Выбрать главу

Праз нейкую хвіліну мы сядзелі ў былым «двары» разнесенага ўдруз дома. Двор увесь зарос вялізнымі, у паўтара чалавечых роста лопухамі, якія даўно пайшлі ў ствол. На вяршынях ствалоў вожыкамі прымасціліся дзяды, якія так зручна ляпіць знаёмым у спіны, здаравенныя дзяды, зялёныя, з малінавымі шапачкамі.

Мы лупілі гэтыя ствалы з самага нізу, здзіралі з іх скуру і агалялі белую пругкую мякаць.

— Гэх, солі б, — уздыхнуў Жэнька. — Каб яшчэ соль, дык гэта ўвогуле было б поэзі. Наслаждзец суцэльны.

Ролік выцягнуў з-пад сто разоў мытай футболкі бруднаваты вузлік:

— Знойдзем і соль.

Праз хвіліну мы мачалі лопухавыя сцябліны ў буйную соль і апляталі так, што за вушамі пішчала.

— Эх, каб гэта яшчэ хлеба, — уздыхнуў Багдан.

— Распанеў, — пырснуў Жэнька, — а мо вашамосць з’ела б труфеляў з анчоўсамі?

— Ну вось, — сказаў урэшце Ролік. — А цяпер дэсерт. Той, што за гумном.

Вылезлі мы з руінаў толькі тады, калі напалову абдзерлі шаўковіцу, якая расла тут жа, у закутку між муроў, што зберагліся нейкім дзівам. Раты ў нас былі чорныя, але прынамсі хаця не так смактала ў жываце.

— Набарабаніліся, — залупіўшы футболку і ляскаючы сябе па загарэлым пузе, сказаў Ролік. — Ну, цяпер і ў дарогу можна. I ведаеце, якую мы яшчэ даброту атрымалі? Га?

— Нонкі няма! — з захапленнем гікнуў Жэнька.

— То ж бо! Як да камянёў, так іхняга племя з сабакамі не знойдзеш.

Мы падышлі да трамвайных рэек. Пасярэдзіне Крашчаціка была ачышчана вузкая палоска дарогі, амаль сцежка. I на рэйках стаяў куртаты трамвайчык, «запрэжаны» ў платформу. Платформа была загружана бітай цэглай, брыламі гэтай самай цэглы і ўламкамі бетону, з якога змеямі тырчала ржавая пакручаная арматура,

— Хлопцы, — сказаў Дзмітрэнка. — Як толькі зазвоніць — чапляйся. Чаго нам аж да плошчы Калініна пешшу тупаць.

…Трамвай крануў з месца. I паплылі, паплылі, паплылі перад намі віды, адзін жахлівей за другі.

Дамы, падобныя да выветраных скалаў у пустэльні, страшныя, немыя, як пачварныя старажытныя замкі. Бетонныя брылы хістаюцца на арматуры, ледзь наляціць вецер. Патокі друзу, жвіру і пяску сплываюць між іх. Дамы, разбітыя ўшчэнт, і дамы, разрэзаныя, як пірог, і таму яшчэ больш страшныя, з рэшткамі шпалераў на сценах, з перакінутым, разбітым раялем. Дамы, яшчэ зусім нядаўна жывыя і цёплыя, а цяпер — мёртвыя шкілеты былога дабрабыту, радасці, любові да дзяцей.

Мы маўчалі. Нам было кепска, як ніколі.

— А кандзіцерскую на тым рагу памятаеш? — спытаў Жэнька. — Дзве трубачкі і вады з сіропам колькі хочаш: і апельсінавай, і яблычнай, і…

— Змоўч, — глухім голасам сказаў Ролік. — Тут жыць болей немагчыма. Не таму, што немагчыма, а… з сораму потым здохнеш, вось што. I калі сорам гэты ў нас яшчэ не зусім прапаў, то чым хутчэй мы задуманае зробім — тым лепей. Біць за гэта трэба, аж пакуль жоўцю рыгаць не пачнуць.

Памаўчаў.

— Наконт шаўковіцы. Трэба і яе набраць і насушыць у запас. На лопухах не выедзеш. У лаўры, ля падземнага хода, яе — гай! Дарослыя, так званыя, туды не лазяць. А мужыкоў нашага ўзросту там, відаць, чорт ма! На даху сушыць будзем.

— Нішто прыдумка, — буркнуў Багдан.

Платформа раптам спынілася, і не паспелі мы спахапіцца, як над яе краем з’явілася, нібы выплыла поўня, круглае чырвонае аблічча з рудымі запарожскімі вусамі.

— Т-та-ак, — сказала поўня. — А я вязу дый думаю — а хто гэта ў мяне, а што гэта за вераб’і на платформе цывікаюць? Аж гэта паны Ракфелеры надыбалі ўласны трамвай. Міла. Ну, і куды паедзем? На звалку, куды я гэты друз адводжу? Або проста ў КПЗ?

Мы злезлі з платформы і пачалі перамінацца з нагі на нагу.

— Гм. Чаго вы топчацеся? Чаго? Вы што, мядзведзі ў клетцы? Я ж чалавечай мовай кажу: надыбалі трамвай, то куды везці?

Першы акрыяў Жэнька. Ступіў шаг наперад і гжэчна пакланіўся:

— Прабачце, мілорд. Але не біць жа нам пяты па такім дрэнным бруку? Ну, мы і скарысталіся з гэтай карэты, якая дзяржаўная, а значыць, і наша. Аб чым крык? Калі справа ў аплаце, то атрымаеце па чэку ў банку Ракфелераў. Маім банку.

Важаты літаральна анямеў ад гэткага нахабства.

— Вы… Вы… Акыш!

— Якое, аднак, дзікунства цэй украінскі народ, — сказаў Ролік. — Ач, він навіть нэ знае, що такэ чэк.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але тут з-за брылы скочыла даўганогая запыленая істота, крутнулася пад рукамі важатага, прабегла паўз нас і спынілася на бяспечнай адлегласці.

— Божа, — толькі і сказалі ў адзін голас важаты і Ролік. — Божа!

— Што ж, вы думаеце, я не ведала, як вы дабірацімецеся? — хіхікнула Нонка. — Раз на Дніпро, то іншай дарогі вам няма.