Выбрать главу

Сапраўдны энтузіяст краязнаўства Іозас Юргевіч Лябёнка выказаў таксама меркаванне, што ў Яшунах бывалі такія славутыя паэты, як Юльюш Славацкі, Адам Міцкевіч, Тамаш Зан. Нічога не магу сказаць наконт Славацкага, што ж да двух апошніх, то яны маглі бываць у Яшунах, бо адсюль недалёка ляжалі і Балценікі, дзе жыў у сваім маёнтку Ваўжынец Путкамер са сваёй жонкай Марыляй — вялікім юнацкім каханнем Адама Міцкевіча — і куды, як вядома, прыязджаў нешчаслівы закаханы. Бывалі тут і яго сябры Тамаш Зан і Ян Чачот. Дарэчы, Ян Снядэцкі і Ваўжынец Путкамер сябравалі, наведваліся адзін да аднаго.

ДОЦІШКІ

Пасля кароткачасовай вучобы ў Пецярбургскім універсітэце Францішак Багушэвіч у пачатку 1862 года ўладкоўваецца настаўнікам у Доцішках, у прыватнай школе памешчыка Звяровіча. Гэта — у цяперашнім Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці.

Выбраліся мы туды з Яшуноў ужо вечарам.

Галоўнае — нам трэба было да ночы паспець у Воранава, дзе былі заказаны нумары ў гасцініцы.

Як мы ні спяшаліся, але прыехалі туды недзе пасля адзінаццаці гадзін вечара.

Меркавалі пераначаваць і назаўтра ранічкай адразу пусціцца ізноў у дарогу.

Але здарылася непрадбачнае: калі мы зайшлі ў гасцініцу, выявілася, што нас там ніхто не чакае, што ніякіх заказаў у адміністрацыі наконт нас не паступала і што гасцініца і без нас забіта да адказу, нават на калідорах няма месцаў. Аказваецца, адна з удзельніц нашай экспедыцыі, заказваючы па тэлефоне гасцініцу з Мінска, надта даверылася незнаёмаму голасу з райкома партыі, нават не папыталася, з кім канкрэтна размаўляе. У выніку ўся наша група з адзінаццаці чалавек засталася насупраць ночы без начлегу.

Што ж было рабіць? Ехаць у Мінск, так і не пабываўшы ў Доцішках? Гэта б было проста недаравальна. Да таго ж шафёр Валера, які цалюткі дзень не выпускаў з рук руля, кружачы па Віленшчыне, ужо не мог везці нас амаль усю ноч праз гэтакую далеч. Дык, значыць, кукаваць цэлую ноч у вестыбюлі, а заўтра соннымі мухамі ехаць па маршруце? Яно на горшы выпадак можііа б зрабіць і так, але ж хіба зможа весці аўтобус шафёр такой «соннай мухай»?

— Як жа нам быць? — зноў стукаліся мы ў акенца дзяжурнай.

— А я адкуль ведаю — трэба было раней думаць! — І — ляп акенцам перад нашымі апушчанымі насамі.

А што, калі пазваніць дамоў сакратару райкома партыі па ідэалогіі? Мо хоць які інтэрнат паможа знайсці сваім калегам — усё ж мы таксама ідэалагічныя работнікі! Ну, што ж — за спрос не дадуць, можа, у нос? Я папрасіў у дзяжурнай тэлефонную кніжку. Вось і нумар насупраць прозвішча сакратара райкома — Кушнянковай Нэлі Казіміраўны. Мабілізуючы ўсе свае дыпламатычныя здольнасці, я набіраю нумар тэлефона. Звязаўшыся, перш за ўсё прашу прабачэння за позны званок, потым паведамляю, што ў Воранаўскі раён прыбыла цэлая група творчых работнікаў — з Беларускага тэлебачання, часопіса «Полымя» і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Ну, і растлумачваю сітуацыю, у якую трапіла гэтая «надта важная» група, што павінна працаваць ў Воранаўскім раёне. Ці не магла б сакратар памагчы нам з начлегам? Нэля Казіміраўна проста адказала, што гэта зусім не яе клопат шукаць нам начлег, і пачала ўшчуваць нас за тое, што самі загадзя не паклапаціліся пра яго.

— Ну, кто же так делает? — паўтарала яна.

— Усё правільна, Нэля Казіміраўна, — адказаў я дыпламатычна. — Мы тут поўнасцю вінаватыя. Але калі б вы ўсё ж нам памаглі, мы сказалі б вам вялікі дзякуй. Калі ж не зможаце памагчы, што ж, мы не будзем на вас у крыўдзе. Просім толькі яшчэ раз прабачэння, што патурбавалі ў такі позны час...

— Ну, ладно, позвоните мне минут через десять...

Няўжо мая «дыпламатыя» спрацавала?

І праўда, калі я пазваніў праз тыя дзесяць мінут, Нэля Казіміраўна, не забыўшыся яшчэ раз паўшчуваць нас за неарганізаванасць, дала адрас інтэрната нейкага вучылішча, дзе нас «размесцяць».

У інтэрнаце, папярэдне патрэбаваўшы дакументы, нам выдалі на складзе «пасцельныя прыналежнасці». Да гадзіны ночы мы цягалі ў два агульныя пакоі — адзін для жанчын, другі для мужчын — матрацы ды падушкі, устанаўлівалі даўно забытыя намі жалезныя ложкі з панцырнымі сеткамі, рып ад якіх ішоў на кіламетр. Што ж да чысціні і парадку, то на гэта мы як госці мусілі — і ў пераносным, і ў прамым сэнсе — проста закрыць вочы.

Назаўтра мы меркавалі як мага раней выехаць па сваім маршруце. Трэба ж было і пабываць у Багушэвічавых мясцінах, і паспець вечарам у Мінск.

Але гэта толькі ў казцы і на паперы ўсё проста і хутка робіцца.

Каб разлічыцца за «гасцініцу», нам трэба было дачакацца, пакуль яшчэ адчыніцца вучылішчная бухгалтэрыя — якраз яна, як нам сказалі, «производит» такія «операции». Гэта была наша першая затрымка.