Выбрать главу
Што старыя за вар'яты: Мелюць без прычыны, Быццам час. свой марна трацім Мы каля дзяўчыны. І ўсё пхнуць нас да работы, Хоць таго не знаюць, Што да працы я ахвоты Без дзяўчат не маю! З любай стрэнуся, бывае, Прыгарну к сабе я, Сэрца радасцю палае, Галава яснее. Жыць тады, сябры, ахвота, Хораша наўкола. Мігам робіцца работа З песняю вясёлай! Дык мяліце ж без прычыны Вы, старыя людзі, — Вас паслухаем тады мы, Як дзядамі будзем!

Такой жа бадзёрай, аптымістычнай была вельмі папулярная таксама сярод моладзі песня Яна Чачота «Прэч, прэч, сум, нудоты...». У прыпісцы да яе аўтар адзначыў, што напісана яна на матыў песні «крывічан», як зваў ён беларусаў, песні, якая пачыналася словамі: «Сем дзён малаціла, чах, чах — зарабіла...» Ахвотна спявала моладзь і песні Яна Чачота, якія былі ім створаны на матывы беларускіх народных песень, што пачыналіся такімі словамі (іх зноў-такі аўтар прыводзіць — каб ведалі, як іх спяваюць): «Ой валы ж мае да палавыя», «Бяду сабе купіла да за свае грошы», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся» і інш.

У многіх песнях Яна Чачота адбіліся антыўрадавыя настроі моладзі, вольналюбівыя ідэі аўтара. Гэтыя творы, якія выконваліся на розных студэнцкіх сходках і ўрачыстасцях, віленская моладзь заўсёды сустракала бурнымі воплескамі, а самога аўтара часам падымала «на ўра».

Але самы вялікі поспех у студэнцкай моладзі, большая частка якой паходзіла з апалячанай беларускай шляхты, мелі тыя філамацкія творы Яна Чачота, што былі напісаны па-беларуску. Сам факт звароту да мовы запрыгоненага, бяспраўнага мужыка-беларуса гаварыў аб многім, і перш за ўсё аб адкрытым дэмакратызме паэта, аб адмаўленні ім бесчалавечнага прыгонніцкага ладу. Гэты дэмакратызм, як бачым, імпанаваў і перадавой віленскай моладзі.

Першымі з беларускіх твораў Яна Чачота, якія дайшлі да нас, былі тыя, што напісаў паэт да імянін старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага, які быў родам з Украіны.

Спраўляліся гэтыя імяніны 7 сакавіка 1819 года і называліся «Яжовыя» — па прозвішчу віноўніка ўрачыстасці.

Сам Ян Чачот, які заўсёды выступаў са сваімі вершамі на. падобных урачыстасцях, гэты раз прыехаць на свята не здолеў. Як службовец «Масы радзівілаўскай» — спецыяльнага бюро па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў, ён у гэты час быў камандзіраваны ў Мінск. Адтуль паэт і прыслаў свае вершы сябрам у Вільню, выказаўшы пры гэтым — зноў-такі ў вершаванай форме — шкадаванне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застоллі, ён «посціць, як святы», у Мінску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара». Прысланыя вершы Яна Чачота зачыталі на ўрачыстасці Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, а тыя, што былі прызначаны для спеву, выконваліся жаночым і мужчынскім хорамі. Беларускія вершы і песні Яна Чачота склалі сабой цэласную драматычную сцэнку, прызначаную для выканання на ўрачыстасці ў гонар Юзафа Яжоўскага. Дзейнымі асобамі былі тут вясковыя людзі, якія быццам бы прыйшлі павіншаваць імянінніка.

Першы выйшаў з віншаваннем цівун, беларуская мова якога была перасыпана польскімі словамі і выразамі — характэрная для такіх «падпанкаў» гаворка. Цівун (здаецца, гэту ролю выконваў Тамаш Зан) пачаў так:

Чулі мы гэта, што есць вашэць украінец І контэнт3, што ўрадзіўся ў жызнай краіне, Як абачыў, што ў нас нявелькі дзядзінец, Сказаў: «Як брыдко мешкаюць4 ліцвіне5...»

Далей цівун жартам аспрэчвае імянінніка, кажучы не без іроніі, што там, на Украіне, вельмі добра: «Хаты злепкі з гною, бо вы лесу не маеце...» І хоць там вельмі родзіць жыта і пшаніца («бо ў вас грунт харошы, чарназёмны, тлусты»), але ж усё роўна ўкраінскія чумакі едуць па прыбытак у Беларусь — любяць валацужнічаць.

Аднак мы ім назоліць6 не хочам ніколі, І ты, мілы панічу, не смейся з нас, просім. Усё гэта дзеецца па нябескай волі. Гультай часты, дзе добра. Мы больш працы зносім. Пагадземся. Мы людзі добрае есць душы. Не будзь і ты ніколі ліхім, панічэньку. Не трэба ламаць тае, скуль груш дастаў, грушы, Помні, што ты вучышся ў нашым Вілейку7. Згода. Але сягоння мы ся даведалі, Што Вашы імяніны, святога Язэпа, А каб Вы к сабе нашу прыхільнасць пазналі, Ідзем гэта, не сядзім у хаце, як Мазепа. Будзем цябе віншаваць. Я есць цівун з двара. Гэта — сельскі дзесятнік, ён лысіну гладзіць, Ён знаець іспраўніка, знаець асэсара, Маскалёў8 на кватэру, як чартоў, нам садзіць. Там войт, што уса круціць, чалавек бывалы, Быў у Гданьску, у Кралеўцу плаваў на віціне, Ось там стаіць маладзец, жаўнер дасканалы, Ён, бядак, кабылінку з'ядаў у Мадліне. Там у куце музыка: як ён добра граець! «Свінні ў рэпе», і «Дзюбу», і польскія танцы. А гэта ёсць Алёнка, очы ў дол спушчаець, А там бачу: Альжбетка ў сіняй катанцы. Но, зачніце, дзявочкі, пану заспявайце, Ён вам дасць па ўстужачцы, борзда зачынайце.