Выбрать главу

Вельмі добра, што партыйныя работнікі хаця б «на месцах» усвядомілі гэта. Але ж хіба можна такія сур'ёзныя прарэхі ў ідэалагічнай рабоце зашыць латкамі пісьменніцкіх выступленняў? Тут, відаць, трэба б распрацоўваць нейкую дзяржаўную праграму дзеянняў. У высокіх жа кабінетах рэспублікі, як мне здаецца, пануе наконт гэтага поўны спакой, абыякавасць. Забегаюць там, зазвоняць ва ўсе званы, кінуцца мабілізоўваць усе тушыльныя сродкі толькі тады, калі пажар дакоціцца і да акон тых кабінетаў.

Але нам трэба не дапусціць пажару. І вельмі правільна трывожыцца, імкнецца нешта рабіць Нэля Казіміраўна, якой мы выказалі шчырую гатоўнасць памагчы. Вось тут, думаецца, трэба б было скарыстоўваць і малады энтузіазм «нефармалаў» — замест таго, каб усяляк бэсціць гэты здаровы ў сваёй аснове рух, падсцерагаць з дубінаю ў руках заклапочаных доляй Беларусі маладых хлопцаў і дзяўчат. Тут яны былі б, я ўпэўнены, заадно з Нэляй Казіміраўнай.

Размова ў кабінеце сакратара райкома закончылася тым, што Нэля Казіміраўна запісала нашы тэлефоны і дала нам таксама свой: для далейшага супрацоўніцтва. Так што мы развіталіся ўрэшце як аднадумцы. Развіталіся з усёй шчырасцю, з разуменнем складанасці праблем, якія стаяць перад сакратаром райкома партыі.

Затое, калі мы падышлі да аўтобуса, нашы сябры па вандроўцы гатовы былі невядома што зрабіць з намі за такую затрымку.

У Доцішкі мы трапілі недзе к палудню.

Даволі раскіданая, у зялёных прысадах, з вясёлымі вокнамі хат і шырокімі даляглядамі беларуская вёска. Наводшыбе здалёку відаць векавыя раскошныя ліпы панскага парку. У гэтым парку і стаяў колісь вялікі драўляны палац ліберальнага памешчыка Аляксандра Звяровіча, які, жадаючы даць асвету сялянам, адкрыў тут прыватную школу. Настаўнікам гэтай школы, мусіць, незнарок выбраў ён маладога Францішка Багушэвіча.

Пра тое, як вучыў дзяцей у прыватнай школе Аляксандра Звяровіча малады Францішак Багушэвіч, пра самую школу шмат новых дэталяў паведаў нам сын аднаго з яго вучняў — васьмідзесяцігадовы Юзаф Міхайлавіч Свечка. Ён — вядома, паводле ўспамінаў бацькі — расказаў, што школа месцілася ў самім панскім палацы. Вучыліся ў ёй дзеці простых сялян — Звяровіч «хацеў іх граматнымі парабіць». Акрамя свайго бацькі Юзаф Міхайлавіч назваў імёны яшчэ двух вучняў Францішка Багушэвіча — гэта былі бацькаў «аднаімённік» і фамільят Міхал Свечка і Адам Савель. Запомнілася, што апошні няважна вучыўся. Цяжка даваліся яму літары. Напрыклад, ён не мог назваць літару «А». Багушэвіч казаў: назаві сваё імя і скажы, з якой літары яно пачынаецца? Хлопчык вымаўляў імя і пасля называў літару.

Цікава расказаў Юзаф Міхайлавіч і пра сям'ю Звяровічаў. Сам Аляксандр Звяровіч быў надзвычай добры чалавек, «шанаваў мужыкоў», вызваліў іх ад паншчыны. Калі пачалося студзеньскае паўстанне, ён прыняў у ім удзел, за што быў пакараны царскімі ўладамі. У адрозненне ад Аляксандра Звяровіча яго бацька быў, наадварот, вельмі жорсткім прыгнятальнікам сялян, часта збіваў іх за любую дробязь. Нават меў спецыяльнага ката, які клаў сваю ахвяру на зэдаль у садзе і біў бізунамі. Людзі апісваюць нават партрэт гэтага ката, што быў «з мужыкоў»: «...меў ён выгляд звера, вялікія круглыя вочы наверх...»

Якраз у Доцішках сустрэў малады настаўнік бурныя падзеі 1862-1864 гадоў.

Як паказвае ў сваіх кнігах Генадзь Кісялёў, напярэдадні студзеньскага паўстання па ўсёй Гродзеншчыне кружылі напоўненыя выбуховай сілай «лятучыя лісткі» (выраз Герцэна) першай беларускай газеты «Мужыцкая праўда», якую выдаваў разам з сябрамі Кастусь Каліноўскі — «Яська — гаспадар з-пад Вільні» — і за адно чытанне якой царскія ўлады каралі смерцю. «Мужыцкая праўда» не магла не трапіць і да Францішка Багушэвіча. Яму маглі прынесці яе сяляне ці ягоныя вучні ў Доцішках альбо давалі пачытаць у Кушлянах, дзе яе распаўсюджваў віленскі гімназіст Антон Ясевіч.