— Ешце, ешце, я яшчэ прынясу... Малака ў мяне хапае — адна ж...
Мы пацікавіліся, а дзе ж жывуць i працуюць яе дзеці.
Жанчына, адразу спахмурнеўшы, адказала, што дзяцей у яе не было. Яна проста не выходзіла замуж. Увесь век адна.
— Вы ж ведаеце, як пры панах жылося. Адно гора. У маёй мамы было нас дзевяцера... У хаце — вечныя няхваткі. Пасватаўся да мяне адзін хлопец. Харошы такі, праўда — маўчун. Але не аддалі мяне за яго. Не было грошай на пасаг. Можна было б прадаць каня, але што гэта за гаспадарка без каня? Чухаў, чухаў бацька патыліцу i нічога не прыдумаў. Рукі мае, да таго ж, таксама патрэбны былі ў гаспадарцы. Так i асталася ў дзеўках. Малодшыя сестры пападрасталі, замуж павыходзілі — мы ўжо трохі сталі на ногі тады. А мяне ўжо ніхто не браў — перарасла... Цяпер жывецца унь як добра, каб гэта, кажацца, тады так. I карову дзяржу, пакуль магу, i свіней...
Мы даўгавата-такі пасядзелі ў хаце. Пэўна, пабылі б яшчэ, але пацямнела ад хмары, недзе заварочаліся грымоты.
Калі мы, падзякаваўшы, усталі, каб ісці, вочы жанчыны адразу неяк згаслі.
— А можа б, пабылі яшчэ трохі, — сказала яна ціхім, няўпэўненым голасам.
Мы растлумачылі ёй, што хутка павінен падысці аўтобус; калі пачнецца дождж, нельга будзе ісці, a гэта ж апошні рэйс да Навагрудка.
Мы пайшлі. Жанчына прыцішана стаяла ў дзвярах i моўчкі глядзела нам уелед.
Свае «вандроўкі» я закончыў у старажытным горадзе Рагнеды i Ізяслава — Заслаўі, у якім таксама бываў i пра які пісаў Сыракомля.
Тут, у ваколіцах Заслаўя, паэт меў нават намер назаўсёды пасяліцца з сям'ёіо. Ён прыязджаў ужо сюды купляць зямлю.
Было гэта за які год перад выездам у Вільню з залучанскай сядзібы. Якраз тады Сыракомля песціў мару аб набыцці ўласнай зямлі. Штурхала яго к гэтаму вельмі незайздроснае становішча арандатара. Арэнда амаль нічога не давала немалой ужо сям'і паэта. З мізэрных прыбыткаў ад яе часам нельга было нават пагасіць пану арэндную плату. Звычайна ў такім становішчы арандатары павялічвалі падаткі сялян, выціскаючы з ix усё, што толькі было можна. Сыракомля ж, будучы не толькі на словах, але i на справе перакананым дэмакратам, пайсці на гэта не мог. Каб звесці канцы з канцамі, ён карпеў над перакладамі з лацінскай мовы розных гістарычных прац, падрываючы сваё здароўе. Усё гэта перашкаджала яму займацца сваёй любімай справай — мастацкай творчасцю. Толькі свая зямля магла б даць яму такую мажлівасць. Прытым, уласная зямля вызваліла б паэта ад прыкрай неабходнасці быць, хоць i не паўнапраўным, гаспадаром прыгонных сялян — «братоў у сярмязе».
Паэт так марыў аб уласным кутку на зямлі, што нават пісьмо да рэдактара газеты «Віленскі веснік» А. Адынца з просьбай змясціць аб'яву аб куплі зямлі напісаў у форме верша. У ім Сыракомля гаворыць, што памешчыкі вясной мараць аб набыцці новых капіталаў, мараць сваім золатам закабаліць як мага болей людзей. Яму ж, паэту, не трэба многа грошай, да якіх ён адносіцца «з пагардай», не трэба вялікіх надзелаў. Ён шчыра прызнаецца:
Між тым, працягвае паэт, пан патрабуе хутчэйшай выплаты за арэнду, бо інакш зусім выганіць з яе, a ляснічы пагражае, што «на камінак дрэва не дасць мне». Таму Сыракомля просіць сябра-рэдактара, каб ён змясціў у сваёй газеце аб'яву пра тое, што адзін сціплы паэт «хоча купіць зямлі з чатыры валокі»,
Нягледзячы на гэта, усё ж газета не дапамагла Сыракомлю.
Аднойчы паэт, завітаўшы да сваіх сяброў у Мінск, пачуў аб продажы ў яго ваколіцах зямлі. Ён праз колькі часу сеў у вазок i рашуча пакаціў да прадаўца.