Выбрать главу

…Каштаны пачалі губляць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава — продкі называлі такую на ўсходні лад «буздыган», — расколецца, і выгляне адтуль вільготны карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.

Мы выйшлі са двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў.

I яшчэ ўбачылі… Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда.

— Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі.

Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:

— Добра, ідзі.

Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і прыкрашвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносіць і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Тое дасканалае адчуванне кожнага свайго мускула, што ўласцівае маладым зверанятам. Адчуванне Жыцця.

Мы ішлі на сонца.

Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада.

— Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым, — са шкадаваннем сказаў Ролік. — Аж кідаць горка.

…Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падаюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збіраць. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руін Успенскага сабора ўсё яшчэ горка цягне нібы астылым дымам і тленнем.

Аднавокі бандурыст у пінжаку і белай сарочцы з яркай жычкай сядзіць ля цагельнай жоўтай дарожкі, вышарпанай тысячамі ног. Сядзіць там, дзе яна збягае ўніз, хаваецца за арэхамі, дый перабірае струны бандуры. Сіпаты мяккі голас:

Ой, за темними лісами Лежить козак застреляний, Лежить козак застреляний, Ще й крівльою обілляний. Нема кому потужити, По козаку подзвонити. Дзвонять коні підковками, А козаки шабельками, Чорний ворон крилоньками, А матінка — слізоньками.

Над песняю кацілася ласкавае добрае сонца.

Встань, козаче, ти проснися, На Вкраїну подивися, Вже сідельця твої згнили, I стремені вже потліли, Орли очі повиймали, А татари шаблю взяли.

Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.

Візьми, мати, піску жменю, Посій його на каменю: Коли ж отой пісок взійде, Тоді твій син з війська прийде.

Мы і далей маўчалі. А пасля Багдан раптам уздыхнуў.

— А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так. Здра.

— Кінь вярзці, — сказаў Ролік. — Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае.

I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі… ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так:

Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова. Зостається кінь вороний, золотая зброя; Зостається кінь вороний, зброя золотая; Зостаються дітки малі, жінка молодая.

Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка — голас Багданаў уладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.

Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба — я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае:

Зостаються дітки малі з жінкой молодою. Беруть коня осавули, товариство — зброю; Коня ведуть, зброю несуть, кінь голівку клонить, Молодая полковниха білі руки ломить.

Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.

— Н-так, — сказаў Ролік. — Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?

— Та-а, — засаромеўся Багдан, — я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін. I чаго гэта мяне сёння так разабрала — сам не ведаю.