Як мяркуе Франц Віктаравіч, гэту ж жыццёвую гісторыю выкарыстаў Янка Купала і ў «Паўлінцы». Ды і сам вобраз Паўлінкі вельмі нагадвае Зосю — сястру Франуся Аўлачынскага і адначасова гераіню вершаванага апавядання «Адплата кахання».
Я слухаў расказы і меркаванні Франца Віктаравіча Гінтаўта (дарэчы, аб прататыпах купалаўскіх герояў ён рыхтуе якраз да друку артыкул) і радаваўся, што ў нас ёсць такія во апантаныя людзі, энтузіясты-краязнаўцы, якія імкнуцца дакапацца да кораня ў раскрыцці гісторыі нашай літаратуры, запоўніць тыя, часта вельмі істотныя прагалы, да якіх па той ці іншай прычыне не маглі прыйсці прафесійныя літаратуразнаўцы.
Аб знаходжанні Янкі Купалы ў Акопах і наогул на Лысагоршчыне, як умоўна называюць гэту мясцовасць самі яе насельнікі, вельмі шмат цікавага можа расказаць любы са старажылаў навакольных вёсак — Харужанцаў, Карпілаўкі, Вялікіх і Малых Бясяд, Сухой Гары, Лысай Гары, Жукаўкі і іншых. На жаль, запісам іх расказаў ніхто па-сур'ёзнаму не займаўся. А гэта значыць, што такая, вельмі яркая старонка ў біяграфіі народнага паэта, які быў вельмі цесна звязаны з жыццём свайго народа, не будзе як след асветлена. Праўда, у апошні час зацікавіўся зборам успамінаў тутэйшых старажылаў ураджэнец гэтых мясцін літаратар Леанід Пракопчык, які шмат цікавага расказаў пра радзіму Янкі Купалы ў кнізе «Даўгінаўскія вёрсты», што выйшла ў 1977 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Толькі пабываўшы ў Акопах, у вакольных вёсках, пагутарыўшы з людзьмі, я зразумеў, чаму так цягнула сюды заўсёды Янку Купалу. Гэта ж тут яго «родны кут», тая «малая радзіма», якая стала для яго ўвасабленнем усёй Беларусі. Як вядома, Янка Купала толькі нарадзіўся ў Вязынцы, пажыўшы там усяго да года. Ужо ў 1883 годзе Луцэвічы перабраліся ў Юзэфова, а потым у суседняе Косіна цяперашняга Лагойскага раёна, папрацаваўшы там да 1889 года. Праз два гады, паспытаўшы хлеба з чужога поля ў Сенніцы і Мінску, зноў вярнуліся сюды, на Лагойшчыну — у фальварак Прудзішча, дзе сядзелі да 1895 года. Прудзішча ад Акопаў — за якіх-небудзь 5-6 кіламетраў. У 1895 годзе мы бачым Луцэвічаў у Селішчы, ад якіх да Акопаў — рукой падаць. Прудзіцца, Селішча, Акопы — гэта ж, па сутнасці, адна мясціна, якую абжывалі Луцэвічы каля чатырох дзе сяткаў гадоў! Нездарма ж Даўгінаўскі гасцінец, якім ездзіў Янка Купала сюды, да мацеры, з Мінска ці адкуль бы там ні было, паэт называў «родным» («Знаёмы гэты шлях мне родны — Даўгінаўскі вядомы шлях!»).
Тут, на невялікім абшары «камяністай», «гары стай» лагойскай зямлі, было ўсё для Янкі Купалы дарагім і блізкім, тут — усе вобразы і тэмы яго твораў. І калі паэт кажа ў сваёй аўтабіяграфіі, што такія найбольш буйныя і значныя творы, як «Адплата кахання», «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі», «Тутэйшыя», «Зімою», «Сват», «Страх», «За што», ён напісаў «з жыццёвых фактаў», то трэба разумець, што гэтыя факты ён узяў якраз у сваіх родных мясцінах. Распытайце людзей з вёсак, якія акаляюць Акопы, і вам раскажуць ці не пра ўсіх прататыпаў купалаўскіх герояў. Напрыклад, пра тое, што Сцяпан Крыніцкі з камедыі «Паўлінка» — гаспадар недалёкага ад Акопаў хутара Рубеж Гіляры Аўлачынскі, што Якім Сарока — не хто іншы, як вандроўны настаўнік Мечыслаў Багдановіч з хутара Верацейка што ў аснове драмы «Раскіданае гняздо» — рэальныя падзеі з недалёкай вёскі Прытыкі, дзе быў гаспадар, якога пан выгнаў з зямлі, што ў паэме «Нікому» таксама расказваецца пра сапраўдны выпадак, пачуты паэтам у адной з вёсак пад Тайнай. Многія творы Янкі Купалы заснаваны на мясцовых паданнях, казках, песнях, якія добра ведаў паэт, якія збіраў і запісваў. У кнізе «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981) яе складальнік Г. В. Кісялёў змясціў цікавы дакумент — камандзіровачнае пасведчанне ад 17 чэрвеня 1921 г., выдадзенае І. Д. Луцэвічу «ў тым, што ён камандзіруецца на хутар Акопы Радашковіцкай воласці для збірання ў раёне воласцей Радашковіцкай, Гайна-Слабадской і Бяларуцкай Мінскай губ. этнаграфічнага матэрыялу, які датычыцца народнай творчасці, а канкрэтна: запісванне песень, казак і г. д., а таксама адшукванне і набыццё рэдкіх кніг і рукапісаў». Зем лякі паэта добра помняць, як ён запісваў па вёсках разам з настаўнікам Васілём Рынковічам мясцовы фальклор. Сястра Рынковіча — Анастасія Рынковіч з Вудаў — прыгадвае тры сшыткі з фальклорнымі запісамі, якія рабілі Янка Купала і яе брат...
Акопы былі для Янкі Купалы тым жа, што Міхайлаўскае для А. С. Пушкіна, Тарханы — для М. Ю. Лермантава, Спаскае-Лутавінава — для І.С. Тургенева, Ясная Паляна — для Л. М. Талстога, Меліхава — для А. П. Чэхава, Мікалаеўшчына — для Якуба Коласа. Усе гэтыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю выдатных людзей, сталі сапраўды народнымі святынямі, куды людзі ідуць не толькі для таго, каб ушанаваць іх памяць, пакланіцца іх генію, але і перанесціся ў атмасферу творчасці выдатных пісьменнікаў, убачыць яе вытокі, а значыць, і лепш зразумець яе. Як гэта ні дзіўна, але вытокі творчасці нашага вялікага паэта Янкі Купалы мы па сённяшні дзень не можам паказаць свету, самім сабе. Ці не таму, што мы проста не ўяснілі для сябе, якія мясціны лічыць «малой радзімай» паэта, яго сапраўднай калыскай.