«Дзецюкі! — чытаў Францішак Багушэвіч на роднай беларускай мове гарачыя словы праўды. — Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, — цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядлівую, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда, як маланка пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і ўчыць сваёй мужыцкай праўды...
Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, гдзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны хочуць трымаць з намі, так няхай жа робяць па свентай справядлівасці: бо калі іначай — так чорт іх пабяры! Мужык пакуль здужае трымаці касу і сякеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе».
Тут Францішак Багушэвіч бачыў прамы заклік і да самога сябе, заклік з пытаннем: з кім яму, шляхціцу, ісці? Толькі адказ на гэтае пытанне трэба было даваць не голымі словамі. І Багушэвіч адказаў адназначна: ісці разам з мужыком змагацца за мужыцкую праўду!
Мы не шмат ведаем пра ўдзел Францішка Багушэвіча ў паўстанні 1863 года. Бо не маглі ж хваліцца пра гэта паўстанцы, якіх, не задумваючыся, слаў на шыбеніцу ці гнаў у сібірскую катаргу Мураўёў-вешальнік. Вядома толькі, што Францішак Багушэвіч пайшоў у самы вір паўстання. Магчыма, ён змагаўся ў атрадзе Людвіка Нарбута (сына вядомага гісторыка Тэадора Нарбута), які загінуў у сутычцы з царскімі войскамі пад недалёкімі ад Доцішак Дубічамі і якога замяніў малодшы брат Баляслаў Нарбут, а потым — Аляксандр Парадоўскі (Астрога). Есць таксама падставы меркаваць, што Францішак Багушэвіч быў у шэрагах ашмянскіх паўстанцаў. Як бы там ні было, з успамінаў блізкіх сяброў паэта вядома, што ён разам з паўстанцамі дайшоў да Сувалкскіх (Аўгустоўскіх) лясоў, быў у адным з баёў паранены ў нагу. Хаваючыся ад царскіх улад, жыў нейкі час у Вільні. Гэта была якраз пара расправы царызму з паўстанцамі, якіх масамі расстрэльвалі, вешалі і высылалі ў Сібір на катаргу. Адна за адной даносіліся да Францішка горкія весткі аб гібелі сяброў. У снежні 1863 года быў расстраляны на Лукішскай плошчы яго аднакласнік па гімназіі, найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем мужны рэвалюцыянер Ціт Далеўскі. Другі таварыш Францішка Багушэвіча па гімназіі Ігнацы Здановіч — правая рука Кастуся Каліноўскага ў літоўска-беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі — таксама быў схоплены царскімі салдатамі і ў тым жа снежні 1863 года павешаны. На вачах Францішка Багушэвіча былі таксама павешаны на Лукішскай плошчы і кіраўнікі студзеньскага паўстання на Беларусі Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі, пад сцягамі якіх ён хадзіў у бой. Ратуючыся ад гэтакай жа расправы, паўстанец Францішак Багушэвіч, якога па ўсім краі шукалі царскія шпікі, здолеў вырвацца з іх лап і ўцячы на Украіну.
Горыч паражэння, адчай і нязбытны жаль па крушэнні лепшых надзей, светлых мар аб народнай волі мог выказаць Францішак Багушэвіч толькі праз два з лішнім дзесяткі гадоў. Якраз пра трагічныя вынікі паўстання 1863 года, як заўважыў Генадзь Кісялёў, выгаварвала ў 1891 годзе ўваскрэслая Багушэвічава «Дудка беларуская»:
Жывы водгалас студзеньскага паўстання можна знайсці ў шмат якіх творах Мацея Бурачка. У іх выказваліся тыя ж ідэі, якія мабілізоўвалі сялян і лепшых прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя ў паўстанцкія атрады. Гісторыкі літаратуры маглі б, напэўна, адшукаць шмат якія паралелі ў творчасці Францішка Багушэвіча і, напрыклад, у «Мужыцкай праўдзе» Кастуся Каліноўскага. Адгорнем яе другі нумар: «Дзецюкі! Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў адзінакую душу, так скуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе да і над людзьмі збыткуе, а другі бедны паншчыну служыць альбо аброкі і казну плаціць?..» Ці не тое ж самае кажа і Мацей Бурачок у вершы «Бог не роўна дзеле»? Нават форма бярэцца тая ж: