Са Свіран мы пакіравалі ў тутэйшы сельсавецкі цэнтр-мястэчка Рукойны (цяпер, па-літоўску, — Рукайняй), дзе хрысціўся Францішак Багушэвіч.
Рукойны — для мяне месца не новае. Сюды я прыязджаў, калі ў пачатку сямідзесятых гадоў вандраваў сцяжынамі Уладзіслава Сыракомля Сыракомлева Барэйкаўшчына адсюль кіламетраў шэсць — толькі ў бок Вільні. Гэтага ж самага Рукайнянскага сельсавета. Сыракомля жыў у Барэйкаўшчыне з 1852 па 1862 год, вельмі часта наязджаючы ў Вільню, дзе супрацоўнічаў у газеце «Кур'ер Віленьскі». Малады Францішак Багушэвіч, навучаючыся ў гэты ж час (1852-1861) у Віленскай гімназіі, ездзіў да сваіх бацькоў на Ашмяншчыну праз Рукойны і Сыракомлеву Барэйкаўшчыну. І ці ж мог гімназіст Францішак Багушэвіч, які, пэўне ж, з юнацтва захапляўся паэзіяй, не зацікавіцца асобай вядомага ва ўсёй «Літве» Уладзіслава Сыракомля не ведаць яго асабіста? Будучы «панарскі салавей» мог убачыцца, а мо і пазнаёміцца з «вясковым лірнікам» і ў Рукойнах, і ў Барэйкаўшчыне, і ў Вільні. Тым больш што яны былі не толькі землякі, але, як сведчаць іх творы, і браты па духу, аднадумцы ў адносінах да беларускага народа, да якога ставіліся з глыбокай павагай і сыноўняй любоўю, шанавалі яго культуру, мову. Нездарма ж пісаў потым Францішак Багушэвіч у польскім часопісе «Край»: «Паэтычныя творы Сыракомлі павінны быць у кожнай сям'і як скарб, што перадаецца з пакалення ў пакаленне». Дарэчы, сустрэцца яны маглі і ў самой гімназіі, дзе вучыўся Францішак Багушэвіч, бо там быў у 1855 годзе заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у рабоце якога самы актыўны ўдзел прымаў Уладзіслаў Сыракомля, выбраны ў 1856 годзе ў лік яго членаў-супрацоўнікаў. Гімназіст Багушэвіч таксама меў дачыненне да гэтай важнай культурнай установы. Цікавае супадзенне: якраз у тым жа 1856 годзе ён падараваў музею старажытнасцей каштоўныя рэчы, сярод якіх былі — відаць, знойдзеныя на Ашмяншчыне — старажытныя манеты, славянскі гадальнік, ядро ад гарматы, крыж са славянскім надпісам, скамянелая ракавіна. Ці ж мог энтузіяст народнай культуры Уладзіслаў Сыракомля, які таксама падараваў музею нямала цікавых рэчаў, не зацікавіцца гэтымі каштоўнасцямі, не папытацца, хто іх адшукаў і прынёс у музей?
Папалуднаваўшы ў цеснаватай, але вельмі прыстойнай сталоўцы, пайшлі шукаць пробашча мясцовага касцёла. Даволі сціплы, нічым не адметны яго дамок быў на галоўнай, самай шумнай і пыльнай вуліцы, па якой бесперапынна грукаталі машыны. Вельмі звычайны, просты, са спакойным выразам твару ксёндз (звалі яго Альфонс Тамулайціс) запрасіў нас на сціпленькую веранду, што была ад вуліцы, за крокі тры ад яе (так што ўвесь вулічны грукат быў тут), і ўважліва выслухаў нас. Так, пра Францішка Багушэвіча ён ведае, што ж да нашай просьбы паказаць кнігу метрычных запісаў, то гэтага ён зрабіць не можа, бо яна захоўваецца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільнюсе. Ну, а касцёл, дзе ў 1840 годзе хрысціўся будучы паэт, ён пакажа з ахвотай.
Высокі мураваны касцёл у Рукойнах мы ўбачылі здалёку. Гожы, велічны будынак. Вельмі гарманічны.
Увайшлі ўсярэдзіну. Гулкая, урачыстая цішыня. Добрыя, спагадныя лікі святых.