Я аб'ехаў i абхадзіў многія вёскі i вёсачкі Рукайняйскага сельсавета. Запомніў такія з ix, як Крыжоўка (з 1 студзеня 1971 года яна, як i іншыя вёскі, атрымала новую назву — Крышкяліс), Ашмянка (Ашмянеле), Баравыя (Шылінай), Задворцы (Ужудварыс), Навасады (Науяседжай), Падчарпае (Паеджай), Міхайлаўка (Мікалішкес), Зацішша (Рамітэ). Цяпер я меў, хай не поўнае, але ўсё ж нагляднае ўяўленне пра гэты край, пра тую новую зямлю, якая ў апошнія гады паэта жывіла яго звонкую музу.
Знаёмячыся з людзьмі, сярод продкаў якіх жыў Ул. Сыракомля, я лепш разумеў многія творы паэта, лепш разумеў яго самога. Больш зразумелымі рабіліся мне i строфы верша Янкі Купалы «Вясковы лірнік», напісанага тут амаль 50 гадоў назад, калі адзначалася 50-я гадавіна з дня смерці Сыракомлі. Янка Купала, які таксама хадзіў па мясцінах вясковага лірніка, быў у Барэйкаўшчыне i Рукойнах, так пісаў у сваім вершы:
Выліць думку хачу — хай снуе у бязмеры —
Думку-памяць, што ў сэрцы залегла,
Аб той зорцы, што некалі з добраю верай
Над зямелькай яснела i збегла.
Аб музыцы, што лірай сваёй чарадзейскай
Мне ў душы светач выклікаў новы,
Каб жыла, хоць на час, красай кветкаў-пралоскаў,
Як жыве вечна Лірнік вясковы...
Час патраніць усё пакрышыць, ацалеці,
Путы нават змарнеюць у плесні, —
Покі ж будзе душа хоць адна жыць на свеце,
Будуць жыці i лірнікаў песні.
Будзеш жыць! Будуць векі ісці за вякамі, —
Не забудуцца дум тваіх словы,
Як i слоў беларускіх, жывучы між намі,
Не забыўся ты, Лірнік вясковы.
Такім чынам, не знайшоўшы прыстанку ў «сваіх ваколіцах», паэт змушаны быў зняцца з бацькоўскай зямлі i адправіцца ў Вільню шукаць долі ў шырэйшым свеце. Якраз да часу ад'езду Сыракомлі ў Вільню адносіцца яго верш «Пілігрым у канцы вандроўкі», які лагічна завяршае як кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», так i ўвесь давіленскі перыяд жыцця i творчасці яе аўтара:
Вось, нарэшце, i абышоў я, радзіма,
Гарады твае, вёскі з кіем пілігрыма.
Блізка бачыў я вежы касцёлаў, крыніцы,
Падзямельныя склепы твае, камяніцы,
I, каб пахваліцца чым было можна,
Узяў я памятак колькі ў ранец дарожны:
Частку нёманскай хвалі, камень даўняй вежы,
Завушніцу з магілы, з дрэва лісцік свежы...
Удоўж i ўшыр абышоўшы ўсё Прынямонне,
Спачываю пад грушай развесістай сёння.
I перад тым, як выйсці на новую каляіну,
Усю, што прайшоў, дарогу позіркам зноў акінуў.
Там, над возерам сінім, замак глядзіць у зоры,
Там, на пагорку, бачу бацькаў знаёмы дворык.
Там хатка, дзе шчасце мяне абмінула,
Там цвінтар, дзе дзятва — мая кроў — заснула.
Там святыні, там блізкія стрэхі з саломы,
Звоніць знаёмае птаства, ходзіць вецер знаёмы.
I да мяне зноў вяртаюць нябачныя крыллі
Пачуцці, што некалі сэрца маё палілі,
I думкі, што ў галаве маёй віравалі...
О куткі мае мілыя! О родныя далі!..
Калі ў свет мяне кіне жыццёвым ветрам,
Набяру сабе у грудзі адгэтуль паветра,
Набяру яго шмат, каб надоўга хапіла,
Каб яно мае песні заўсёды жывіла.
Толькі чым, мае далі, узамен вам аддзячыць?
Можа, блаславеннем пілігрымскім, жабрачым,
З ветрам яго пусціўшы па родным абшары,
Каб збыліся людзей нашых лепшыя мары:
Над лясамі, над Нёманам, на мужычым загоне
Хай жа лепшую песню птушкі зазвоняць,
Закрасуюць хай збожжа пясчаныя нівы
І аратага сэрца устрапянецца шчасліва...
З болем адсюль пусціўся я ў новую пуцявіну
I памяць пра край свой родны — у песні навек пакінуў.
Ходзячы па ваколіцах Заслаўя i па яго вуліцах, я даволі-такі прытаміўся. Убачыўшы за паўрасчыненымі варотамі прамкамбіната зацененую лавачку ля прахадной, я прайшоў да яе і сеў адпачыць. З будкі ў прахадной выйшла пажылая, з вострымі вачыма нізкарослая жапчына: