Трэці, цельпукаваты і каржакаваты, з тых, каго нават у дзяцінстве завуць «мужыкамі», «дзядзькамі» і «старымі» — ён-та і трымаў у руках доўгі, з яго велічынёю, лук, — паглядзеў на мяне невялікімі дрымучымі вочкамі. Сказаў басам:
— Міліцыянеру? — і паціснуў плячамі. — У галаву?
— Калі, скажам, дзіцёнку, — сказаў я, — дык, значыць, можна ў галаву, галовы яловыя?
— Ну, занадта разумны, — прабасіў «мужычок». — Лезь сюды.
Я палез на строму, з каранямі выдзіраючы бур’ян.
Калі ўрэшце, увесь абсыпаны пылам і калючкамі, я ўскараскаўся наверх, сеў і, зняўшы тапачкі, пачаў высыпаць з іх зямлю, круглагаловы Ролік спытаў:
— Адкуль такі? Нешта мы цябе не бачылі.
— Не з Чкалава? Не з яўбаза? — спытаў гожы.
— Што такое?
— Яўбаз. Яўрэйскі базар… Ясна, не адтуль, — сказаў «мужычок».
— Не з Падвальнай? — пытаў Круглая Галава. — Не з Фундуклееўскай?
Я гэтыя конікі ведаў, але што зробіш:
— Што такое Фундуклееўская?
— Ну, цяпер вуліца Леніна.
Ведаў я гэтыя конікі: спецыяльна называць вуліцы іхнімі старымі назвамі, каб зведаць, карэнны ты, вышэйшай ты пароды чалавек або так, збоку прыпёку — з дзесятага ветру. Сам колькі разоў так рабіў.
А яны, відаць, хацелі выпытаць яшчэ, ці не з другога я канца горада, ці быў тут, калі…
— Не з Банкаўскай? А што, на Адольфгітлерштрассе таблічкі паўсюль ужо збілі?
— Кіньце, хлопцы, — сказаў Ролік, — ясна, нетутэйшы. Адкуль?
— Я з гэтага двара.
Хлопцы пераглянуліся. Гэта ўжо была як бы іншая справа. Я нібыта рабіўся прыналежным да іхняга двара, сваім, дваровым.
— А-а, новенькі, — сказаў «інтэлігент». Гэта не таго палкоўніка, які тыдзень таму назад прыехаў?
— Угм. Пляменнік.
— А ён куды адразу з’ехаў? Ён хто?
— На фронт. Ён начштаба аднаго з франтоў.
У вачах новых знаёмых нарадзіўся цень павагі.
— Фф-ю-у. Якога? — спытаў Ролік.
— Зашмат ведаць хочаш. Гэтага казаць нельга.
— Ваенная тайна? Задавака, — сказаў прыгожы.
— А я вось табе дам, — устаў я.
— Кінь яго, Жэнька, — сказаў «гожаму інтэлігенту» Ролік. — Кінь яго, Багдане. Не хоча — не трэба.
I тут, цалкам раптоўна для мяне, затаранцеў, засакатаў з бур’яноў паўдзённай гаворачкай галасок дзяўчаняці:
— А я вось і ведаю. Я ката іхнім суседзям прыносіла. «Мышы, кажуць, заелі». То гэты кот, якраз, стаў у апракінутую табурэтку і лапкамі — на перакладзінкі. Яны мілуюцца: «ах-ах», а ён узяў і наваліў туды…
— Дык ты адно гэта і ведаеш? — з пагардай спытаў «мужычок» Багдан. — Як кот…
— Не, — азваўся галасок з бур’яну, — я, як прыносіла, чула. Веставы ягонага дзядзькі — татарын, ці бурат, ці алтаец… Патракоў прозвішча…
— Не таранці, — сказаў Ролік. — Дзела кажы.
— Казаў… Першага Беларускага фронту.
Хлопцы зарагаталі.
— Ну вось, — адсмяяўшыся, сказаў Ролік, — …ваенная тайна. Адкуль?
— Беларус.
— Браты ёсць?
— Былі. Многа. I родных, і траюрадных, і ўсякіх. Па чутках, мала хто застаўся.
— Немцаў ненавідзіш?
— Пытаеш яшчэ.
— На фронт уцякаў?
— Два разы. Адзін раз, у сорак другім яшчэ, вярнулі аж з-пад самага Мажайска.
— Я таксама, — уздыхнуў Ролік, — тожа мне яшчэ, выабражалы, лішнія рукі ім непатрэбныя. Як быццам горшыя. Ідуць — хвігай носа не дастанеш. А ў нас толькі ўсяго і няшчасця, што гадоў не дабралі.
Ён у час выказаў свае пачуцці і выліў горкую сваю крыўду. Таму што мне пачалі ўжо абрыдаць гэтыя пытанні і адказы. Як на допыце ў міліцыі. А я гэтых допытаў за гады беспрытульных бадзянняў бачыў болей, чым ён галавамыек ад бацькоў.
— Цябе як клікаць? — спытаў круглагаловы.
— Васілько Стасевіч, — адказаў я.
— Ну вось. А я Раланд Дзмітрэнка. Па-ўкраінску хаця разумееш?
— А чаго тут разумець?
— Гарно. А оцэ мая гвардыя. Гэты, з лукам, палтаўскі. Та хіба ў Полтаві людэ — у Полтаві ж галушкі.
— Багдан Цар, — адрэкамендаваўся «мужычок».
— А гэта наш ідэолаг. Бацька мой за Махном ганяўся, то казаў, што ў таго ціла тачанка була з ідэолагамі. Вось і мы яму завядзём. Жэнька, адрэкамендавацца паслу дружняй дзяржавы.
— Яўген Кульба, — ляснуў босымі пяткамі прыгожы.
Пяткі былі хаця і босыя, але не парэпаныя, белыя. Відаць, хадзіць босым — гэта было нешта накшталт уніформы на час гульні.
I тут я здзівіўся яшчэ больш. 3 зарасцяў выбралася, нават скочыла, як тыгра, бо джунглі на добрую чвэрць складаліся з крапівы, дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацерла каленкам аб каленка, ускінула галаву — чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад — і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар’яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі.