Акопы... Гэту геаграфічную назву трэба б было ўпісаць у гісторыю нашай літаратуры залатымі літарамі. Ім, Акопам, абавязана беларуская літаратура — і гэта трэба сказаць без аніякага перабольшання — самымі яркімі сваімі старонкамі. Якраз тут, у Акопах, гэтым зацішным куточку беларускай зямлі, куды ў любую вольную хвіліну на працягу двух дзесяткаў гадоў ірваўся з усіх дарог Янка Купала, куточку, дзе было яму ўсё блізкае і мілае, дзе ён адчуваў сябе як нідзе лепш, з-пад пяра паэта вылецеў у свет цэлы вырай твораў, якія сталі гонарам і славай беларускай літаратуры, зрабіліся нашай вечна жывой класікай. «Акопы» — гэту паметку мы сустракаем пад вялікай колькасцю твораў Янкі Купалы перадрэвалюцыйнага і паслярэвалюцыйнага часу. Сярод іх такія перлы нашай паэзіі, як вершы «Гэй, наперад!», «Як у лесе зацвіталі....», «З недацветаў», «У купальскую ноч», «Не прасі», «Грайце, песні», «Жняя», «З летніх малюнкаў», «Блізкім і далёкім», «За свабоду сваю...», «Каб я князем быў», «Заручыны», «Дзве таполі», «Ты прыйдзі...», «Над ракою ў спакою», «На жалейцы», «Братка і Сястрыца», «Навука», «Тутэйшы», «На смерць Сцяпана Булата», «А зязюлька кукавала», «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «Аб дзяўчыне», «Дзе стаяў двор панскі» і многія, многія іншыя. У Акопах былі напісаны народным паэтам і такія выдатныя творы нашай літаратуры, як паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», п'есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», а таксама зроблены вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Трэба думаць, у Акопах нарадзіліся і многія з тых твораў Янкі Купалы, пад якімі няма паметкі аўтара — як дарэвалюцыйныя, так і паслярэвалюцыйныя. Пацверджаннем гэтага можа паслужыць, напрыклад, паведамленне, якое было змешчана ў 1926 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 5) у «Хроніцы беларускай культуры», дзе гаворыцца, што «Янка Купала, які знаходзіцца ў сябе дома, у Акопах (заўважце, дома. — К. Ц.), напісаў цэлы знізак новых вершаў эпічнага характару...»
Каб трапіць у Акопы, мы з Эдуардам Іванавічам зноў вярнуліся да вёскі Вялікія Бясяды, скіравалі ў яе вуліцу. Праз калгасны двор выехалі на пясчаны прасёлак. Праз які кіламетр паказаліся прысады вёскі Харужанцы. За Харужанцамі, перад лесам, у цяні вясёлага дубка, што здалёк маячыў на сонечным узгорку, паставілі машыну.
— Акопы — за гэтым лесам, — сказаў Эдуард Іванавіч. — Можна прайсці пеша...
Да Акопаў ішла праз лес калдобістая, з грыўкамі травы між машынных і калёсных каляін дарога. Мы паволі, без спешкі — хацелася адпачыць тут душой — патупалі па ёй, узіраючыся ў прыдарожны сівец ды верас: ці не выпнецца дзе які грыб. І праўда: неўзабаве Эдуард Іванавіч прыкленчыў каля прыземістай хвойкі; калі ён выпрастаўся, у руках бліснула смуглявая галоўка баравіка.
Падахвочаныя знаходкай, мы збочылі з дарогі і ішлі паўз яе, па выбітых каровамі і датаваных, відаць, аматарамі «ціхага палявання», пакручастых сцежачках між хвой і куп'я, пільна гледзячы перад сабой: абодва мы аказаліся заядлымі грыбовікамі і, вядома ж, не маглі прапусціць моманту. Але, як выявілася, мы не былі тут сёння першапраходцамі: то там, то сям бялелі ў траве парэзаныя кімсьці «карэньчыкі» — кольцы баравікоў, валяліся збітыя мухаморы ды — пры елках — стаўбунаватыя макрухі, якіх, як відаць, і тут не было ахвотнікаў браць: усіх адпужвае ахоўная слізістая плёнка гэтых, калі верыць кнігам, свойскіх грыбоў, падобных зверху на маслякоў. Зрэдку трапляліся нам цэлыя касякі чорных груздоў, ці хрушчоў, як завуць іх на Міншчыне, — праўда, больш старых, з парыжэлымі спадыспаду пласцінкамі. Але мы каля іх не сунімаліся — гэтак можна было і засесці на паўдарозе да мэты.
Выглядвалі больш баравікоў ды рыжкоў, асабліва Рыжкоў — яны ж надта любяць такія во сіўцы ды каровіны капыты. Шукаючы так грыбы, падумалася, што гэта ж якраз тут кружыў некалі з кошыкам і нажом Янка Купала, што мы ходзім яго грыбнымі мясцінамі...
Неўпрыкметку дарога прывяла нас на светлую паляну, перасечаную ў некалькіх месцах роўнымі і вузкімі паскамі ясных пералескаў.
Гэта пачыналіся ўжо Акопы.
Эдуард Іванавіч, калдыбаючы па ўцвярдзелых за лета грудах раллі, шоргаючы чаравікамі па пруткім яшчэ ржэўніку, падвёў мяне пад адзін з пералескаў. Там, сярод хмызу, мне здалёк ужо кінуўся ў вочы вялізны камень-валун, цёмны, з седлаватымі вы емкамі. Гэта, сказаў Эдуард Іванавіч, камень Янкі Купалы. Тут ён любіў адпачываць, пісаў на ім, як на стале, вершы і паэмы. Мы на вока змералі валун — быў ён прыкладна чатыры метры ўдаўжыню, тры — ушырыню і каля паўтара метра вышынёй. Як бы там ні было, а гэты камень не мог не звярнуць на сябе ўвагу Янкі Купалы, не мог не будзіць яго багатай фантазіі. Інакш кажучы, камень-валун у Акопах — яшчэ адзін, пастаўлены самой прыродай помнік паэту, вечны сведка яго натхнення.