Выбрать главу

Думаю, ад яе, ад зайздрасці, і тыя негатыўныя адносіны да заробкаў цяперашніх кааператараў, якія сваёй працай, сваім умельствам, сваім розумам набываюць сабе матэрыяльныя даброты.

На добры толк, трэба б заахвочваць, агітаваць людзей, каб яны імкнуліся жыць лепей, цікавей, каб яны самі стваралі сабе дастойныя ўмовы жыцця, напрыклад, каб бралі зямлю, рабілі на ёй такія вось «райскія куткі». Якраз на такіх гаспадароў сваёй долі трэба б арыентаваць людзей, а не на сярэдні шэры ўзровень, не на беднасць ды ўбогасць, за якімі часцей за ўсё — гультайства, п'янства, маральная разбэшчанасць.

— А цяпер можна і да Шчаснага, — калі мы адведалі хлеб-соль, сказаў гаспадар, ідучы разам з намі ад садовага доміка. — Вы садзіцеся ў свой аўтобус і прастуйце за мной. Я сёння буду ехаць на сваёй машыне.

— Дык, значыць, гэта ваша унь белая «Ніва»? — папытаў я.

— Гэта машына ў мяне для гаспадарчых патрэб... На выезд у мяня ёсць другая.

Айцец Канстанцін зайшоў у дом і выйшаў адтуль ужо ў элегантным свецкім плашчы са звязкай ключоў у руках і пакіраваў да прыземістай будыніны ў двары. Праз колькі хвілін выехаў адтуль на бліскучай чорнай «Волзе». Вось табе і айцец Канстанцін! Цяпер наўрад ці можна б было здагадацца, хто гэта сядзіць за рулём.

Убачыўшы ля парога сваёй хаты айца Канстанціна, Міхал Юстынавіч быў вельмі ўзрадаваны. Сябры абняліся. Гаспадар павёў нас у хату, пасадзіў вакол стала.

І праўда, у Шчаснага нашы музейнікі знайшлі нямала цікавых матэрыялаў, звязаных з гісторыяй беларускай літаратуры. Для музея ён падараваў аж адзінаццаць каштоўных фотаздымкаў з гісторыі Беларускай гімназіі ў Вільні. На адным з іх мы бачым вывешаны на сцяне партрэт Францішка Багушэвіча. Меў Міхась Юстынавіч і камплект «Нашай нівы», але гэтае рэдкае цяпер выданне пазычыў у яго такі ж аматар беларускай літаратуры Язэп Ермаловіч з вёскі Юшкі — калі б мы пад'ехалі туды, можна б было забраць той камплект. Але нам не ставала часу. Мы толькі запісалі Ермалковічаў адрас. Ужо недзе пасля нашага вяртання ў Мінск адна з найшчырых падзвіжніц музея Ірына Марачкіна сагітавала мужа і ўсё ж прывезла з ім той каштоўны набытак для музея.

Калі мы папрасілі абодвух паважаных людзей больш падрабязна расказаць нам пра Беларускую гімназію і Віленскую духоўную семінарыю, пра тагачаснае літаратурнае асяроддзе ў Вільні, яны з ахвотай пачалі прыгадваць сваё незабыўнае мінулае. Для нас гэта была жывая гісторыя, і мы, каб хаця не прапусціць нешта важнае, уключылі свае магнітафоны. «А ты помніш, як?..», «А таго і таго не забыўся?..» Гэтакімі пытаннямі яны нібы выцягвалі з памяці нітачкі новых і новых успамінаў — мы толькі спраўляліся перастаўляць у магнітафонах касеты.

Пад канец папрасілі іх расказаць пра тутэйшыя мясціны, у якіх выпала ім пражыць многія дзесяткі гадоў, пра іх Шальчынінскі раён, яго насельнікаў. Адказваючы на гэтае пытанне, айцец Канстанцін пачаў літаральна так (падаю дакладна спісаныя з магнітафоннай стужкі яго словы):

— Ведаеце што — тут нейкае недаразуменне. Усе беларусы тут жывуць, усе беларусы. А спрасі іх: «Ты хто?» — «Я — паляк!» А па-польску не панімае ні слова...

І праўда, кружачы на сваім аўтобусе і па Віленскім, і гэтым вось Шальчынінскім раёне, мы пры сустрэчах з людзьмі чулі толькі беларускую мову, вельмі тут каларытную. Нават не страчалі пакуль што, каб хто гаварыў па-літоўску. Спыніўшыся каля аднаго магазіна — ці то ў Тургелях, ці то ў самім Шальчынінкаі, — мы ўбачылі на шкле акон надпісы на літоўскай мове (відаць, яны пазначалі, дзе тут ляжыць мяса, дзе рыба, дзе якія крупы...). У дзядзькі, які мясціў на багажніку веласіпеда толькі што купленыя буханкі хлеба, я, паказаўшы на тыя надпісы, папытаў, што там напісана.

— А кадук яго ведае. Я не ўмею па-літоўску, — толькі і адказаў дзядзька: ён і без слоў тых бачыць, дзе што ляжыць, тым больш што ад таго, скажам, мяса часта і застаецца ўсяго толькі гэты надпіс.

Тут, як і ў Вільнюскім раёне, людзі, з якімі мы гутарылі, таксама залічваюць сябе ў палякі.

Прычыны такой «самастойнасці» насельніцтва падвіленскага краю, «тутэйшых», відаць, тры: першая — іх каталіцкасць, якая ўсе яшчэ атаясамліваецца з польскай нацыянальнасцю, другая — тое, што ўсіх беларусаў-католікаў (а мо і не толькі католікаў?) пры Польшчы «папісалі» палякамі — хацелі яны ці не хацелі, і трэцяя прычына — шматвяковае прыніжэнне становішча беларусаў і адпаведна беларускай мовы, якая доўгі час лічылася мужычай, а цяпер мовай простага, менш адукаванага люду.