Як пясняр i абаронца народа Сыракомля не мог без сарказму i гневу гаварыць пра яго прыгнятальнікаў. Каб пераканацца ў гэтым, даволі перачытаць такія творы паэта, як «Ілюмінацыя», «Вызваленне сялян», «Лялька», «Нядзеля», «Эпітафія землеўласніку» i г. д. Свае адносіны да паноў вельмі выразна выказаў Ул. Сыракомля i ў вершы «Вясковы музыка», прысвечаным С. Манюшку. Стары музыка раіць маладому кінуць свой «марны» занятак, бо ва «ўбогай вёсцы» яму не шмат заплацяць: «Тут рэдка абсеўкі, дажынкі, вяселлі, тут хлеба не вельмі, гулянак не вельмі». Малады падае думку, што трэба кінуць вёску, «дзе жывуць небаракі», i адправіцца са скрыпкай туды, «дзе багатыя людзі». «О дзіця! — адказвае на гэта стары, — ...лепш знямець ca сваімі песнямі, чым стукаць у дзверы багатых... Нічым не кранеш ix, бо ў душы ix — холад, слухаюць яны з пагардай на твары». Усё гэта, вядома, не магло не раздражняць закаранелых прыгоннікаў. Так, клерыкальны «Przegląd Poznański» адкрыта нападаў на творы Ул. Сыракомлі якраз за тое, што ў ix ён убачыў «выбух... нястрыманага i ніяк не зразумелага нам гневу супроць паноў i князёў...» Ф. Беляк у заўвагах да выбранага Ул. Сыракомлі прыводзіць таксама яскравы ўрывак з верша Ф. Вэнжыка, які абвінавачваў вясковага лірніка ў тым, што ён «бэсціць» у асобных творах «польскую шляхту».
Супрацьпастаўляючы высокія маральныя якасці беларускага селяніна маральнай разбэшчанасці, фанабэрыі i ганарлівасці шляхты, Ул. Сыракомля смела выкрываў міф аб яе выключнасці, аб яе праве гаспадарыць над мужыком. Вельмі яскрава выказана гэта ў знойдзеным мною першапачатковым варыянце кнігі Ул. Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых аколіцах», які захаваўся ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР. Разважаючы пра старажытнасць беларускіх вёсак, Ул. Сыракомля пісаў (гэты ўрывак выкраслены рукой цэнзара): «I не адно мужыцкае імя добра было вядома праз вякі ў сваёй ваколіцы, пакуль не з'явіліся імёны i гербы мажнаўладцаў. Калі б народ наш лепей помніў мінулае, калі б разумеў ідэі так званай гістарычнай арыстакратыі — як бы ён пасмяяўся з нашай пыхі, з таго, што мы ганарымся старажытным, трыста гадоў назад атрыманым гербам, ён, што тысячы год налічвае ў сваёй генеалогіі... Наш селянін не піша i не чытае гісторыі, але, верачы ў якое-небудзь сваё мясцовае паданне, з пагардай паглядае на шляхецкую расу, інстынктыўна адчуваючы, што мы — прыхадні адкульсьці, а ён — тутэйшы жыхар i гаспадар тутэйшай зямлі».
Якраз дзеля таго, каб беларускі народ успомніў сваё мінулае i тым самым усвядоміў, што ён «гаспадар тутэйшай зямлі», Ул. Сыракомля i ўзяўся падымаць з забыцця гэта мінулае, звярнуўшыся да гісторыі, да цікавай i самабытнай культуры беларускага народа. Гісторыі Беларусі быў прысвечаны ўжо самы першы твор Ул. Сыракомлі, які прызначаўся для друку, — вялікая i даволі грунтоўная нататка пра мінулае Нясвіжа, апублікаваная ў «Старажытнай Польшчы» М. Балінскага за 1846 год. Дарэчы, у арыгінале нататкі, які захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літоўскай ССР (аддзел рукапісаў, ф. 81—36, арк. 10-13), астаўся неапублікаваны дадатак — апісанне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка, якое i цяпер мае цікавасць для даследчыкаў нашай культуры. Гісторыі беларускіх мястэчак (Нясвіжа, Стаўбцоў, Койданава, Міра), быту беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт i сваю кнігу «Вандроўкі па маіх былых аколіцах» (1853); пра вёскі i мястэчкі беларускага Прынёмання расказвае Ул. Сыракомля ў кнізе «Неман ад вытокаў да вусця» (1861). Вялікую цікавасць мае аб'ёмістая манаграфія Ул. Сыракомлі «Мінск», якая друкавалася ў двух нумарах часопіса «Teka Wileńska» (1857). У гэтай працы аўтар грунтоўна раскрыў гісторыю Мінска, якая прасочваецца па фоне ўсёй гісторыі Беларусі, расказаў пра быт i заняткі сучасных яму мінчан, а таксама на аснове фальклору беларусаў імкнуўся паказаць старажытную культуру «крывічан». Прытым, аўтар асабліва засяроджвае ўвагу на тых фактах з гісторыі Беларусі, якія найбольш красамоўна расказваюць пра яе славу, якія самі па сабе маглі ўздымаць нацыянальны дух беларусаў. Так, значнае месца адводзіць Ул. Сыракомля разгляду «Слова аб палку Ігаравым», якое, паводле яго меркавання, напісана «на царкоўнабеларускай мове», напісана мінчанінам, з прычыны чаго Мінск павінен карыстацца славаю горада «старажытнай паэзіі, мясцовай песні, на той самай мове, на якой спявае свае песні наш народ у час жніва». Шмат каштоўнага матэрыялу па гісторыі i культуры Беларусі можна знайсці i ў дарожных нарысах Ул. Сыракомлі «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. I — 1857, т. II — 1860). Пра гістарычнае мінулае Ашмян, Смаргоні, багушэвічаўскіх Жупран, пра быт насельніцтва гэтых аколіц шмат цікавага расказана паэтам у дарожным дзённіку, які ён вёў, едучы ў 1856 годзе праз Беларусь у Варшаву. Гэты дзённік трапіўся мне ў рукі пры азнаямленні з матэрыяламі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры i мастацтва Літоўскай ССР. Раскрыццю быту падвіленскіх беларусаў, ix вуснапаэтычнай творчасці прысвячае паэт шматлікія артыкулы ў «Віленскім весніку», у раздзеле «Мясцовы агляд», які вёў паэт будучы штатным супрацоўнікам газеты. Ёсць у Сыракомлі асобныя артыкулы пра Валожын, пра Нясвіжскі замак, пра ахову гістарычных помнікаў Беларусі. Захаваліся ў рукапісе накіды артыкула пра Маладзечна, дзе паэт меркаваў паказаць усю гісторыю горада, пачынаючы з далёкай старажытнасці.