Я расказаў пра гэта ў аўтобусе Содалю і ўсім таварышам па вандроўцы і выказаў сваю занепакое насць, ці паслухаецца Алесь Жамойцін нашай парады зберагчы падмурак даўнейшай хаты Багушэвічаў.
Маю занепакоенасць падзяліў і Содаль. Ён параіў яшчэ раз пагутарыць з Алесем. Паколькі мы ўжо тады далёка ад'ехалі адтуль, заставалася толькі пазваніць яму. Але дома ў Алеся тэлефона не было. Я надумаў пазваніць у калгасную кантору, папрасіць, каб перадалі Алесю маю просьбу: хай ён па нашым прыездзе затэлефануе мне на работу ў «Полымя». Але і ў кантору пазваніць з Ашмян, кудой мы ізноў праязджалі, было не так проста: Кушлянскі калгас належаў да іншага, Смаргонскага раёна. Калі мяне ўсё ж звязалі з той канторай (званіў я з кабінета майго сябра рэдактара ашмянскай райгазеты Юркі Мікалаева), я нібы з-пад зямлі пачуў далёкі жаночы голас. Гэты голас і паабяцаў выканаць маю просьбу. Але званка я ад Алеся чамусьці так і не дачакаўся.
Як потым выявілася, мы ўсё ж дарэмна сумняваліся ў Жамойціне. Неўзабаве пасля нашай паездкі ў Кушлянах ізноў пабывала група работнікаў таго ж Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, якія сказалі мне, што падмурак хаты Багушэвічаў беражна захоўваецца. Ну, а палазіў там бульдозер быццам бы таму, што няўрымслівы Алесь Жамойцін хацеў гэтакім спосабам пашукаць для музея сямейныя рэліквіі Багушэвічаў. Між іншым, яму, як расказваюць, перад тым тое-сёе на Багушэвічавай сядзібе ўдалося знайсці — вельмі цікавую, праўда, пабітую фарфоравую талерку, камень, на якім выбіта лічба — 1898, а гэта ж год, калі паэт назаўсёды вярнуўся ў Кушляны. На гарышчы Багушэвічавай хаты адшукаўся таксама абрывак старога канверта з некалькімі невыразнымі словамі, напісанымі, як мяркуецца, рукой паэта... Ну што ж, можна толькі пажадаць Алесю Жамойціну поспеху ў яго важнай рабоце па ўвекавечанні памяці нашага Францішка Багушэвіча.
Вядома, Свіраны, Кушляны, Жупраны — самыя важныя мясціны ў жыцці Францішка Багушэвіча. Гэта — яго зямля, «малая радзіма».
Але, каб па-сапраўднаму пазнаць і зразумець паэта, трэба, мусіць, прайсці ўсімі яго шляхамі, па якіх кідала яго доля.
У час нашай экспедыцыі мы меліся, апрача названых вёсак, наведаць і іншыя, канечне, не вельмі далёкія адсюль мясціны, што паклалі хоць які-небудзь адбітак у біяграфіі Францішка Багушэвіча.
Больш за ўсё хацелася нам бліжэй пазнаёміцца з яго роднай Віленшчынай, сустрэцца з людзьмі, якія б маглі нешта дадаць да жыццяпісу паэта, ну, і набыць у іх для музея нейкія рэчавыя памяткі.
Канцавым пунктам нашага падарожжа па Віленшчыне мы намецілі вёску (здаецца, раней гэта было мястэчка) Яшуны, дзе некалі працаваў малодшы брат Францішка Багушэвіча Апалінар і куды часта наведваўся сам паэт. Пра Яшуны ён пісаў і ў адным са сваіх твораў. Яшуны належаць да Шальчынінскага раёна, які з аднаго боку мяжуе з Вільнюскім, а з другога — з нашым Воранаўскім раёнам Гродзенскай вобласці.
І вось па гладкіх асфальтаваных дарогах падвіленскага краю бяжыць падуладны Валеравым рукам наш лёгкі на ход аўтобусік.
Па дарозе мы час ад часу спыняемся, знаёмімся з вёскамі, гутарым з сустрэчнымі, адшукваем людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, якія многа могуць нам сказаць, дапамагчы з матэрыяламі для музея.
Першы, каго нам параілі наведаць, быў настаяцель царквы каля вёскі Тургалі протаіерэй айцец Канстанцін Аўдзей.
Мы спынілі свой аўтобус далекавата ад яго сядзібы — не знайшлі пад'езда. Праз стары сад, свежаскошаную лугавіну з копамі пахкага зялёнага сена пайшлі цугам да яго дома. Каб не надта палохаць гаспадароў, першымі выправілі нашых дзяўчат. Сцежка да дома вяла міма навязаных на ланцугі сабак, якія, убачыўшы нас, проста рвалі тыя ланцугі, каб не дапусціць няпрошаных гасцей да ганка. Пачуўшы залівісты брэх сабак, выйшла пажылая жанчына і, адпіхваючы іх ад сцежкі, распытала нас, хто мы такія і чаго хочам. Перакрыкваючы сабак, мы ўсё ёй растлумачылі, і яна, уціхамірыўшы сваіх ваўкадаваў, прапусціла нас да дома.
Насустрач нам выйшаў на ганак высокі хударлявы сівабароды чалавек гадоў сямідзесяці ў доўгай чорнай расе. Калі мы растлумачылі яму, што да чаго, ён ветліва запрасіў усіх нас у дом, дзе пасадзіў у невялікай, але вельмі ўтульнай гасцёўні. Спачатку айцец Канстанцін гаварыў на чыстай рускай мове, а даведаўшыся, хто мы, і пачуўшы нашу гаворку, адразу ж перайшоў на беларускую мову, выявіўшы добрае яе веданне. Аказваецца, сам ён родам з нашага Вілейскага раёна, з вёскі Губы. Больш таго, ён родны пляменнік... беларускага пісьменніка дакастрычніцкай пары Касьяна Вясёлага (сапраўднае імя яго — Вікенцій Іосіфавіч Аўдзей), які пісаў і публікаваў вершы, апавяданні, драматычныя творы. З яго п'есай «Не розумам сцяміў, а сэрцам» можна пазнаёміцца ў кнізе «Беларуская дакастрычніцкая драматургія», што выйшла ў Мінску ў 1961 годзе. Працаваў ён настаўнікам. Загінуў як афіцэр царскай арміі на першай імперыялістычнай вайне. Айцец Канстанцін расказаў нам, з якім поспехам ставілася ў свой час беларуская п'еса дзядзькі «Не розумам сцяміў...» у Вільні і ў розных беларускіх мястэчках і вёсках. Вяскоўцы айца Канстанціна прыгадвалі яму такую дэталь: калі яго дзядзька прыязджаў з войска дамоў на пабыўку, то заўсёды гаварыў з людзьмі «па-просту» — па-беларуску. Усе дзівіліся, што афіцэр і гаворыць на такой мове, смяяліся: «Мужык, мужык!»