Выбрать главу

— Здароў, хлопцы, здароў, новенькі. А божа ж мой, белы які. Ну, белы які.

— Зноў ты тут, — з прыхаванай пагрозай сказаў Багдан. — Зноў вяжашся.

— I не да цябе. I зусім-зусім не да цябе. Мне унь на гэтага, пляменніка, зблізу паглядзець хочацца. А месца тут ты не купіў, не купіў, кажу.

Багдан цяжка ўздыхнуў. Хлопцы паціснулі плячамі, нібы пакарыліся лёсу. А яна села насупраць мяне, абхапіла падрапанымі рукамі падрапаныя каленкі і стала бессаромна разглядаць, схіляючы галаву то на адзін, то на другі бок. Засталася, відаць, збольшага задаволеная.

— Я Нонка Юніцкая.

Калі Ролік і Багдан гаварылі на гарадской украінскай, а Жэнька — на рускай мове, хаця і са значным украінскім акцэнтам, то ў гэтай была ўвогуле не мова, а чорт ведае што. Гэта быў той паўдзённы жаргон, на якім гамоняць вялікія чарнаморскія партовыя гарады. Я не маю ні сілы, ні ўмення, ні, шчыра кажучы, жадання перадаваць усе гэтыя тропы, ідыёмы, усю безліч жывых інтанацый. Ды гэта і немагчыма, таму што больш за словы гралі тут паўдзённыя жэсты, міміка, рухі ўсяго цела. Гэта было — жах як «па-малдаванску» і дзіўна, жах як прыгожа.

Дый тып яе, калі разабрацца, быў дзіўны. Тут табе і ўкраінская і малдаўская, а можа, і кропля цыганскай крыві (я пераканаўся ў гэтым, калі пазней убачыў, як яна танцавала).

— Гэты самы, замучыў ён цябе пытаннямі. — I з чыста дзявочай логікай адразу ж спытала: — Біцца ўмееш?

— Нонка, — пагрозліва ўзвысіў голас Раланд. — Глядзі-і. Хто тут атаман?

— Хе. Тэж мне, Раланд — атаманд.

— Цыц! — Ролік ліхаманкава стараўся ўтрымаць у руках свой скіпетр. — Тут я пытаю. Страляць, бегаць умееш?

— Угм.

— Плаваць?

— Збольшага.

— То ходзімо на Дніпро. — Ролік устаў, пакінуўшы, такім чынам, апошняе слова за сабой.

II

Мы ішлі вуліцамі пустога горада, і рэдкія прахожыя здзіўлена глядзелі на нас: цуд боскі, такая вялікая група падлеткаў. Мусіць, так, са здзіўленнем і лёгкім пабойваннем глядзелі мірныя жыхары Парыжа на вясёлых мушкецёраў, якія вярталіся з начной папойкі.

Усю гэтую мушкецёрскую баладу псавала толькі Нонка. Ніхто, вядома, і не падумаў узяць яе з сабою, але ніхто і не падумаў забараніць цягацца за намі. Гонару зашмат — звяртаць увагу на дзяўчо. I вось яна цягнулася за намі кроках у дзесяці і насвіствала нешта «старарэжымнае», накшталт: «Алёша, ша! Возьми полтоном ниже, к чему Одессу-маму вспоминать?»

Мяне заўсёды здзіўляла, адкуль Чарлі Чаплін узяў гэты матыў, каб на яго аснове стварыць музыку для сваіх «Агнёў вялікага горада»? Можа, ад нейкага п’янага марачка-адэсіта ў партовым шынку?

Мы не звярталі на Нонку ўвагі. Ролік усё яшчэ быў ва ўладзе сваіх цяжкіх думак:

— На фронт цяпер трапіць — і думаць няма чаго. Бацькі падымуць хай. Зловяць, адправяць назад пад цёплы радзінны дах. Гэта яны ўмеюць.

— То што?

— А вось, кажуць, банды ў Заходняй Украіне ходзяць. Вось уцячы б, ды ў «ястрабкі».

— Табе «ўцячы», а мне, відаць, так і так гэтым займацца давядзецца. У сябе. Там, — сказаў я.

— Дый тут не дужа ўцячэш, — уздыхнуў Дзмітрэнка. — Вернуць і адтуль, як з фронту.

— Так, — сказаў я, — абклалі, як мядзведзяў. Выхаду, бадай што, і няма.

— Чаму няма? — загадкава ўсміхнуўся Ролік. — Як пашукаць, то заўсёды яго знойдзеш, выхад.

I раптам кінуў:

— Варочай, хлопцы, на Уладзімірскую. Пройдзем паўз універсітэт. — I толькі тут «звярнуў увагу» на Нонку. — Чаго ты цягнешся? Чаго цягнешся, кажу?

— А я не за вамі, сокіл ты мій, — Нонка ўсміхнулася краёчкам рота, паказаўшы некалькі снежных зубоў. — Я гуляю. Вуліца не твая. Куды хачу — туды іду.

Багдан шумна ўздыхнуў:

— Такая ўрэдная, зараза. Вось спаймаю неяк.

Нонка, відаць, слухала. Таму што амаль адразу пачала нешта ціха мармытаць, прыстукваць падэшвамі сандаляў, а потым перайшла на лёгкую, вельмі спрытную чачотку.

Ох, яблучко, Ди Гапоні, — Дівки з нашого двора, Як півоні.

— Тожа мне півоня, — буркнуў Багдан. — Пустазелле ты. Піво-оня!

— Анягож!

— Ды кінь ты яе, хай хваліцца, — сказаў Жэнька.

Ох, яблучко, Ди з Гамерики, — Хлопці з нашого двора, Як вареники.

I растлумачыла:

— Такія тоўстыя, лянівыя, белыя, бы ў смятане.

— Ой, вушы надзяру, — сказаў Ролік.