Выбрать главу

Бібліятэкарка, маладая чарнявая дзяўчына Ванда Даугевічутэ, сустрэла мяне ветліва. Даведаўшыся, хто я i чаго сюды прыехаў, яна спачатку паказала мне бібліятэку. Бібліятэка небагатая — што ж, людзей тут няшмат: летась з-за адсутнасці патрэбнай колькасці вучняў — галоўных яе чытачоў — нават была зачынена школа. Мне было цікава даведацца, што ёсць у бібліятэцы з беларускіх аўтараў. Аднак я ўбачыў тут толькі імя Уладзіміра Караткевіча, якога нейкімі невядомымі вятрамі занеслі сюды яго «Чырвоныя ветразi». Потым дзяўчына раеказала мне ўсё, што датычылася Ул. Сыракомлі. Аказваецца, школа — гэта якраз i ёсць хата самога паэта. Вядома, яна не раз рамантавалася, але ў цэлым засталася такой, як была. Ванда павяла мяне ў пакойчык, дзе былі выстаўлены экспанаты музея. У гэтым пакойчыку якраз i працаваў паэт — тут быў яго кабінет. З акна сапраўды адкрывалася поле i вясковыя хаты — значыць, мара Сыракомлі пра тое, каб ён мог «бачыць з вакна небасхілы, вясковыя стрэхі», хоць i часткова, але збылася. У пакойчыку паэта я ўбачыў яго фотаздымкі, кнігі, рукапісы. Але больш за ўсё зацікавіў мяне сонечны гадзіннік Сыракомлі — гладка выпаліраваны камень з цыферблатам, стрэлкамі якога былі праменні сонца.

Потым Ванда павяла мяне паказваць двор. Не вельмі далека ад хаты, сярод жыта, відаць былі рэшткі зруба старога калодзежа. З яго, расказваюць, брала ваду Сыракомлева сям'я. У вянку дрэў хаваўся арыгінальны стол, зроблены з жорнавага кола. За гэтым сталом, шукаючы адзіноты i цішыні, Сыракомля напісаў нямала ўзнёслых строф сваёй паэзіі.

Але галоўнае, што мне хацелася ў Барэйкаўшчыне, — гэта пазнаёміцца з людзьмі, пагутарыць з імі, пачуць расказы, паданні i асабліва мову аднавяскоўцаў паэта.

Ванда завяла мяне ў адну з бліжэйшых хат, да васьмідзесяцігадовага Баляслава Антонавіча Раманоўскага. Высокі хударлявы стары, пакашліваючы, з ахвотай расказваў пра сваё жыццё, пра сваю вёску. Старога дапаўняла, падсеўшы да стала, за якім мы сядзелі, яго дачка Уладзіслава, рухавая i гаваркая жанчына, работніца саўгаса «Рукойны». Жывуць тут яны здаўна. Ix дзяды i прадзеды таксама мясцовыя. З католікаў. Называюць сябе палякамі. Два сыны Баляслава Антонавіча пераехалі ў Польшчу, прыжыліся там. А яму самому i дачцэ падабаецца тут, дома. Гаворка наша цякла вольна, натуральна. Мова гаспадароў хаты, як i іншых мясцовых жыхароў, нягледзячы на нязначную колькасць польскіх слоў, была усё ж у сваёй аснове, як адзначаў яшчэ i Сыракомля, беларуская, Я нават запісаў у блакнот нямала цікавых для мяне слоў i выразаў, якія добра папоўнілі мой лексікон. Напрыклад, у беларускай літаратурнай мове я дагэтуль сустракаў слова «падбярозавік» — грыб, вядомы ў маёй вёсцы пад назвай «бабка». Слова «падбярозавік» мне неяк рэзала вуха, яно здавалася мне штучным. Няўжо так кажуць у народзе? I вось тут, у Барэйкаўшчыне, я слова ў слова запісваю фразу: «I баравікоў прынеслі, i падбярэзнікаў, i лісічкаў». Вось, аказваецца, як народ кажа — «падбярэзнік». Проста, ясна i вельмі па-беларуску. Дык чаму б нам не ўводзіць якраз такія словы ў літаратурную мову?

Пабыў я ў Барэйкаўшчыне i яе ваколіцах некалькі дзён. Гутарачы з людзьмі, слухаючы ix гаворку, я лавіў сябе на думцы, што некаторыя характэрныя для гэтай мясцовасці словы i выразы я ўжо недзе чуў. Толькі потым успомніў: дык гэта ж у Францішка Багушэвіча — «папарскага салаўя». Віленшчына, Ашмяншчына — яго радзіма. Былы фальварак Свіраны, дзе нарадзіўся беларускі паэт, аказваецца, зусім блізка адсюль. Пра гэта мне сказаў былы загадчык Барэйкаўшчынскай пачатковай школы Мікалай Васільевіч Сабалеўскі, добры знаўца беларускай літаратуры, якую ён чытае ў арыгінале.

Дарэчы, пра школы. I ў Рукойнах (ці па-афіцыйнаму Рукайняй), цэнтры сельсавета (за паўтара кіламетра ад Барэйкаўшчыны), i ў іншых вакольных вёсках — школы польскія. Адкрыты яны па жаданню насельніцтва. Як расказаў мне дырэктар Рукайняйскай сярэдняй школы Леанід Ільіч Палонскі, у школе вучні вывучаюць некалькі моў: рускую, польскую, літоўскую i нямецкую. Апрача таго, усе яны нядрэнна ведаюць таксама беларускую. Так што ў гэтых адносінах школьнікі атрымліваюць даволі шырокую адукацыю, што дазваляе ім пасля заканчэння школы арыентавацца ў самай разнастайнай літаратуры.

Я добра пазнаёміўся з адным вучнем Рукайняйскай школы —сямікласнікам Янушам, сынам старшыні сельсавета Эдуарда Аляксандравіча Багуцкага, у якога я начаваў. З Янушам я разам спаў на сене ў адрыне. Перад тым як заснуць, мы доўга размаўлялі. Януш быў вельмі гаваркі. Ён расказваў мне шмат чаго пра школу, пра свае гульні, вучобу. Даведаўшыся, што я з Мінска, ён пачаў дэкламаваць па памяці «Дзеда i бабу» Кандрата Крапівы, «Святога Яна» Якуба Коласа. Праўда, не ведаў, хто напісаў гэтыя творы. Пахваліўся ён i сваімі поспехамі ў літоўскай мове. Ён нават можа ўжо чытаць трохі па-літоўску. Раней яе зусім не разумеў, як i наогул мясцовыя жыхары. Януш расказаў мне пра выпадак, які быў тут пасля вайны. Прыехала з Вільнюса аўталаўка. Адзін хлопчык пайшоў туды купіць цукру. A лавачнік яму i кажа: «Мажукам цукру нера». Гэта азначала — дзецям цукар не прадаецца. Хлопчык перадаў готыя словы бацьку, прозвішча якога якраз было — Мажук. «Нехта, мусіць, набрахаў на мяне: Мажуку, бач, ужо i цукру не дае», — сказаў бацька i пайшоў выясняць прычыну.