Літаратурная праца для Сыракомлі, як відаць з біяграфіі, была галоўным сродкам існавання. Праца на панскіх фальварках (спачатку — Залуча, а потым— Барэйкаўшчына), якія арандаваў паэт, давала мала, на што неаднаразова скардзіўся сам паэт. Каб пракарміць вялікую сям'ю, беднаму арандатару даводзілася вельмі многа пісаць, за што не раз папракала яго крытыка. Паэт прызнаваў: «Папрокі варшаўскіх газетчыкаў аб тым, што працую я паспешліва i шмат друкуюся, у значнай ступені справядлівыя, але маё становішча, святы абавязак па ўтрыманні трох дамоў сваёй радні прымушаюць мяне спяшацца». Пісаць на беларускай мове, якая была ў той час, як вядома, пад забаронай, азначала б для Ул. Сыракомлі пакінуць тыя дваццаць з лішнім «галодных губ», якія штодзённа чакалі «вынікаў яго пяра», без кавалка хлеба, пусціць сям'ю па свеце з жабрачай торбай. Гэта была ў той час вялікая «раскоша» — пісаць на беларускай мове. Але чаму ж тады, можа ўзнікнуць пытанне, гэтую «раскошу» дазволілі сабе сябры i землякі Ул. Сыракомлі, яго аднадумцы В. Дунін-Марцінкевіч i A. Вярыга-Дарэўскі? Справа ў тым, што як В. Дунін-Марцінкевіч, так i A. Вярыга-Дарэўскі пачалі пісаць толькі пасля таго, як сталі больш ці мепш матэрыяльна незалежныя. Ул. Сыракомля да канца жыцця так i пе «ўзбіўся» на свой кавалак зямлі.
Нягледзячы на ўсе гэтыя вельмі слушныя прычыны, Ул. Сыракомля ўсё ж не мог не пісаць i па-беларуску. На жаль, да нас дайшла толькі мізэрная частка беларускай спадчыны вясковага лірніка — вершы «Добрыя весці» i «Ужо птушкі пяюць усюды...». Але ў сапраўднасці беларускіх вершаў было значна больш. «Калі да нас дайшло так мала беларускіх вершаў Кандратовіча, — слушна заўважае ва ўступе да зборніка паэта польскі літаратуразнаўца, даследчык творчасці Ул. Сыракомлі Ф. Беляк, — то вінаваты ў гэтым у пэўнай меры ваенныя падзеі, але, бясспрэчна, што многія з ix кружылі ў рукапісах. Як вядома, i польскія творы, напрыклад, «На вызваленне сялян», «Авідзій на Палессі», «Сахар-мароз», хадзілі толькі ў рукапісах. А справа з беларускім пісьменствам была яшчэ горш, нават не было дазволена друкаваць перакладу «Пана Тадэвуша». Заканспіраваныя беларускія тэксты Кандратовіча жылі, але ва ўмовах тайнай прэсы, што нам сёння вельмі перашкаджае па-сапраўднаму ацаніць гэтую надзвычай няпоўную творчасць паэта». Беларускімі вершамі Ул. Сыракомля заклікаў народ сілай дабівацца сваіх правоў. Нездарма абодва беларускія вершы вясковага лірніка былі напісаны ў часы найбольшага ўздыму пароднага руху: першы, «Добрыя весці», у 1848 годзе, — у перыяд «Вясны народаў»; другі, «Ужо птушкі пяюць усюды», — у 1861 годзе, — напярэдадні студзеньскага паўстання. Верш «Добрыя весці», за распаўсюджванне якога ў час паўстання 1863 года ссылалі ў Сібір, паказвае нам, як сцвярджае Ф. Беляк, «іншае аблічча паэта, найбольш рэвалюцыйнае».
