Выбрать главу

Гэта перш за ўсё — Віленская гімназія, дзе вучыўся паэт. Варта было б паглядзець на цяперашні яе стан, адшукаць месца, дзе спыняўся Францішак Багушэвіч, дзе бываў у Вільні ў час вучобы. Апрача таго, трэба б выявіць і акружэнне паэта, у першую чаргу выкладчыкаў, а таксама студэнтаў, з якімі ён разам вучыўся. Вышэй ужо называліся былыя таварышы Францішка Багушэвіча па гімназіі і адначасова паплечнікі Кастуся Каліноўскага Ціт Далескі, Ігнат Здановіч, пакараныя смерцю за ўдзел у студзеньскім паўстанні. Вучыліся з ім і іншыя цікавыя хлопцы. Напрыклад, брат Ціта Далеўскага Канстанцін, які ў час таго ж паўстання камандаваў асобым атрадам, быў паранены. Пасля разгрому паўстання ўцёк за мяжу, змагаўся за народную справу ў час Парыжскай камуны 1871 года і быў расстраляны версальцамі. У адным класе з Багушэвічам вучыўся Юліян Чарноўскі — у 1863 годзе рэвалюцыйны камісар Ашмянскага павета. Трэба сказаць, з гімназіі выйшла нямала рэвалюцыянераў, людзей, да канца адданых народу. Гэтае гімназійнае акружэнне Францішка Багушэвіча можа вельмі многа сказаць аб фарміраванні светапогляду паэта, а значыць, і аб вытоках яго творчасці.

Да важных Багушэвічавых мясцін належыць і Пецярбургскі універсітэт, дзе вучыўся паэт. Хоць і не доўга ён там пабыў, але, трэба думаць, усё ж нямала даў беларускаму паэту для ідэйнага сталення гэты прызнаны цэнтр перадавой грамадскай думкі Расіі.

А Сувалкскія, ці Аўгустоўскія, лясы, дзе хадзіў паўстанцкімі сцяжынамі Францішак Багушэвіч? Як гэта было б заманліва прайсці імі, пашукаць сляды бітваў, у якіх удзельнічаў паэт, ну, і знайсці дом Крушэўскіх, якія дапамаглі параненаму Францішку Багушэвічу ізноў стаць на ногі.

Варта б было пашукаць на Беласточчыне і ў Вільні месцы, дзе хаваўся паўстанец Багушэвіч ад царскіх шпікоў у 1863—1865 гадах.

Здаецца, ніхто з нашых даследчыкаў не пабываў яшчэ ў багушэвічаўскіх мясцінах Украіны і Расіі. А іх жа было нямала: Нежын, дзе ў 1865-1868 гадах вучыўся паэт у юрыдычным ліцэі, Чарнігаў, дзе ў 1868-1869 гадах працаваў ён памочнікам справавода Чарнігаўскага праўлення і следчым, а таксама Кралявец (цяпер Сумская вобласць), Старадуб (Бранская вобласць), Волагда, Гразявец (Валагодская воб ласць), Барзна (Чарнігаўская вобласць), Канатоп (Сумская вобласць), дзе беларускі паэт працаваў з 1869 па 1884 год судовым следчым. Колькі падзей, трагедый, расчараванняў, дум хаваецца пад гэтым пратакольным тэрмінам — «судовы следчы»!

А віленскія судовыя ўстановы, дзе па вяртанні на радзіму працаваў Францішак Багушэвіч адвакатам судовай палаты. На гэтай пасадзе ён вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. Адсюль і яго празванне — мужыцкі адвакат.

Быў у біяграфіі Францішка Багушэвіча і горад Гродна. Сюды ён прыязджаў да сусветна вядомай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, шчырай прыхільніцы беларускага народа, беларускай культуры. Элізу Ажэшку звязвала з Францішкам Багушэвічам адзінства поглядаў, а таксама агульнае баявое мінулае: і польская пісьменніца, і беларускі паэт былі ўдзельнікамі студзеньскага паўстання 1863 года.

Ну, і яднала іх, вядома ж, яшчэ і літаратура. У 1888 годзе ў пісьме да Яна Карловіча Эліза Ажэшка пісала: «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч і чытаў мне толькі што напісаную ім па-беларуску байку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент. Яго польскія вершы слабыя, але беларускія, на маю думку, па меншай меры выдатныя. Трэба б было з усёй сілай заахвочваць яго да работы ў гэтым напрамку».

У сваю чаргу Францішак Багушэвіч з найвялікшай пашанай ставіўся да Элізы Ажэшкі. Польскай пісьменніцы ён прысвяціў адзін са сваіх лепшых вершаў — «Яснавяльможнай пані Арэшчысе».

З вялікім смуткам дачулася Эліза Ажэшка пра такую нечаканую смерць беларускага сабрата на самай мяжы новага стагоддзя. Згадваючы падзвіжніцтва нарадалюба Францішка Багушэвіча, яна пісала: «Быў ён адным з найвысакародных людзей, якія служылі нашай зямлі, а для мяне асабіста адным з вельмі нешматлікіх сяброў. Успаміны пра яго для мяне дарагія і самотныя». Не кожны мог атрымаць такую высокую ацэнку ад выдатнай пісьменніцы!

Трагізм Францішка Багушэвіча ў тым, што ён так і не ўбачыў вынікаў таго, за што змагаўся — і са зброяй у руках, і пяром паэта. Наадварот, пасля яркага ўсплёску народнага духу ў час студзеньскага паўстання яшчэ больш цёмная ноч на доўгія гады апусцілася на анямелыя палі Беларусі, а на шляху паэтычнага слова беларускага дудара да народа сталі непераадольныя перашкоды, што чыніла новая палітыка царызму. Гэты трагізм прарываўся і ў яго «дудцы», якая, зняверваючыся, часам проста нямела ад безвыходнасці: