У сувязі з першай прычынай успомніўся мне тут артыкул Янкі Купалы «Вера і нацыянальнасць», у якім ён яшчэ ў 1914 годзе з болем пісаў, што змаганне дзвюх цэркваў — каталіцкай і праваслаўнай — «дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў іх свядомасць і пачуцці нацыянальнай еднасці. Беларуса-католіка ўгаворваюць, што раз ён католік, то ён — паляк, і не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расіец, і католіка-беларуса павінен сцерагчыся, бо ён — паляк...» У канцы артыкула паэт заклікаў: «Помніма, братцы, ці мы католікі, ці мы праваслаўныя, — мы беларусы, а бацькаўшчына наша — Беларусь. Не мяшайма справы рэлігіі з нацыянальнасцю...»
Як відаць, і сёння гэта не ўсе ўсведамляюць, і сёння «мяшаюць» веравызнанне з нацыянальнасцю. І не толькі ў родных мясцінах Францішка Багушэвіча і падвіленскім краі. Мне нават у Мінску ад вельмі адукаваных людзей даводзілася чуць гэтую старую казку: раз праваслаўны — значыць, рускі, раз католік — значыць, паляк. А многія ж нашы вернікі вельмі цвёрда перакананы ў гэтым.
Назваўшы сябе палякамі, падвіленскія беларусы ставяць перад літоўскімі ўладамі і адпаведныя патрабаванні. І вось у Літоўскай ССР выплывае ўжо на свет божы «польскае пытанне», узнікаюць звязаныя з ім праблемы.
У газеце «Правда» (ад б кастрычніка 1989 года) трапіўся мне на вочы артыкул другога сакратара райкома партыі Літвы названага Шальчынінскага раёна Ч. Высоцкага «Позірк з раёна», дзе і закранаецца гэтае «польскае пытанне». Аўтар зыходзіць са статыстыкі. Ён сцвярджае, што ў яго «інтэрнацыянальным Шальчынінскім раёне... больш як 80 працэнтаў жыхароў — палякі, 8,5 працэнта — літоўцы, 5 працэнтаў — рускія і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей». Вось так! Пра беларусаў — ні гуку! Дзе ж яны тады падзеліся, гэтыя беларусы, мова якіх гучыць тут на кожным кроку? Ды схаваліся пад два словы! Першае слова — «палякі» (тыя больш як 80 працэнтаў), другое — «іншыя нацыянальнасці», куды, пэўне ж, трапілі праваслаўныя беларусы, якія, паводле сцвярджэння таго ж айца Канстанціна, у пашпартах, у адрозненне ад католікаў, запісаны правільна — беларусамі. Ч. Высоцкі чамусьці пасаромеўся назваць іх. Ёсць падазрэнне, што нашы сціплыя беларусы ўсё ж хаваюцца тут яшчэ пад адно слова — «рускія»: якраз да іх адносяць сябе, як вядома, некаторыя праваслаўныя беларусы. Трохі ніжэй у сваім артыкуле Ч. Высоцкі падае яшчэ адну лічбу — ён даводзіць, што ўсяго «у Вільнюскім краі пражывае каля 270 тысяч палякаў». Адсюль другі сакратар райкома партыі робіць «лагічную» выснову: у рэспубліцы патрэбна «вышэйшая навучальная ўстанова для польскага насельніцтва», якая б магла «рыхтаваць спецыялістаў і з ліку палякаў, што пражываюць у іншых рэспубліках».
Магчыма, сярод гэтага «польскага» насельніцтва ёсць і сапраўдныя палякі. Ім, вядома ж, сапраўды трэба ствараць усе ўмовы для свайго нацыянальнага развіцця. Але калі ў пераважнай большасці гэта ўсё ж беларусы-католікі, якія не разумеюць свайго сапраўднага паходжання? Як тады быць? Можа, трэба б было неяк растлумачваць ім, хто яны такія? Думаю, у будучым за тое, што сёння мы адкрыем ім вочы на сапраўдны стан рэчаў, яны нам толькі падзякуюць.
Забягаючы наперад, скажу, што на ўстаноўчым з'ездзе Таварыства беларускай мовы ў Мінску я падаў запіску аднаму з прамоўцаў — прадстаўніку Таварыства беларускай культуры ў Літве Валянціну Стэху: што робіцца там для таго, каб раскрыць нашым беларусам-католікам віленскага краю вочы на сваё сапраўднае нацыянальнае паходжанне? Валянцін Стэх падрабязна расказаў з трыбуны з'езда, што робіцца ў Літве ў гэтым кірунку: перш за ўсё створана Таварыства беларускай культуры, якое працуе пры Літоўскім фондзе культуры і вядзе немалую растлумачальную работу сярод літоўскіх беларусаў, арганізавана ў Вільні згуртаванне беларускай мастацкай самадзейнасці «Сябрына», па літоўскім радыё — пакуль што адзін раз у два тыдні — пачала гучаць перадача на беларускай мове. Ёсць ужо рашэнне — у рэспубліканскай маладзёжнай газеце «Камсамольская праўда» перыядычна друкаваць на беларускай мове адну старонку. Літоўскія ўлады гатовы адкрыць у Літве і беларускія школы. Вось ён, інтэрнацыяналізм, у дзеянні, а не на словах!
Ад айца Канстанціна і Шчаснага мы даведаліся, што вёска Мерая, у ваколіцы якой стаіць хата Міхала Юстынавіча, ёсць тое самае Паўлава, цэнтр колішняй славутай Паўлаўскай рэспублікі, пра якую я даўно ведаў з літаратуры і якой цікавіўся як унікальнай старонкай у нашай гісторыі. Ведаць ведаў, але не меў ніякага ўяўлення, дзе яна знаходзіцца. Я намерваўся нават знайсці час і пашукаць яе, паглядзець, што ад яе засталося. І вось такая неспадзяванка: мы, аказваецца, сядзім і спакойна вядзём гамонку, па сутнасці, у той самай Паўлаўскай рэспубліцы, розгалас пра якую некалі разносіўся па ўсёй Еўропе!