Выбрать главу

Робячы разгляд беларускіх твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ул. Сыракомля заклікаў яго «выключна (слова «выключна» ён падкрэслівае. — К. П.) прысвяціць сябе» творчасці на беларускай мове. Падкрэсліваючы тую вялікую ролю, якая выпала на долю В. Дуніна-Марцінкевіча як беларускага паэта, Ул. Сыракомля ў рэцэнзіі на яго кнігу «Цікавішся? Прачытай!» зноў даводзіць, што «народная, русінская паэзія — вось арэна п. Марцінкевіча, няхай жа ён выступае на ёй як сапраўдны гладыятар».

Цяжка пераацаніць значэнне гэтых публіцыстычных выступленняў Ул. Сыракомлі для развіцця беларускай літаратуры. Яе парасткі патрабавалі тады асаблівай, павышанай увагі i падтрымкі, бо ўзышлі на вельмі неспрыяльнай глебе — у атмасферы варожасці пануючых класаў да беларускага народа i яго культуры. Гэтую ўвагу i падтрымку маладая беларуская літаратура i атрымала ад Уладзіслава Сыракомлі, імя якога было ў той час аўтарытэтнае. I трэба поўнасцю згадзіцца са сцверджаннем А. Лойкі i Н. Перкіна, што без гэтай падтрымкі «перш за ўсё» з боку Сыракомлі «Дунін-Марцінкевіч, магчыма, не стаў бы тым, чым ён стаў для беларускай літаратуры». Нездарма беларускія паэты заўсёды шукалі ў Ул. Сыракомлі дапамогі, пісалі яму, як чалавеку, які робіць агульную з імі справу. Пра гэта яшчэ раз сведчаць тыя пісьмы В. Дуніна-Марцінкевіча i А. Вярыгі-Дарэўскага, якія асталіся пасля смерці (1969 г.) унучкі паэта — Былінскай.

Вядома, з усяго гэтага ўзнікае вельмі лагічнае пытанне: як жа так сталася, што Ул. Сыракомля, які гэтак горача вітаў кожны літаратурны твор беларускай мовы, клапаціўся аб удасканаленні беларускай літаратурнай мовы, аб яе чысціні, які быў не простай «зоркай», а якраз «сонцам» беларускага адраджэння, пісаў свае творы ўсё ж на польскай мове?

Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна звярнуцца да гісторыі. Як вядома, Беларусь, якая апынулася яшчэ ў XVII стагоддзі над пратэктаратам Польшчы, больш за дзвесце гадоў цярпела жорсткі нацыянальны прыгнет. Беларуская мова, якая раней была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім, паступова выцяснялася з літаратуры польскай мовай. Нават пасля ўз'яднання з Расіяй у канцы XIX стагоддзя польская мова яшчэ доўгі час лічылася афіцыйнай на беларускіх землях. «Усё, што думае аб грамадскіх справах, — пісаў пра гэты час З. Серакоўскі, — усё, што піша i чытае ў Заходнім краі, — усё гэта цадкам польскае». I таму пісьменнік, які хацеў нешта сказаць адукаванаму грамадству, вымушаны быў пісаць на польскай мове. А Ул. Сыракомля якраз i імкнуўся, як прызнаваўся сам, уздзейнічаць сваімі творамі на грамадскую думку. Перад сабой ён паставіў адну вялікую задачу — паказаць антычалавечую сутнасць прыгоннага права, пераканаць грамадства ў яго амаральнасці, у тым, што i мужык — чалавек, што ён павінен карыстацца ўсімі чалавечымі правамi, у тым ліку ствараць літаратуру на роднай мове. Якраз у гэтым —асноўны пафас усёй творчасці Ул. Сыракомлі. Паэт верыў, што вызваленне сялян можа адбыцца «зверху», па волі саміх памешчыкаў i цара. Таму i адрасавана яго творчасць пераважна шляхце, якую крытыкаваў паэт. А каб гэтая шляхта, ад якой залежала, на яго думку, вызваленне сялян, зразумела паэта, каб яго слова трапіла ў цэль, трэба было гаварыць з ёю на яе мове, г. зн. па-польску. Пісалі па-польску i сучаснікі Ул. Сыракомлі — В. Дунін-Марцінкевіч i A. Вярыга-Дарэўскі. Па-беларуску яны пісалі тады, калі звярталіся непасрэдна да селяніна, імкнучыся, як сцвярджаў В. Дунін-Марцінкевіч у пісьме да Ю. Крашэўскага, «заахвоціць яго якім-небудзь чынам да асветы i направіць маральна». Гэтае высакароднае імкненне беларускіх паэтаў да асветы роднага народа, як адзначалася, усімі сіламі падтрымліваў Ул. Сыракомля. Разам з тым ён лічыў, што без поўнага сацыяльнага разняволення беларускага народа не можа быць сапраўднага развіцця беларускай культуры, літаратуры. За гэтае сацыяльнае вызваленне i змагаўся ў першую чаргу Ул. Сыракомля.