Выбрать главу

Ад дамініканскага касцёла мы скіравалі перш на высокі, яшчэ здалёку бачны зялёны курган, можна сказаць, у самым цэнтры Наваградка — Курган бяссмерця. Курган гэты быў насыпаны ў 1924—1931 гадах у гонар вялікага наваградчаніна Адама Міцкевіча, генія польскай літаратуры. Насыпаны не толькі беларусамі і палякамі, закаханымі ў яго паэзію, але і прыхільнікамі таленту вялікага паэта з самых розных канцоў свету, што прыязджалі сюды, каб пакланіцца яго «краю гадоў дзяціных».

Па вільготных ад расы сходах узняліся на вяршыню кургана. Адсюль у жаўталісці садоў і прысадаў добра відаць быў ці не ўвесь Наваградак — з высокімі, шматпавярховымі сучаснымі дамамі ў цэнтры і драўлянымі, па-гарадскому дагледжанымі — па ўскраінах.

І сярод вялікага збежышча дамоў і дамкоў хаваліся ў золаце дрэў нешматлікія, праўда, але ж вельмі яркія памяткі далёкага мінулага, якія пакінула нам гісторыя гэтай зямлі і якія так ці інакш звязаны з імем Адама Міцкевіча. Зусім блізка адсюль чырва неў чарапічным дахам заснаваны яшчэ ў XIV стагоддзі вялікім князем літоўскім Вітаўтам фарны касцёл, дзе 22 лютага 1799 года быў ахрышчаны будучы вялікі паэт. У другім месцы, заслонены прысадамі, бялеў Дом-музей Адама Міцкевіча, адбудаваны на тым жа самым месцы, дзе стаяў некалі пад вартай раўнюткіх таполяў бацькоўскі дом паэта і дзе праляцела яго дзяцінства. Унізе гойдаўся вершалінамі дрэў пасаджаны ў гонар Адама Міцкевіча гай — «Гай Міцкевіча». Недалёка адсюль была і гара Міндоўг, пра якую пісаў у сваіх творах паэт...

Кожнаму, хто прыязджае ў Наваградак, адразу кідаюцца ў вочы высачэзныя сцены разбуранага старажытнага замка, якія ўзвышаюцца над горадам. Пабудаваны замак быў, здаецца, яшчэ недзе ў XII стагоддзі, калі Наваградак з'яўляўся сталіцай Вялікага княства Літоўскага. З гэтым замкам звязана нямала бурных гістарычных падзей, яркіх старонак гераічнага змагання наваградчан з іншаземнымі прышэльцамі і ў першую чаргу з крыжакамі.

Падняўшыся па крутым схіле на Замкавую гару, мы не без душэўнага ўзрушэння падышлі да магутных сцен велічнага замка, кожны камень якога быў яскравым сведкам неспакойнага мінулага краю. Здаецца, прыкладзі вуха да гэтых абпаленых і пашчэрбленых старажытных камянёў і адразу пачуеш бразгат зброі, шматгалоснае ржанне коней, баявыя воклічы і перадсмяротныя крыкі воінаў. Добра пачуў галасы сівой мінуўшчыны малады Адам Міцкевіч, фантазію якога не магла не абудзіць маўклівая веліч замка:

Замак заснуў — ні агню і ні дыху, Толькі на вежах бяссонная варта Воклічам цішу палохае ўпарта... Раптам дайшло вартавому да слыху: Постаці нейкія нібы на гонях... Чорныя цені за імі гурбою... Блізка ўжо... скачуць у чвалам на конях... Панцыры ззяюць, і бразгае зброя... (Пераклад. С. Дзяргая)

Гэта — з паэмы «Гражына», якая стала сапраўдным помнікам Наваградку.

Але ёсць яшчэ адзін, хаця магчыма і сціплейшы, паэтычны помнік гэтаму старажытнаму гораду — балада Яна Чачота «Наваградскі замак», на пісаная на некалькі гадоў раней за паэму Адама Міцкевіча. Балада Яна Чачота каштоўная тым, што захавала народнае паданне пра зруйнаванне замка шведамі. У паданні і ў баладзе расказваецца пра тое, як наваградскі князь здаў ворагу замак. А было гэта так. Князь закахаўся ў шведку, якую падаслалі яму ворагі. Дзяўчына, як яе навучылі шведскія военачальнікі, паабяцала князю выйсці за яго замуж, калі ён здасць замак. Пры гэтым запэўніла, што Наваградак застанецца цэлы, «не дазнаецца згубы». Але аказалася зусім інакш: шведы зруйнавалі замак і з жорсткасцю расправіліся з наваградчанамі. Ян Чачот падае ў баладзе захаваныя ў народнай памяці страшныя карціны гэтых распраў. Як людзей «клалі на воз і ўціскалі жэрдкаю, бы сена», а малых дзяцей ставілі за лаву і прыціскалі гэтай лавай да сцяны: такая «жорсткая забава, кажа, Ян Чачот, была ў гэтых дзікіх тыранаў...».

Пасля Замкавай гары мы зайшлі ў Дом-музей Адама Міцкевіча, у якім, дарэчы, некалі працаваў і мой спадарожнік.

Цяперашні дырэктар музея Лілія Уладзіміраўна Усэнка правяла нас па музейных залах, расказала пра найбольш цікавыя экспанаты, пахвалілася навейшымі набыткамі. Так, у музеі ўсё робіцца, каб найлепш расказаць наведнікам пра вялікага Адама Міцкевіча, пра яго сувязь з роднай Наваградчынай, раскрыць вытокі чароўнай міцкевічаўскай паэзіі.