Акрамя вершаў рэвалюцыйнага зместу, у Сыракомлі было яшчэ нямала беларускіх твораў больш «памяркоўных». Якраз ix ён хацеў выдаць разам з беларускімі вершамі В. Каратынскага асобным зборнікам, бо аб выданні такіх вершаў, як «Добрыя весці» i «Ужо птушкі пяюць усюды...», накіраваных супроць «цароў-паганцаў», не магло быць i гаворкі. Паводле сведчання А. Кіркора, многія з тых беларускіх вершаў Сыракомлі сталі народнымі песнямі, i ix «спяваюць усюды». Спрабаваў Сыракомля пісаць i лібрэта беларускай оперы для кампазітара Лапатынскага, але на шляху да ажыццяўлення гэтай задумы стаялі неадольныя перашкоды.
Уладзіслаў Сыракомля шырока адчыняў дзверы беларускай моўнай стыхіі ў сваіх польскіх творах, за што вельмі часта крытыкаваўся ў польскім друку. Так, крытык С. Лісоўскі, даючы высокую ацэнку кнізе перакладаў Ул. Сыракомлі з лацінскіх паэтаў, агаворваўся: «Праўда, сустракаюцца i недахопы, але яны, як відаць, з'явіліся вынікам паспешлівасці выпадкова. Дзіўна, напрыклад, гучыць для нас выраз на стар. 27: «Не заўсёды квеценню красуюць у агародзе», бо мы не разумеем, што азначае «красуюць», так, як не разумеем, што такое «сумёты»... i г. д. Гэта, праўда, дробязі, але бачыць ix нам непажадана. Нашто ж гэтыя правінцыялізмы, калі яны не для ўсіх зразумелыя». Без тлумачэнняў гэтых «правінцыялізмаў», a правільней — беларускіх слоў i выразаў, не абыходзіцца сёння ніводнае выданне твораў Сыракомлі — інакш паэт проста не быў бы зразумелы польскаму чытачу. Ф. Беляк, напрыклад, у складзенай ім кнізе выбраных твораў Ул. Сыракомлі дае вельмі шмат тлумачэнняў «правінцыялізмаў, частых у Сыракомлі». Так, ужо ў першай гутарцы паэта «Паштальён», што стала папулярнай рускай народнай песняй («Ямщик»), укладальніку давялося растлумачыць такія «правінцыялізмы», як «люлька», «сумёт», «чмыхнуць», «пісар», выраз «што табе так баліць» i нават самую назву «паштальён». Яшчэ больш было беларусізмаў у рукапісах Сыракомлі, але пры друкаванні занадта старанныя рэдактары імкнуліся «падгладзіць», «падшліфаваць» мову паэта. Не пазбегнуў гэтага i найбольш сумленны з ix — складальнік дзесяцітомніка Сыракомлі выдання 1872 года, з якога вось ужо 100 год перадрукоўваюцца творы паэта, В. Каратынскі. «Каратынскі, — заўважае В. Кубацкі, — знішчае ўсялякія рэгіянальныя рысы Сыракомлі — дыялектызмы, правінцыялізмы i «перыферыйныя архаізмы», гвалтоўна падцягваючы крэсавага паэта да агульнапольскай, варшаўскай літаратурнай нормы». Вядомы польскі мовазнаўца Ю. Трыпуцька, аналізуючы мову Сыракомлі, выявіў, як ён сам сцвярджае, «цэлы шэраг фанетычных, словатворных, сінтаксічпых i лексічных асаблівасцяў, якія можна растлумачыць толькі i выключна крэсавым паходжаннем паэта. Часам ён выкарыстоўваў ix свядома як стылістычпыя сродкі... найчасцей, аднак, рабіў гэта несвядома, бо былі яны, так сказаць, у яго ў крыві, бо яны складалі неад'емную частку яго ўласнай гаворкі i мыслення...» Заканчваючы сваю грунтоўную двухтамовую працу пра мову Уладзіслава Сыракомлі, Ю. Трыпуцька прыходзіць да вываду, што «ні ў аднаго яшчэ польскага пісьменніка не ўдалося выявіць такой вялікай колькасці беларускага элемента, як у яго. У адрозненне ад іншых іншаземных слоў i выразаў, гэты элемент ахоплівае ўсе часткі граматыкі i амаль усюды глыбока пусціў карэнне».