Выбрать главу
КУШЛЯНЫ

Другая наша паездка была ў Кушляны.

Фальварак Кушляны Ашмянскага павета набылі продкі Францішка Багушэвіча яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Бацька паэта Казімір Багушэвіч перавёз сваю сям'ю са Свіранаў у родавае гняздо недзе каля 1846 года, калі малому Францішку было якіх шэсць гадоў. З Кушлянамі звязаны, можна сказаць, самыя лепшыя гады жыцця Францішка Багушэвіча, тут палюбіў ён маляўнічыя краявіды роднай зямлі, адкрыў для сябе душэўную шчырасць, прыродную дабрыню і працавітасць мужыка-беларуса, тут пачаў шукаць шляхі да яго вызвалення са шматвекавой няволі і цямноты.

Паступіўшы ў 1852 годзе ў Віленскую гімназію, Францішак Багушэвіч ніяк не парываў з домам — Вільня ж адсюль была зусім блізка. У любую вольную хвіліну ён ехаў да бацькоў, бавіў тут канікулы.

Адсюль, з Кушлян, дзесьці ў 1865 годзе, ужо сталым чалавекам, уцякаючы ад кары за ўдзел у завірусе студзеньскага паўстання, пусціўся ён на доўгія гады ў вялікі, не заўсёды прыветлівы свет, інакш кажучы, у горкае выгнанне.

Цэлых дваццаць гадоў кідала яго доля па цярністых шляхах далёкай Украіны і яшчэ больш далёкіх кутках неабсяжнай Расіі, па незнаёмых гарадах, мястэчках, сёлах.

Але куды б ні трапляў Францішак Багушэвіч у пошуках прытулку і кавалка хлеба, душа яго заўсёды была дома, адсюль ірвалася яна на родную Віленшчыну, да асмужаных кушлянскіх палёў і пералескаў.

У мёр бы то, мусіць, я тут,

Каб не жменька той роднай зямлі, —

пісаў паэт.

І вось у 1883 годзе, калі ён быў ужо сямейным чалавекам, яму надарылася першая магчымасць вяр нуцца дадому: Францішак Багушэвіч прачуў, што ў Вільні для такіх, як ён, юрыстаў якраз адкрыліся вакансіі. І ён адразу ж скарыстоўвае гэтую магчымасць, не ўважаючы на наладжаныя на Украіне важныя сувязі, на абяцанае начальствам павышэй не па службе.

Працуючы адвакатам у Вільні, паэт цяпер мог часта наведвацца ў Кушляны. Але для яго было гэтага вельмі мала. Ён марыць стала пасяліцца ў дарагім сэрцу кутку, жыць сярод простага вясковага люду, на бацькоўскай зямлі. Мара пра ўласную хату ў Кушлянах, туга па родным кутку вельмі выразна чуецца ў яго вершы «Мая хата», які ўвайшоў у выдадзены ў 1891 годзе зборнік «Дудка беларуская»:

Бедна ж мая хатка расселася з краю, Між пяскоў, каменняў, ля самага гаю, Ля самага бору, на беражку лесу, Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу. Як няма гарэлкі, няма куска хлеба, Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба?! Ды хоць няма хлеба, жабраваць не буду, Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!.. Клікалі ж у госці і клічуць суседзі. Не пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі Ад чужога хлеба губы абсядаюць, Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць. Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце, Не пайду да вас я, хіба ў арэшце. А хоць сілай навет адарвалі б з дому, Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому. Заваліцца хата, зарастуць пакосы, Усё б я вярнуўся, хоць голы і босы!..

Паэтава мара хоць на схіле гадоў, але ўсё ж збылася. Нечакана атрымаўшы ў 1896 годзе ў спадчыну добрую суму грошай, Францішак Багушэвіч нарэшце будуе ў Кушлянах свой дом. Але толькі праз два гады ён цалкам вызваляецца ад сваёй адвакацкай дзейнасці і канчаткова пасяляецца на бацькаўшчыне.

Уяўляю, якое гэта было шчасце для паэта — жыць на сваёй зямлі! І — пісаць! А пісаць тут было пра што. З успамінаў сучаснікаў паэта мы ведаем, што ён часта заводзіў сяброўства з простымі сялянамі, любіў распытваць людзей пра іх жыццё, пра розныя гісторыі, запісваў усё пачутае на паперу. Ці не адсюль і яго апавяданні? Толькі за два апошнія гады паэт падрыхтаваў аж дзве новыя кнігі — «Беларускія апавяданні Бурачка» і зборнік вершаў «Скрыпачка беларуская». Як гэта ні шкада, але абедзве кнігі бясследна загінулі. Пэўне ж, яны яшчэ раз паказалі б свету незвычайны талент Францішка Багушэвіча, лішні раз засведчылі б, якога вялікага паэта мела наша літаратура ў другой палове XIX стагоддзя.