Выбрать главу

Мы вылезлі — Нонка была па-ранейшаму метрах у трыццаці ад нас.

I тут здарылася тое, чаго я ні дагэтуль і ні пасля не дазваляў сабе. Стараўся, ва ўсякім разе, рабіць тое, што зрабіў тады, але не такімі метадамі.

На рагу бульвара і Крашчаціка — я яшчэ здалёк, носам, пачуў гэта — быў хлебны магазін. Цёплы, добры, самы прыемны на свеце пах гарачага, свежага хлеба ляцеў адтуль. Пахнула спелай нівай пад сонцам, млынам, калі з-пад жорнаў зграбаюць гусіным крылом у мяхі рэшткі мукі, боханамі, што астываюць пад ручнікамі — і так прыемна падлезці пад ручнік і адкалупнуць збоку шорсткую гарачую скарынку, якая драпае дзясны, або і адрэзаць скібку, пасаліць яе шэрай буйнай сырой соллю, што храбусціць на зубах. I з’есці.

Нам па картачках належала чатырыста грамаў хлеба на дзень. У правінцыі на карткі больш нічога не давалі, і гэтага было мала, дужа мала. I ўсё ж ніхто з гэтай прычыны не ныў. Ведалі: даць болей проста немагчыма, калі хочам дабіць гэтую ненавідную свалоту, давесці справу да сапраўднага канца.

Але тут здарылася тое, што абразіла нас, падлеткаў, да глыбіні душы. Дарослыя, праходзячы, усміхаліся або паціскалі плячамі, а мы стаялі, як саляныя слупы, уражаныя, пакрыўджаныя. 3 нас нібы насмяяліся, абняславілі, аганьбавалі. I, галоўнае, не толькі з нас, а і з усіх гэтых нясытых людзей, якія мужна, аддана рабілі сваю справу і не скардзіліся.

Не ведаю, ці дурань быў дырэктар, ці начальства ў яго было дурное. Але паабапал дзвярэй віселі дзве вялізныя рэкламы на шкле. На абедзвюх былі тоўстыя румяныя пекары ў белых халатах і каўпаках.

Яны прытанцоўвалі, і раты іхнія былі расцягнуты ў ідыёцкай усмешцы, а на расстаўленых пальцах правай рукі яны неслі падносы з пляцёнкамі — халамі, рагалікамі, плюшкамі, франзолямі, батонамі і іншым такім. А пад пекарамі было напісана такое:

«Качество хал выше похвал»

I яшчэ:

«Пополнеть скорее чтобы, надо есть побольше сдобы»

— Т-так.

Я зірнуў на Роліка і ўбачыў, што ў таго дрыжаць ноздры.

— С-свалота.

У руцэ ягонай я заўважыў досыць вялікі ўламак цагліны. I тады я, сам не ведаючы нашто, нахіліўся і падабраў другі.

— Ты ў левую, — праз зубы сказаў Дзмітрэнка.

…Дзынкнула, пасыпалася на тратуар шкло. Сівы мужчына на пратэзе кінуў погляд у наш бок і ўбачыў, як мы схаваліся ў бліжнім пад’ездзе.

3 дзвярэй магазіна выбег дзядзька, падобны на «нябожчычкаў»-пекараў. Кінуўся да сівога, нешта загаварыў, зажэстыкуляваў.

— Выдасць зараз, — сказаў Жэнька. — Цікаемо, хлопцы.

I тут чалавек… паказаў рукою на праспект і павёў ёю направа. «Пекар» кінуўся туды, а дзядзька накіраваўся проста да нашага сховішча. Дыбаў, як жораў. Стаў, углядаючыся ў паўцемру:

— Гэй, шалапуты, вісусы, вылазь!

— А што мы? — забубнеў Багдан.

— Канчай, — сказаў Ролік, — мы, мы. Ясна, што мы.

I выйшаў на святло.

Сівы доўга разглядаў яго, нават узяў за патыліцу, закінуў галаву і паглядзеў у вочы. Потым пасварыўся пальцам і раптам… усміхнуўся:

— Ну што, наваявалі? Майно дзяржаўнае пабілі, бандзюкі.

Закурыў:

— А ўвогуле нішто. Гэта ж столькі людзей хадзіла, і ніхто каменем па гэтай брыдзе не трахнуў… Толькі, хлопцы, гэта ўсё ж не метад: каменем. Словам трэба, дзеяннем дурасць біць. Маладыя вы, нецярплівыя. А можа, і… Ну, бяжыце сабе.

Мы пабеглі. I толькі калі ўскочылі ў руіны, зразумелі, што магло з намі здарыцца.

Так-сяк адсапліся.

— А ты… малайчына, — буркнуў Багдан.

— А я ж казаў, хлопцы, што рашучы, — загарэўся Жэнька. — Чаго б ён да нас на адхон лез? Маглі ж бы і карак натаўчы ўтрох. А камень як схапіў!..

— Камень я схапіў па дурасці. Гэта не работа. А ты з чаго так азвярэў, Раланд?

I пашкадаваў, што задаў пытанне. Вочы новага сябра, у першы і ў апошні раз, што я яго ведаў, чорныя, бліскучыя вочы былі каламутна-шызыя ад ярасці. Нібы плеўка засцілала іх, нібы дымка. Такая, якая бывае на чорным вінаградзе.

— Хлусню ненавіджу, — выціснуў ён. — Калі брэшуць — ненавіджу.

— А яшчэ чаго ты ненавідзіш? — іранічна спытаў Багдан.

— Несправядлівасць ненавіджу, — хлопца нібы крыху адпусціла, і нечакана ён усміхнуўся ранейшай добрай, белазубай усмешкай. — Хопіць ужо. Занадта хлеб добра пахнуў. I людзі ідуць і глядзяць. Не, хлопцы, гэта мы добра зрабілі. А і сапраўды, пад’есці б чаго.

— Съешьте эти тартинки, мистер Дмитренко, — сказаў Кульба. — И выпейте стакан этого доброго старого кларета. Это подкрепит ваши силы.

Мы зарагаталі.

— Кларэт — кларэтам, а падмацавацца б трэба, — сказаў Багдан.

— Стоп! — узняў руку Ролік. — У руіны, хлопцы.