— Напрыклад? — лёд у голасе Леаніда Уладзіміравіча і не думаў раставаць.
— А чаму б не назваць так — «Кушляны»?
— Гэта назва не для калгаса...
Вось так — для калгаса звычайная, народная назва не падыходзіць. Для яго ў нас абавязкова трэба прыдумліваць нешта звышідэйнае. Ці не такім во чынам і пайшлі па ўсім Савецкім Саюзе гуляць стандартныя назвы-агіткі, поўнасцю вымавіць якія часта не хапае духу. Асобныя ж з іх налічваюць да дзесятка, а можа, і болей слоў! Хто з нас не страчаў такую «папулярную» назву, як, скажам, «Калгас імя XXI (XXII, XXIII, XXIV і г. д.) з'езда КПСС». Давайце адкінем скарачэнні, разгорнем назву поўнасцю. Атрымаецца — «Калектыўная гаспадарка імя дваццаць першага з'езда Камуністычнай партыі Савецкага Саюза». Цэлых дзесяць слоў!
І наогул — якая казёншчына, якая ўбогасць, якая стандартнасць, урэшце, якая часам недарэчнасць у назвах нашых калгасаў! Я неяк зрабіў маленькае даследаванне: прагартаў падшыўкі ўзятых адвольна 20 раённых газет Беларусі, дзе ў розных зводках даюцца спісы калгасаў. Якія ж іх характэрныя назвы? На першым плане тут — імёны былых кіраўнікоў партыі і ўрада. Напрыклад, у дваццаці гэтых раёнах я налічыў аж дванаццаць калгасаў імя Калініна — больш як палова! Амаль у кожным раёне знойдзеш такія назвы, як калгас імя такога і такога з'езда партыі, часам нават па некалькі на раён. З раёна ў раён пераходзяць такія назвы, як «Ленінскі шлях» (ці «Шлях Леніна», «Шлях Ільіча»), «Чырвоны Кастрычнік», «Шлях да камунізму», «10 (40, 50 і г. д.) год Кастрычніка» (ці, адпаведна, БССР, СССР), «Маяк», «Перамога», «І Мая», «Запаветы Ільіча». Вельмі многа ў назвах «сцягоў» — «Кастрычніцкі сцяг», «Сцяг камунізму», «Сцяг Перамогі», «Чырвоны сцяг», «Сцяг Леніна», а яшчэ болей «святла» — «Светлы шлях», «Зара», «Ясная зара», «Рассвет», «Звязда», «Зорка», «Аўрора», «Іскра», «Полымя», «Усход», безліч «чырвані», «шляхоў». Есць нават такія «шэдэўры», як «Абарона краіны», «За мір», «За Радзіму» — звычайныя лозунгі!
Вынікі свайго даследавання я хацеў паслаць у якую-небудзь газету. З прапановай — называць калгасы імёнамі іх цэнтральных вёсак. Мы захоўвалі б такім чынам нашы народныя назвы. Але пасылаць такі допіс я перадумаў, бо прыйшоў да глыбокага пераканання, што пры далейшай дэмакратызацыі нашага грамадства, пры канчатковым пераходзе на эканамічныя метады гаспадарання калгасы ў цяперашнім выглядзе знікнуць. А разам з імі, як мякіна, адсеюцца і гэтыя бюракратычныя назвы, навязаныя людзям, як і самі калгасы, зверху.
Пра ўсё гэта я хацеў неяк сказаць парторгу, але ўбачыў, што яго не пераканаеш. Ну, і распытваць далей пра радзіму Багушэвіча стала бескарысна: расказваць пра што-небудзь у Леаніда Уладзіміравіча, як мне здалося, ужо не было настрою.
Жупраны — бліжэйшае ад Кушлян мястэчка. У часы Багушэвіча — цэнтр усёй ваколіцы. Сюды, у парафіяльны касцёл, з'язджаліся сяляне і шляхта з навакольных вёсак і фальваркаў, тут былі парафіяльныя могілкі.
Тапонім Жупраны сам Францішак Багушэвіч растлумачваў як змененае Зубраны, а Жупранская пушча была некалі Зубранскай — ад слова«зубр». Тут шумелі векавечныя пушчы з багатай дзічынай. Але пры Багушэвічу ўжо навакольныя пушчы моцна парадзелі, спустошыліся каралеўскімі ды панскімі паляваннямі.
Францішак Багушэвіч вельмі часта бываў у Жупранах — ці мала чаго трэба было ў парафіяльным мястэчку? Тут усё да драбніц было яму знаёмае, тут з кожным сустрэчным ён вітаўся як з сябрам.
Сюды поўным сонца і святла вясновым днём 1900 года па пясчанай палявой дарозе з Кушлян паволі цягнулася доўгая пахавальная працэсія. За труной, якая ціха плыла на возе, ішлі сяляне і людзі шляхецкага саслоўя, рабочыя-рамеснікі і, як сказалі б сёння, прадстаўнікі гарадской інтэлігенцыі. Гэта везлі хаваць паэта і адваката Францішка Багушэвіча.
Толькі два гады пажыў паэт пасля доўгіх гадоў блуканняў і пакут на бацькоўскай зямлі. Пэўна, жыў бы яшчэ куды больш (яму ж было толькі шэсцьдзесят), жыў бы, калі б не тыя гады вымушаных бадзянняў, калі б больш думаў пра сябе, а не пра іншых, калі б не яго няўрымслівы характар. Да заўчаснай смерці Багушэвіча прычынілася наладжаная яго сябрамі летам 1897 года экскурсія на лодках па Віліі і Нёмане да Коўна. Вось як расказвае пра гэта ў «Запісках Беларускага навуковага таварыства» (Вільня, 1938, с. І) адзін з сяброў паэта 3. Нагродскі: «Едучы ў Коўна, участкі яе (экскурсіі. — К. Ц.) перажылі цяжкі момант: матурыст Швэнгрубэн чуць не ўтануў. Гэты выпадак страшэнна падзеяў на Багушэвіча, у якога зрабіўся як быццам нервовы «шок». А ўслед за гэтым, у той жа дзень, сталася такая рэч. Прыстаўшы да берага на начлег, усе пайшлі спаць у нейкую пуньку. Але Багушэвіч не хацеў спаць у душнай пуні і пастанавіў легчы пад голым небам на лужку. Хаця накрапваў дожджык і Багушэвіча адгаворвалі ад гэтага, ён сказаў: «У 1863 годзе мы спалі ў горшых варунках». Закруціўся ў бурку ды праспаў ноч на траве. Ад гэтага застудзіўся, і ў яго зрабілася хвароба нырак, да якое пасля прылучыўся туберкулёз. У рэзультаце здароўе яго было зламана, і гэта давяло да перадчаснае смерці».