Выбрать главу

— Гэ-та ча-му? — спытала яна, яшчэ не верачы.

— Думаеш, мне прыемна? Дорага б я даў, каб не казаць гэтага.

Ён падсеў да яе і абняў за плечы.

— Ты сама падумай, сама зразумей, і тады ты сама скажаш, што я маю рацыю. Ты слабенькая, ты не вытрымаеш. Згаладнела за ўсе гэтыя гады. Унь да Пячэрска з намі дайсці — і то табе цяжка даецца. А там жа горы, пераходы часам і не па сцежцы, са зброяй. Ну, добра, мы тваю панясём. А раптам нехта пакоціцца і табе трэба будзе руку падаць? Ты ж не ўтрымаеш? Пасля замучыш сябе да смерці.

— У-утрымаю, — раптам зноў ціха заплакала яна.

— Ну-ну, не плач, — грубавата сказаў Багдан.

— Не, не, скажыце, што вы гэта пажартавалі.

Яна нібыта яшчэ не да канца разумела ўсю глыбіню свайго чорнага няшчасця, сваёй адрынутасці. Сядзела ля Раланда і заглядала ў вочы.

— Я з вамі хачу. 3 табой. Чаму? Ролік, чаму-у?!

— Дурнічка, — сказаў ён, — мы ж цябе шкадуем.

— Я не хачу, каб шкада… — хліпала яна. — Я з табой. Цябе там забіць могуць, а я… Хлопцы, чым жа я вінаватая?

— Раланд, — сказаў раптам Жэнька, і я ўпершыню ўбачыў, што ягоны прыгожы, проста хоць у кіно, твар можа быць цвёрдым і злым, — гэта жорстка. Што ты робіш? Ды мы, у выпадку чаго, можам яе і пакінуць у лагеры, які там сабе зробім. Хай гаспадыняй будзе, га?.. Раланд, га, Раланд?

— Яна пасля сама зразумее, — сказаў Дзмітрэнка.

I тут Лізка мяне здзівіла. Я глянуў на яе і ўбачыў, што яна не плача, што вочы адчужаныя і суровыя, а ля краёчка гожага маленькага рота — цвёрдая горкая складка, як у дарослай. I загаварыла яна пасля як дарослая:

— Ясна. Жыццё пад германамі не шкадавала. Вайна — не шкадавала. Можа, горш за ўсіх вас мне давялося. I я ж яшчэ ў гэтым вінаватая, што вы мяне адпіхаеце, — пальцы яе камячылі ражкі хусткі. — Справядлівасць ваша. Не лепшыя вы за тых. Толькі што словам б’еце. А мне лепей бы прыкладам, не так балюча. Бо я вам адным верыла, адных вас любіла. Няхай. Вайна дабівала — не дабіла, а вы сваёй справядлівасцю дабілі, дапамаглі… А я з вамі, з табой, Ролік, ішла б… Ты не думай, я слабая, а двухжыльная. Ну што ж, дзякуй і на тым, што жартавалі, гулялі, як з малым сабачкам. Тады ўжо, відаць, рыхтаваліся кінуць. Іначай чаго б так добра… да мяне.

Устала. I тут нечакана ўзняўся і Навум. Падышоў да яе. Вусны яго неяк дзіўна ўздрыгвалі.

— Ну, бывай, Ліз… Я… я асабіста цябе ўзяў бы. I не чхнуў бы, і аб тым, што можа быць, не думаў бы. Ды тут пачынаецца тое, што ён… камандзір.

— Ненавіджу яго, — з сухімі вачамі сказала малая.

— Не трэба. Але я цябе ўзяў бы, Ліз. Дальбог бы ўзяў. Бывай.

Узяў у далоні яе галаву.

— Навуме, чаму я заўсёды такая няшчасная? Чаму ўсё заўсёды на мяне? Чаму варта мне кагосьці добрым палічыць, і ён мне адразу — вораг? — яна пытала гэта шэптам, так, што чуў, бадай што, ці не адзін я.

— Я — не вораг. Бывай.

I ён… пацалаваў яе. Гэта было так непадобна на яго, што я не паверыў вачам. А яна нечакана зноў заплакала. Можа, ад пяшчоты — дзяўчат і жанчын увогуле ніколі нельга гладзіць па галаве ў падобных абставінах, заплачуць горш, — а можа, таму, што зразумела нешта?

I так, плачучы, яна пайшла. I такога гаротнага плачу мне, дзякуй богу, не давялося пачуць яшчэ раз у маім жыцці.

…Мы маўчалі. Толькі Фінеес падышоў да вогнішча і кінуў у яго некалькі галін. Ускінулася польмя. Барва і чорныя цені заскакалі па твары, зрабілі Навумаў твар яшчэ больш суровым.

— Ты з заўтрашняга дня наш камандзір? — спытаў Навум.

— Ну, — Раланд высакамерна (і гэта была хлусня) глядзеў убок.

— Тады — свіння, свіння і яшчэ раз свіння. Ты што ж, не бачыш?

— Ну, — суха сказаў Дзмітрэнка.

— А я занадта добра бачу. I подаўна. Таму што ў мяне вочы такія: бачаць, калі другому кепска, калі ў іншага душа мучыцца. I яшчэ таму бачу…

— Ну, і яшчэ чаму?

— I яшчэ таму, што… Таму што… А-а, — Навум махнуў рукою, вусны ягоныя скрывіліся. — Ні вам, ні ёй гэта няважна. Важліва іншае. Свінні вы, шкадавання ў вас да гэтай маленькай няма. Да маленькіх, да страшэнна пакрыўджаных. А яна большая за вас. Так пакрыўдзіць яе, свінні. Яе! А я…

— Мае рацыю, — сказаў Карл. — Каб мы з гэтага дня не камрады — я б вам морду набіў. — I дадаў пасля паўзы: — Ты прабач мне, Навуме. За ўсё і ўсіх.

— Ты прабач.

Мне здалося, што ў абодвух неяк нязвыкла блішчаць вочы, і я адвярнуўся. Я тады не любіў сцэн, падобных на гэтую. А можа, рабіў выгляд, што не люблю.

Нончыны пальцы ляглі на маё перадплечча. Я здзіўлена зірнуў на яе і ўбачыў, што яна глядзіць на Раланда амаль з нянавісцю. Дорага б я даў, каб даведацца аб сапраўднай прычыне гэтай нянавісці.

— Быдла ты, — сказала Нонка. — Ну і хай з раніцы камандаваць пачынае. А сёння мы самі сабе атаманы. Хадзем адсюль, Васілько. Хадзем адсюль, мілы.