Потым узяўся чытаць змешчаныя там урыўкі Багушэвічавых вершаў.
— Ну, ну, пачытай уголас — паглядзім, як у цябе атрымліваецца, — папрасілі мы.
– На вяршынях сумна сосны
Зашумелі ціха,
Невясёлыя іх вёсны,
Бо наўкола ліха.
Бо наўкола пні, магілы,
Гора і няволя,
Вецер нішчыць рэшту сілы,
Рвуцца буры з поля...
Першы раз у жыцці, трохі спатыкаючыся, але ўсё ж даволі прыстойна пачаў чытаць Марык беларускую кніжку, беларускія друкаваныя вершы, вершы свайго земляка Францішка Багушэвіча, які яшчэ сто гадоў назад, звяртаючыся да братоў-беларусаў, горача заклікаў іх не пакідаць мовы нашай беларускай, «каб не ўмёрлі!». Каб не ўмёрлі як народ, як нацыя. Як гэта ні дзіўна, як ні сумна, але поўнае трывогі слова паэта па сённяшні дзень не дайшло да яго землякоў на роднай яму Вілейшчыне.
Адной з асноўных задач нашай экспедыцыі было — пашукаць для музея гісторыі беларускай літаратуры рэчавых этнаграфічных помнікаў з мясцін Францішка Багушэвіча. Асабліва важна было займець што-кольвечы з радзімы паэта. Таму, пакуль мы з Содалем гутарылі з землякамі Францішка Багушэвіча, работнікі музея — маладыя, вельмі шчырыя дзяўчаты, паспелі абысці ўсе хаты ў Свіранах, пытаючыся ў людзей больш за ўсё прадметы ткацтва, у якіх, мабыць, лепш чым дзе праяўляецца народны геній. Але, як вельмі часта здараецца з намі, непаваротлівымі беларусамі, і сёння мы катастрафічна запазніліся: усё найбольш цікавае з ткацкіх вырабаў «тутэйшых» — узоры народнага адзення, посцілкі, сурвэткі, ручнікі — выманілі падчыстую работнікі віленскіх музеяў: так, літоўцы не спяць у шапку! Дзяўчатам удалося набыць толькі адзін ручнічок ды кавалак кужалю — усё, што засталося ад шматколернага багацця свіранскіх ткачых.
Але як можна было вяртацца з радзімы Францішка Багушэвіча з такім скупенькім набыткам?
Дапамагчы музейным работнікам падахвоціліся мы з Содалем, два старыя ваўкі такога збіральніцтва.
Звычайна, калі распытваеш людзей пра этнаграфічныя рэчы, яны вельмі «пераканаўча» даводзяць, што ў іх нічога цікавага няма. А калі добра агледзіш хату ды панадворак, то вока не-не ды і наткнецца на каштоўную, часам вельмі рэдкую, унікальную рэч, якой, бывае, проста няма цаны. Гаспадары толькі падзівяцца, бо яны і думаць не думалі, што гэтая звычайная для іх непатрэбшчына можа каго-небудзь зацікавіць.
Мы з Содалем намерыліся добра абследаваць хаты. Зайшлі спярша да даўніх Валодзевых знаёмых — Субачаў, якія прыехалі сюды з-пад нашых Пастаў. На жаль, знайсці тут і праўда нічога не ўдалося. Бо хата Субачаў не так даўно пабудавана. Да іх на гэтым месцы жылі Тамашэвічы. Калі выбіраліся адсюль, усё сваё пазабіралі. Былы гаспадар Фэлька Пятровіч Тамашэвіч выехаў недзе ў Вільню. А цешча, якой ужо сто ці болей гадоў, быццам бы жыве ў Польшчы. Калі Субачы ўлезлі ў новую хату, усе старыя рэчы, што засталіся і выйшлі даўно з ужытку, спалілі як непатрэбныя. Колькі такім во чынам яркіх помнікаў старога сялянскага побыту пайшло ў нас з дымам!
Ад Субачаў проста праз сад зайшлі ў суседні панадворак. Каля калодзежа сустрэлі самога гаспадара — Станіслава Адамавіча Ермалковіча. Станіслаў Адамавіч тут старажыл, сядзіць на бацькаўшчыне. Дзядзька расказваў нам, што тут даўней былі нейкія пабудовы — праўда, не за яго памяццю. Часам плуг і сёння выворвае тут даўнейшую цэглу — чырвоную, моцную, хоць цяпер з яе печ выкладвай. Калісьці тут быццам бы жылі «нейкія папы». Успомнілася, што маці Францішка Багушэвіча была з сям'і Галаўнёў, што яна — пляменніца уніяцкага біскупа Адрыяна Галаўні і што жылі Галаўні якраз у Свіранах. Дык ці не памяць пра гэтых «папоў» і захавалася ў народзе? І яшчэ адну немалаважную дэталь паведаў нам дзядзька: за Субачамі, «на горцы, быў калісьці могільнік», так казалі старыя людзі. Мы з Содалем бачылі гэтую горку — там цяпер поле. Ад могільніка — ніякага знаку. Ці не тут хавалі продкаў Францішка Багушэвіча па мацерынай лініі?
У Ермалковіча мы таксама папыталіся, ці чуў ён што гіра свайго славутага земляка Францішка Багушэвіча?
— Я чуўшы, — так, «па-тутэйшаму» адказаў Станіслаў Адамавіч: пра гэта ён прачытаў у раённай газеце «Дружба», якая выходзіць на рускай мове (і, здаецца, яшчэ на польскай, а мо і літоўскай).
Але галоўнае, што нам трэба было ад Ермаловіча, — гэта добра агледзець яго хату, хату старую, праўда, яшчэ моцную. Дзядзька не пярэчыў. І што важна — дазволіў нам злазіць на гарышча. Працуючы ў свой час у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, я ў нярэдкіх экспедыцыях па зборы этнаграфічных памятак для акадэмічнага Музея старажытнабеларускай культуры шмат папалазіў па такіх во гарышчах — там жа часта чакаюць этнографа сапраўдныя скарбы! У Ермалковіча былі там больш навейшыя рэчы — для часовага захоўвання, але іх я абмінаю, заглядваю ў самыя глухія куткі, пад кроквы. Во даўнейшае крэсла з паўкруглай спінкай. Часткі кроснаў. Чаўнакі, вітушкі. Самаробная, даволі арыгінальная рамка для карціны. А што гэта за выгладжаная жардзінка з прыладжанай збоку драўлянай дужкай? Відаць, не кожны здагадаўся б, што гэта за штуковіна. Але я добра ведаю яе, яна яшчэ нядаўна бытавала ў маёй Зялёнай Дуброве, нават у нашай сям'і карысталіся ёю. А завецца яна — хадун альбо хадунок. Прылада, пры дапамозе якой вучаць малых дзяцей хадзіць. ^Сардзінка ўверсе ўстаўляецца ў лсалезнае вушка на бэльцы, а ўнізе ставіцца ў выемку — так, каб яна магла круціцца. Ставяць дзіцянё ў той абручык, малеча абапіраецца на яго локцямі і — пабегла само вакол жардзінкі. Проста і мудра! Калі я выцягнуў з гарышча гэты хадунок, Содаль быў у захапленні: што яшчэ можа быць для музея цікавейшае з месца нараджэння паэта! Гэта ж, пэўне, і маленькі Францішак вучыўся гут, у Свіранах, хадзіць у такім во хадунку!