. Сёння на адным полі, заўтра на іншым. Ні калгас, ні гаспадар ад якіхсьці там пары карчоў не збяднеюць.

— Паслязаўтра давайце, чаго ката за хвост цягнуць? — гэта нецярплівы Жэнька ўставіў свае тры грошы. — Заўтра Ролік вось у «слупы» па зброю завядзе, пашукаем. А паслязаўтра — ф’юць…

— Мы яе за адзін дзень, можа, і не знойдзем многа. Ну, ясна, мой патаемнік. Але там мала. Давядзецца шукаць яшчэ. — Ролік задумаўся на хвіліну і рашуча ляснуў сябе па каленях. — А чорты б з імы! Вырашана. Паслязаўтра ці, крайні тэрмін, праз два дні.

I тут мы здзівіліся. Таму што на купе бітай цэглы з’явілася, як чорт з табакеркі, Нонка, якая цягнула за руку Карла.

— Прывітаннечка, змоўнічкі. Бач, сядзяць, нібы кашы аб’еліся. Пышныя гэткія! А сяброў, значыцца, забылі? Кінуць вырашылі?

Я ўбачыў, як у Роліка на імгненне з’явіўся ў вачах бляск. Пасля ён адвярнуў галаву.

— Вы чаго тут?

— Кінь, — умольна сказала Ліза, — яны ж таксама шмат зрабілі. Не крыўдзі іх.

— «Рыбка золотая над подводным гаем», — пацягнула паветра носам Нонка. — Сядзяць, як нейкія ідалы турэцкія. Нума, Карло, лізь та даставай.

I сама выхапіла ў яго з-за пазухі бутэльку.

— Гэта чаго? — варожа і непаразумела спытаў Раланд.

— Наліўка вішнёвая. Сама яшчэ тады зрабіла, летам. Думала, перад дарогай, на шчасце. Вы ўсё ж хаця і шкодныя, і злосныя, і высакародства ў вас, прабачце, ніякага, хаця і кепскаватыя, а ўсё ж мужыкамі лічыцеся… будучымі. Што ж, давайце, піндзюры, так зробім: распіваем адвальную, а тады гаршчок аб гаршчок і… вы сваёй дарогай, Карл сваёй, а я — сваёй. Нічога, дарог шмат, кудысьці ды прыйдзем, а рукі паўсюль спатрэбяцца.

Карл зірнуў на яе. Нонка стаяла, прыхіліўшыся спінаю да ствала дзікай вішні, незалежна скрыжаваўшы падрапаныя ногі. Карл уздыхнуў, пайшоў да Раланда і працягнуў яму руку.

— Гэта яшчэ чаго? — Ролік глядзеў на яго сурова, спадылба.

— Мір, — проста сказаў Карл. — Мір, бо яна сказала, што дурні тыя, хто сварыцца. Мы з табой дурні… Бо яна…

— Гаваркія вы, мужыкі. Красамоўны вы народ, арлы вы нашы. Проста… як варэнікі. Глядзець люба, асабліва на Карла з Раландам. Усё дабіваліся: скажы ды скажы. I прыгожа так гаварылі: «3 кім дружыць хочаш?..» А я, калі хочаце ведаць, ні з кім з вас дружыць не хачу. Я з іншым дружыць хачу.

Усе сядзелі прыгаломшаныя.

— Ну, то што? Цяпер мір? Няма чаго вам адно на аднаго гыркаць. Мір? Падайце рукі адзін другому.

У Лізкі вочы былі на мокрым месцы. Цяпер — ад радасці.

— Раландзік, даражэнькі, ты ж добры. Кінь злавацца. Карлуша, ты ж такі — ну, самы найлепшы. Ну, няма ж прычыны. Ну, даруйце кожны другому. Ну, рукі… рукі. — Вочы яе малілі.

— Па-мойму, дык нават… дзеля карысці справы, — буркнуў Багдан.

Лізка кінулася Роліку на шыю. I тут я ўбачыў, што Фінеес часта-часта заміргаў.

— Мірыцеся, басякі, — сказаў ён дзіўным, такога я не чуў ад яго, глухім голасам. — Мірыцеся. Ну, падумаеш, ну, усім кепска. Каму, пытаюся я, на гэтай круглай зямлі добра? — I выбухнуў: — Падайце рукі, сволачы! Хаця б дзеля мужычай дружбы, залатаротцы вы.

Яму было нявесела: краёчак рота ўздрыгваў. Мне таксама было пагана.

— Ну, рукі. Усе — рукі, — сказаў я.

Рукі нашы сустрэліся.

— Ну вось, — сказала Нонка. — I каб ніколі не сварыцца.

Раланд разгроб жар і выкаціў адтуль абвугленыя скруткі. Зняў, здзьмухнуў спачатку голы чорны попел, потым чорную ломкую паперу. Потым карычневую. Потым разгарнуў белую.