Больш за ўсё, аднак, засмуціла нас з Содалем «апрацоўка» падмурка даўнейшай хаты, у якой жылі яшчэ з сям'ёй бацькі Францішка Багушэвіча, а мо і яго дзяды, хаты, у якой рос і гадаваўся сам паэт да яго адыходу «ў людзі». Падмурак гэты, выкладзены з камянёў, змацаваны нейкім даўнейшым растворам, быў на той жа сядзібе, непадалёку ад дома Францішка Багушэвіча. Калі мы падышлі туды, то ўбачылі ў самай сярэдзіне гэтага падмурка... бульдозер, які паспеў ужо развярнуць яго частку.
— Як жа так можна, Алесь? — пачалі мы па-сяброўску ўшчуваць Жамойціна. — Падмурак жа трэба зберагаць...
Алесь пачаў запэўніваць нас, што падмурак застанецца...
— Крытыкаваць мы ўсе ўмеем, а вот каб памагчы рабіць музей, то не надта каго і знойдзеш, — умяшаўся ў размову парторг.
Мы з Содалем, пачуўшы сябе вінаватымі, прыкусілі языкі — што ж, нас, беларусаў, заўсёды вельмі лёгка паставіць на месца.
Мусіць, не надта спадзеючыся, што падмурак даўняга жылля Багушэвічаў усё ж захаваецца, Содаль зняў з плячэй фотаапарат, пачаў пстрыкаць ім, беручы ў кадры то ўвесь добра бачны ў траве падмурак, то яго асобныя часткі, у тым ліку разбураныя, з вывернутымі бульдозерам камянямі: хоць на здымку, але рэшткі былога Багушэвічавага дома цяпер назаўсёды захаваюцца для нашчадкаў!
Вядома, за тыя амаль сто гадоў, як не стала паэта, шмат што змянілася на яго радзіме. Змяніўся ўвесь архітэктурны ансамбль сядзібы Багушэвічаў. Час бязлітасна знішчыў большасць гаспадарчых пабудоў, два калодзежы з жураўлямі, дзе сям'я брала ваду, сажалку, альтанку на Лысай гары, уязную браму пры каплічцы, змяніў, а то і зусім сцёр дарогі. Содаль яшчэ нядаўна бачыў тут старую дарогу, якой ездзілі Багушэвіч у Солы. Цяпер дарогу зааралі, засеялі збажыною — ад яе ўжо ані знаку. Чыясьці рука знішчыла дуб, што стаяў непадалёк, дуб, які помніў Багушэвіча. Чаму б яго не пакінуць? Без усяго гэтага як жа можна ўявіць атмасферу жыцця паэта?
Што-нішто з Багушэвічавай сядзібы, на шчасце, усё ж захавалася. Прыдарожная каплічка, пабудаваная ў памяць паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Таксама мураваная гаспадарчая пабудова. Высаджаная самім паэтам алея ў парку. Ну, і, вядома ж, захавалася зямля Багушэвіча, палі, лясы, узгоркі. Усё, што засталося, што выстаяла ў віхурах часу, вядома ж, усім нам трэба беражліва цяпер захоўваць, шанаваць. Тое ж, што было знішчана часам і нашай няўвагай, трэба ўзнавіць. Гэтае ж месца — запаведнае, наша нацыянальная святыня.
Агледзеўшы Багушэвічаву сядзібу, мы пакіравалі да мемарыяльнага каменя на Лысай гары, да якога любіў хадзіць і адпачываць сам паэт і на якім у год смерці Францішка Багушэвіча яго сябры выбілі словы: «Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.».
Ішлі туды той самай паэтавай алеяй. Аб чымсьці сваім ціха шумелі пастарэлыя цяпер бярозы. Збоку падыходзілі пад алею замшэлыя хвоі змешанага лесу. З узбочных купін чырванелі спелыя па зёмкі, пракідаліся чарніцы. З другога боку з-за бяроз і каштанаў алеі прасвечвала шырокае поле, якое там-сям горбілася невысокімі ўзгоркамі, вабіла зялёнымі пералескамі. Над полем клубіліся белыя, месцамі пацямнелыя воблакі, з якіх накрапваў рэдзенькі дожджык. Вось, яна, Багушэвічава зямля. І як гэта добра, што яна ёсць, што ў любы час можна прыйсці сюды, паблукаць гэтымі ціхімі палямі і зарослымі травою алеямі, далучыцца душою да простай і суровай паэзіі дарэшты адданага роднаму люду Мацея Бурачка.
Мне хацелася паболей ведаць пра Багушэвічаву зямлю, пра яе людзей, таму я завёў гаворку з парторгам Леанідам Уладзіміравічам, з якім ішоў поруч цяністай паэтавай алеяй. Леанід Уладзіміравіч з ахвотай пачаў расказваць пра гэтыя мясціны, ну, і, вядома, пра свой калгас. Раней калгас называўся «Радзіма Багушэвіча» (ён адносіцца да Смаргонскага раёна), але з той прычыны, што суседні калгас з цэнтрам у Жупранах (там ужо Ашмянскі раён) назвалі імем Францішка Багушэвіча, то іхняму, каб не блытацца, далі іншую назву — «50 лет СССР». Я, мусіць, дапусціў тут бестактоўнасць, бо ў мяне вырвалася:
— А чаму такая дзікая назва?
— Як гэта дзікая? — у голасе парторга я пачуў ледзяныя ноткі і, каб змякчыць сітуацыю, пачаў даводзіць Леаніду Уладзіміравічу, што такія надта казённыя назвы не ўспрымаюцца людзьмі, што можна б назваць калгас не гэтакім складаным словазлучэннем, а неяк прасцей, якім-небудзь адным словам.