Стваральнікам гэтай легендарнай рэспублікі быў буйны беларускі землеўладальнік Павел Ксаверы Бжастоўскі. Ад яго імя і вёска Мерач займела другую назву — Паўлава, адсюль — і Паўлаўская рэспубліка.
І было чаму здзіўляцца суседзям-памешчыкам, ды і не толькі суседзям: у самы росквіт прыгонніцтва, у далёкім 1767 годзе, яшчэ задоўга да Вялікай Французскай рэвалюцыі багаты землеўласнік раптам сам вызваляе з прыгоннай няволі ўсіх сваіх падданых, раздае ім зямлю, аб'яўляе ўсіх насельнікаў яго ўладанняў роўнымі паміж сабой, усталёўвае сапраўды дэмакратычныя парадкі, сялянскую рэспубліку. У гэтай рэспубліцы селянін упершыню меў поўнае права выбіраць свой урад, свайго прэзідэнта. Адначасова кожны мог быць сам выбраны ў двухпалатны сойм, стаць міністрам, а можа, і прэзідэнтам. Праўда, сяляне нязменным прэзідэнтам выбіралі самога Бжастоўскага, якога не маглі не шанаваць, не любіць. У Паўлаўскай рэспубліцы, як і ў любой дзяржаве, быў свой сцяг, свой герб, чаканіліся свае грошы. Ну, і мелася сваё войска. У салдат гэтага войска была і свая форма: белыя суконныя жупаны з латуннымі гузікамі, чорныя аўчынныя папахі з чырвоным верхам, юхтавыя боты. На выпадак якога-небудзь узброенага нападу на рэспубліку згода з канстытуцыяй магло быць склікана ўсеагульнае апалчэнне — «народнае рушанне».
Той-сёй можа растлумачваць такую самаахвярнасць Бжастоўскага дзеля сваіх падданых простым дзівацтвам, прыхамаццю багацея, гульнёю ў гуманізм, данінай модзе ці яшчэ чым-небудзь. Але такое тлумачэнне ідзе, думаецца, ад зададзенай устаноўкі: не можа так сабе чалавек адмаўляцца ад свайго багацця, прывілеяванага становішча. Інакш кажучы, такое тлумачэнне ідзе ад нявер'я ў людскую дабрату. Мне ж здаецца, якраз яна, дабрата, спагада да чалавека, павага да яго і рухала тут Паўлам Бжастоўскім. І ці варта нам беспрычынна бэсціць высакароднага чалавека? Дарэчы, такіх людзей нямала было ў нас у часы Асветніцтва. Даволі ўспомніць тут яшчэ віленскага кароннага канцлера Андрэя Замойскага і падканцлера літоўскага Іаахіма Літавора Храптовіча, якія ў сваіх уладаннях замянялі паншчыну чыншам.
Вядома, вялікі ўплыў на гэтых людзей зрабілі гуманістычныя ідэі асветнікаў, у першую чаргу французскіх энцыклапедыстаў і асабліва пісьменніка-нарадалюба Жан Жака Русо.
Паўлаўская рэспубліка праіснавала больш чым паўвека, а канкрэтней — цэлых 60 гадоў і распалася са смерцю самога яе заснавальніка Паўла Бжастоўскага, які пад канец жыцця быў пробашчам пры касцёле ў Рукойнах і, як расказваў нам Альфонс Тамулайціс, там і пахаваны ў 1827 годзе.
У цэнтр Паўлаўскай рэспублікі — Мерач-Паўлава — мы трапілі на зыходзе дня. Усіх нас ашаламіла веліч напалову разбураных даўнейшых мураваных будынкаў, якія мы ўбачылі з дарогі, злева ад яе. З другога боку нам кінулася ў вочы гожая мураваная капліца, што стаяла сярод поля. Мы сунялі свой аўтобус каля тых велічных руінаў, пачалі іх фатаграфаваць. У варотах нейкай базы супынілі шафёра самазвала, пачалі наперабой з Ірынай Марачкінай распытваць яго пра Паўлаўскую рэспубліку. Так, ён ведае пра яе. Вунь палац Бжастоўскіх. Там — іх лядоўня. Тут во быў склад. Вёска і сёння завецца Паўлава. А за рэчкай Мерачанкай ёсць яшчэ адна вёска — Бжастова. Вядома ж, яна таксама названа ў гонар Паўла Бжастоўскага. Вось так — раз быў добры чалавек, людзі ўвекавечылі яго і імя, і прозвішча. Мы хацелі даведацца, што ж канкрэтнага засталося ў памяці паўлаўцаў ад іх колішняй рэспублікі, але шафёр сказаў, што ён спяшаецца і што лепш пра гэта можа расказаць вартаўнік, стары чалавек. На вялікі жаль, нам ужо не было часу шукаць вартаўніка. Галоўнае, мы ўбачылі, што ў Паўлаве і ваколіцах жыве ў народнай памяці тая славутая сялянская рэспубліка, якая ўзнікла на гэтай зямлі дзвесце з лішнім гадоў назад і руіны якой былі ў нас перад вачамі. Потым я даведаўся, што запісы ўспамінаў пра гэтую рэспубліку ёсць недзе ў мясцовай школе — нехта там усур'ёз зацікавіўся яе гісторыяй, якая, як мне думаецца, чакае яшчэ пяра добрага раманіста.
Усё пачутае абвяргае, відаць, віленскага літаратара І. Обста, які, як піша ў сваёй кніжцы «Мядовы бунт» мой былы таварыш па рабоце ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР Станіслаў Цярохін, яшчэ ў канцы XIX стагоддзя наведаўшы Паўлава, сцвярджаў, быццам тут пра Паўлаўскую рэспубліку ўжо ніхто, нават сівыя дзяды, не помніць. Добрае, як бачым, не забываецца і праз стагоддзі.