Альбо пачытаем яшчэ першы нумар газеты Кастуся Каліноўскага: «А гэты маніфест, што цар з сенатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае, да чаго ён падобны, — ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд... Нарабілі пісараў, пасрэд нікаў, а ўсё за мужыцкія грошы — чорт ведае нашто... А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці...»
А цяпер возьмем для параўнання верш Францішка Багушэвіча «Як праўды шукаюць»:
Амаль паэтычны пераказ «Мужыцкай праўды»! А як перагукваецца заклік Кастуся Каліноўскага «знішчыць гэтую гнілую і разбэшчаную касту» — дваранства, яго апошнія словы перад шыбеніцай «У нас няма дваранства, усе роўныя!» з радкамі вершаў яго паплечніка па барацьбе Францішка Багушэвіча:
Гэта — з верша «Ахвяра». А вось радкі з верша «Не цурайся»:
Па сутнасці, Багушэвічава творчасць — гэта паэтычнае ўвасабленне найбольш радыкальных ідэй паўстання 1863 года на Беларусі і Літве пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Пры належных умовах Францішак Багушэвіч мог бы быць яго песняром: нельга думаць, каб ужо ў той віхурны час не пачынаў свае паэтычныя спробы дваццацітрохгадовы настаўнік. Але час патрабаваў дзеяння, і Францішак Багушэвіч палічыў патрэбным замяніць пяро на баявую зброю паўстанца. Якраз да яго, відаць, трэба аднесці вядомую прымаўку: калі гучаць гарматы — музы маўчаць. Але муза Францішка Багушэвіча змушана была маўчаць і тады, калі былы паўстанец пайшоў пакутніцкай дарогай дабравольнага выгнання блукаць па свеце ў пошуках прытулку і кавалка чорнага хлеба. «Можа быць, ніхто з такой мінай не глядзіць на гэтыя прайшоўшыя гады, як я, які гэтулькі страціў без следу: прамываў цукар у вадзе ўвесь час...», — з горыччу казаў пра свае дваццацігадовыя блуканні сам паэт. Толькі пасля вяртання на радзіму, на схіле жыцця змагла на ўсю моц загучаць песня «панарскага салаўя».
У час сваёй экспедыцыі мы зазірнулі яшчэ ў Віні нева — вёску ў Смаргонскім раёне.
Тут у 1886-1889 гадах Францішак Багушэвіч, наязджаючы з Вільні, працаваў даверанай асобай у маёнтку Яна Карловіча.
З ім, вядомым польскім дзеячам навукі і культуры, Францішак Багушэвіч, як мяркуюць, пазнаёміўся і на ўсё жыццё пасябраваў, калі працаваў настаўнікам у Доцішках, недалёка ад якіх, у суседняй Падзітве, быў родавы маёнтак Карловічаў.
Гэта Ян Карловіч, які, дарэчы, з вялікай пашанай ставіўся да беларускага народа, да яго мовы, культуры, збіраў і запісваў яго фальклор, дапамог паўстанцу Багушэвічу ўцячы ад учэпістых лап царскіх шпікоў на Украіну і ўладкавацца там на вучобу ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. З удзячнасцю прыгадваючы гэтую дапамогу, беларускі паэт пісаў з Нежына Карловічавай мацеры, што ён «абавязаны яе высакароднаму сыну ўсёй сваёй будучыняй». Тут трэба яшчэ дадаць: Яну Карловічу абавязана ўся беларуская літаратура, абавязана тым, што наогул творы Францішка Багушэвіча дайшлі да нас, што яны не згубіліся ў віхурах таго неспрыяльнага для нашай культуры часу. Гэта ж якраз намаганнем Яна Карловіча былі ў 90-х гадах выдадзены зборнікі твораў Мацея Бурачка.