Урэшце мы мінулі і Спас-на-Берастове і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:
— Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Усіхні. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у міліцыю заяўляй.
Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зеленню і блакітам, што праўда, досыць далёка і ад ракі, і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіцы. I ўсё гэта перасечанае глыбокімі, вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь «горад» быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок. Размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або «слупы», як зваў гэта месца Раланд.
— Людзей няма, — сказаў Дзмітрэнка. — Гэта добра. Толькі унь там, нешта ў палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.
Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў «абелісках», што тырчалі пасярод яго, там і сям былі відаць пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.
Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць-дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які — невядома як, на чым і нашто — вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі карэннямі, ён, хто яго ведае з чаго, смактаў сокі, каб выгнаць такі ствол, сукі, галіны і залатое лісце, што свяцілася дзіўнай пяшчотнасці блакітам. За імі былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.
— А што, як пясок папаўзе? — спытала Лізка,
— Дурнічка, — сказаў Ролік, — ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусціць. Гэтым купам травець і травець… Вось глядзіце, што я тут заначыў.
Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.
— Хлопцы, — сказаў я. — Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб трымаць тое, што над ім. Хоць на чвэрць хвіліны і тое…
— Глупства, — як з бочкі сказаў голас з пячоры.
Дзмітрэнка выпаўз адтуль і вывалак нешта вялікае, загорнутае ў нямецкі брызент. Разгарнуў.
— Н-на, — сказаў Багдан. — Як выславіўся б Жэнька: «вуаля».
На брызенце ляжалі нямецкі буйнакаліберны кулямёт і два «вінтары».
— Так бы мовіць дзевяноста першага дроб трыццатага, — сказаў Ролік і палез зноў.
На гэты раз з’явілася скрынка з вінтовачнымі патронамі, пляскатая нямецкая бляшанка для кулямётных стужак, нешта каля двух дзесяткаў нямецкіх гранат з блакітнымі галоўкамі і штук дзесяць нашых, рабрыстых, як ананас, «фенек».
— Н-нішто сабе, — сказаў я.
— Ну вось, — Ролік устаў з кукішак. — Цяпер трэба шукаць яшчэ. Спачатку тут, пасля там, на плато. Яны адтуль уцякалі… Ты, Нонка, ідзі унь туды і сачы, каб дарожнікі не ўбачылі. Унь на той узгорак. Ты, Багдан, шукай пакуль у канцы яра ды ўздымайся пасля на плато. Ты, Ліза, сюды не лезь, а там, над ярам, над плато, шукай ці нават проста пасядзі. Стамілася ж, бедная. Ты, Васілько, самы зіркаты, то ідзі аж за вусце яра, на той горб, і сачы там за дарогай, што ад горада ідзе. Глядзі, каб ніхто не палез цікаваць і асабліва каб тыя не падсачылі. Ім верыць нельга, у іх памяць каціная. У выпадку, калі прыйдуць, падкрадуцца — свішчы і з імі біся да апошняга, пакуль мы не прыхаваем ды да цябе не падбяжым.
— Чаго гэта я на шухары стаяць буду?
— Кажу ж табе, вочы найлепшыя. I партызанская прывычка ёсць, каб заўважаць усё. А тут, у самым яры, застануся я з Карлам ды Навумам.
Ён усё яшчэ стараўся, каб яны былі разам і пры ім. Усё баяўся выбуху старой варожасці, хаця хлопцы ўчора і паціснулі з такою шчырай сардэчнасцю адзін аднаму рукі.
XII
Я сядзеў на высокім узгорку. Часам суха шапацелі мёртвыя сцябліны палыну і мякка варушыўся малады шыза-зялёны палын. А я ўспамінаў арэнбургскія стэпы і тое, што гэты малады палын крыху схожы на лапкі кавуноў. Былі тут таксама ружова-бялёсыя кашэчыя лапкі, сінія зоркі цыкорыя. Была цішыня, прасякнутая пахам траў.
Нешта непамысна мне было на душы (ці, можа, гэта зараз мне так здаецца?). Занадта спакойныя былі і неба, і плынь Дняпра, што ўвабрала ўвесь ягоны блакіт. I ўспаміналася чамусьці, як Карл паскроб пальцам сценку яра і сказаў: