— Ну і да якой вы, дзядзька, залічваеце сябе нацыянальнасці? — слухаючы з яго вуснаў такую гожую беларускую мову, папытаў я.
— Тутэйшы я... — І, падумаўшы, дадаў: — Палякі мы тутака... Беларускія палякі.
Я быў здзіўлены ўдвайне. Гэта ж сто гадоў назад многія беларусы, не ведаючы свайго сапраўднага паходжання, вось так называлі сябе — тутэйшыя. Але ж цяпер ужо семдзесят гадоў, як існуе Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, паўнапраўны член ААН, выпускаецца вялікая літаратура на беларускай мове, імя беларус добра вядомае не толькі ў нас, у Савецкім Саюзе, але і ва ўсім свеце. І вось на табе: ізноў — тутэйшы! Як быццам усе семдзесят гадоў гісторыя стаяла на адным і тым жа месцы, ці хто адкруціў яе назад, як тую кінастужку ў роліку! І другое: як трактаваць гэтае дзядзькава выслоўе — «беларускія палякі»? Калі б ішла гаворка пра палякаў, якія жывуць у Беларусі, то сапраўды, мусіць, можна было б так сказаць — беларускія палякі? Але ж дзядзька жыве ў сучаснай Літве. І яму лагічна было б сказаць— літоўскія палякі. Ды ён так не сказаў. Сам гэты яго «саманазоў» — беларускія палякі — кажа хіба пра тое, што ў дзядзькі яшчэ няма поўнай упэўненасці ў сваёй нацыянальнай прыналежнасці.
— А я думаю, што вы ўсё ж беларус, дзядзька!
На гэта дзядзька адказаў слова ў слова так:
— Я не помню, ці было такое гасударства — беларускае... А вось польскае — тутака было...
Логіка ў яго такая: раз ён і яго землякі, яго бацькі і дзяды жылі ў польскай дзяржаве — значыць, усе яны палякі. Палякам ён лічыць сябе яшчэ таму, што яго так запісалі ў метрыках. Яшчэ ў даўнія часы, растлумачыў дзядзька, «як хрысцілі на каталіцкую веру, тады на Палякоў усіх і папісалі».
Дык вось яна — разгадка паходжання падвіленскіх «Палякоў».
Дарэчы, пра тое, як «памагалі» ўжо ў складзе рускай дзяржавы «дахрышчваць» простага беларускага мужыка царскія «казакі з тутэйшага ды ў палякі (тым, што сілком пхалі ў рускую веру), вельмі цікава расказаў Францішак Багушэвіч у вершы «Хрэсьбіны Мацюка».
Мне шмат чаго хацелася яшчэ распытаць у дзядзькі — а быў гэта калгаснік калгаса «Іскра» Людвік Марцінавіч Корвень, які так добра расказваў пра тутэйшыя мясціны, навакольныя вёскі, але нас перапынілі нашы спадарожнікі — работнікі тэлебачання:
— Давайце мы вас здымем...
Мы з дзядзькам як сустрэліся, — так і размаўлялі, стоячы каля дарогі. Чаму б так, без усялякага папярэджання, і не здымаць нас, раз палічылі гэта патрэбным? Было б натуральна, без аніякай зададзенасці, а значыць, і праўдзіва. Дык не — работнікам тэлебачання здалося гэта «не тыповым». І яны пасадзілі нас на ўзбочыне дарогі, парассаджвалі вакол мяне і дзядзькі ўсіх астатніх членаў экспедыцыі і папрасілі падрыхтавацца. Мы «падрыхтаваліся», але калі пачалі па знаку ізноў размаўляць, нас перапынілі: нешта не запісваўся гук. Пакуль тэлевізійнікі корпаліся ў апараце, мы сядзелі і чакалі, хоць нам вельмі хацелася пагаварыць з дзядзькам. Калі праз нейкі час упарты апарат усё ж злітаваўся над намі і быў гатовы браць нашы галасы, настрой ужо сапсаваўся, і натуральнай нязмушанай гаворкі не атрымалася.
Добра пагутарылі мы з гаспадарамі бліжэйшай ад дарогі хаты ў правай, навейшай частцы Свіран. Гэта былі Філіповічы — Юлія Пятроўна і Станіслаў Казіміравіч, муж і жонка, людзі ў гадах. Тут у васемнаццатым ці дзевятнаццатым годзе ўзяў зямлю ў арэнду ад дзяржавы яшчэ бацька Станіслава Казіміравіча, які сам быў родам з суседняй (кіламетраў пяць адсюль) вёскі Карадзіцца — «прыезны», як сказала гаспадыня. Значыцца, на бацькаўшчыне сядзіць з сям'ёю цяперашні гаспадар хаты.
Я папытаўся ў Філіповічаў, ці ведаюць яны, што з іх Свіранаў родам класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч.
Не, нават не чулі пра такога.
— Можа, Марык ведае — ён жа ў школу ходзіць, — і жанчына паклікала чарнявага хлапчука, які па нечым стукаў малатком каля падпаветкі. Гэта быў унук Філіповічаў — ён прыехаў да дзеда і бабы на канікулы з Вільнюса, дзе жывуць яго бацькі і дзе ён вучыцца.
— Марык, — папытаў я, — а ці ведаеш ты, што ў вашых Свіранах нарадзіўся выдатны беларускі паэт Францішак Багушэвіч?
— Які, які?
— Францішак Багушэвіч.
— Які паэт?
— Беларускі.
Не, першы раз чуе пра гэта Марык Філіповіч, вучань восьмага класа, які, дарэчы, вельмі натуральна гаворыць з намі па-беларуску.
Мы ўсім гуртам кінуліся запаўняць прабелы ў Марыкавай адукацыі, расказваць гэтаму вельмі цікаўнаму, як мы ўбачылі, хлапчуку пра яго земляка Францішка Багушэвіча, пра долю і змаганне паэта, пра ягоную творчасць. Валодзя Содаль скокнуў да аўтобуса і прынёс паказаць складзены ім і выдадзены ў 1986 годзе ў Мінску раскошны і даволі змястоўны альбом пра Багушэвіча. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю гартаў яго Марык, пазнаючы на фотаздымках знаёмыя пейзажы, углядаючыся ў рысы твару самога паэта, а таксама яго бацькоў і блізкіх.