Выбрать главу
Га! Чаму ж не граеш? Хіба ты не знаеш, Не ведаеш хіба, Што, як тая рыба Ды на лёдзе б'ецца, Так вот я, здаецца, Сорак гадоў б'юся, Ніяк не звярнуся, Ніяк не натраплю Вадзіцы хоць каплю, Ды такой вадзіцы, Ды з такой крыніцы, Што як хто нап'ецца, Дык вольным стаецца...

І тым не менш Багушэвічава «дудка», як бачым, не знямела канчаткова. Нязбытную сілу давала ёй светлая надзея, вера, што прыйдзе дзень і на спакутаваную Беларусь.

Жыццё Францішка Багушэвіча — гэта вялікі грамадзянскі подзвіг. Яно, хай не здадуцца надта банальнымі гэтыя словы, — яркі прыклад для ўсіх нас, прыклад гранічнай сумленнасці, самаахвярнасці, вернага служэння народу. І таму гэта вялікая радасць — яшчэ раз прайсці ўсімі тымі дарогамі, дзе, прарываючы гнятлівую немату маўчання, на ўвесь голас грала чыстая і непадкупная дудка Мацея Бурачка.

Той курган векавечны

СЕЛІШЧА

У край Купалаваіа юнацтва, да той зямлі, што дала паэту крылы для высокага палёту, падахвоціўся з'ездзіць са мной пляменнік Янкі Купалы Эдуард Іванавіч Аўлачынскі, які добра ведаў усе сцежкі «дзядзькі Янкі», сустракаўся з ім, жывучы ў гэтым салаўіным кутку Беларусі.

Па зямлі ішла восень. Але дзень быў надзіва ясны і светлы — ад шчодрага не па часе сонца, што прыпякала амаль па-летняму, раскашуючы ў чыстым бязвоблачным небе, ад яркага жаўталісця пералескаў і прыдарожных бяроз, клёнаў, ясеняў, якія не спяшаліся яшчэ скідаць свой залаты ўбор.

— Спярша паедзем у Селішча, — сказаў Эдуард Іванавіч, які быў для мяне сапраўдным гідам.

Фальварак Селішча, як вядома з біяграфіі паэта, узялі Луцэвічы ў арэнду ў 1895 годзе, калі Янку, ці, як яго звалі ў сям'і, Ясю, было недзе каля 13 гадоў. Тут, у Селішчы, адкрыліся будучаму паэту нязнаныя таямніцы чароўнай беларускай прыроды, хараство пароднай душы, шматфарбнае^ і мілагучнасць род най мовы. У Селішчы зведаў ён і вялікае гора — смерць бацькі, потым брата і дзвюх сястрычак. Тут ва ўсёй паўнаце спазнаў будучы паэт шматпакутную долю мужыка-беларуса, яго мазольную працу: пасля смерці бацькі васемнаццацігадоваму юнаку самому давялося заняцца гаспадаркай, узяцца, па яго выразу, «чытаць сумную кнігу памешчыцкага поля і пісаць журботную аповесць свайго гора сахой ды касою».

Я мужык-беларус — пан сахі і касы; Цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы...

Так, гэта тут, у Селішчы, малады гаспадар арандаванай зямлі ўпершыню пачаў спрабаваць свае сілы ў паэзіі («...на працы ў полі, — успамінаў пазней паэт, — або ў дарозе, або на начлезе прыйдзе думка — і я пішу»). Якраз тут нарадзіліся гарачыя радкі вядомых сёння кожнаму вершаў і паэм Янкі Купалы, прысвечаных «пагарджанаму век», «сляпому, глухому» беларускаму мужыку, у якога спрадвеку былі «заліты потам горкім вочы», які прывык зносіць ад сваіх прыгнятальнікаў «лаянку і крык» і якога паэт пачаў, урэшце, будзіць ад «зімовага рабскага сну». Гэта адсюль пайшлі ў свет такія шэдэўры купалаўскай паэзіі, усёй нашай літаратуры, як «Мужык», «Там», «Я не для вас, паны, о не...», «Ворагам Беларушчыны», «Родныя песні», «З песень аб сваёй старонцы», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Касцам», «Я мужык-беларус...», «Яшчэ прыйдзе вясна», «Песня мая», «Выйдзі», «Зімою», «Курган», «Адвечная песня», «Яна і я», і многія, многія іншыя, якія, праўда, былі запісаны на паперы пазней. Так, толькі запісаны пазней, але, як прызнаваўся сам паэт, ён «выплакаў» іх «сэрцам, высніў... душою, б'ючыся з нядоляй, б'ючыся з бядою», г. зн. у першую чаргу тут, у Селішчы. Інакш кажучы, якраз у Селішчы, дзе Ясь, спазнаўшы на ўласнай скуры гаркоту мужычага жыцця, долю беззямельных, ва ўсёй глыбіні ўсвядоміў векавую несправядлівасць беларускага народа, была ўспоена магутная купалаўская паэзія пратэсту. Таму перш за ўсё ў Селішчы і трэба шукаць крыніцы «дум беларускіх» Янкі Купалы, якім навучыўся ён «без школы і кніг». Недарэмна ж, якраз адсюль, з Селішча, рашуча разарваўшы зачараванае кола паднявольнага існавання, пайшоў пясняр у свет, каб «над беларускай соннай нівай нязгаслы светач распаліць».

Да Купалавага Селішча, якое здавалася мне раней дзесьці за трыдзевяць зямель, аказалася рукой падаць ад Мінска. Мы ехалі кіламетраў дваццаць па Лагойскай дарозе, потым прыкладна столькі ж па гравійцы на Дзяніскі, і вот за вёскай Вялікія Бясяды, праз хвілін дзесяць гоцання па каменцы, Эдуард Іва навін скамандаваў мне прыпыніць мой «бранявік».