Выбрать главу

І, вядома ж, у гэты комплекс вельмі натуральна ўвайшла б і сядзіба літаратурнага настаўніка і сябра Я. Купалы, аднаго з пачынальнікаў беларускай прозы Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) у вёсцы Карпілаўка, да якой ад Акопаў нейкіх паўтара кіламетра. Янка Купала лічыў яе сваёй вёскай, ведаў усіх яе людзей, пісаў пра яе (гэта аб ёй, напрыклад, радкі: «Хаты тыя, хаты, дзіркі на страсе, з печы дым не ў комін, а пад столь нясе...» і г. д.). У Карпілаўцы поўнай мерай браў Я. Купала матэрыял для сваёй творчасці. Мясцовая калгасніца Грыпіна Гаеўская расказвала (яе расказ запісаў Алесь Матусевіч; гэтыя запісы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы): «Колькі я яму ў полі жніўных песень наспявала. Бывала, сядзе на камень, услухаецца, як мы спяваем, і ўсё нешта з Антонам Лявіцкім гаворыць і запісвае...» Калі казаць пра Ядвігіна Ш., то гэта якраз ён дапамог Янку Купалу выйсці на шлях літаратуры, вызначыць яму месца ў жыцці. Аб гэтым сведчыць сам паэт: «У 1904-1906 гг., не помню ў якім годзе канкрэтна, я пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (жылі мы па суседству). Гэта было для мяне вялікай падзеяй, таму што я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску. З Ядвігіным Ш. я вельмі зблізіўся. Ён многа расказваў пра незнаёмыя мне тады пісьменніцкія справы і т. п. ...» У Карпілаўцы, у гасцях у Ядвігіна Ш. бывалі Змітрок Бядуля, бацькі якога жылі зусім недалёка, у мястэчку Пасадзец зноў жа цяперашняга Лагойскага раёна, і Максім Багдановіч.

Відаць, адной са складанасцей стварэння купалаўскага мемарыяльнага комплексу можа быць тое, што Акопы — цяпер бязлюдная паляна, закінутая сярод лясоў і ўзгоркаў. Але ж такая акалічнасць адначасова можа і аблегчыць справу: як-ніяк, у гэтым цудоўным, зацішным куточку Лагойшчыны з яе маляўнічымі лясамі і пералескамі, далінамі і ўзгоркамі (дарэчы, побач з Акопамі — адна з дзвюх самых высокіх кропак Беларусі Лысая Гара) можна б пабудаваць, напрыклад, які-небудзь дом адпачынку ці піянерскі лагер. Словам, захацеўшы, нейкае рашэнне праблемы можна знайсці абавязкова.

Паколькі помнікі, якія б маглі ўвайсці ў мемарыяльны комплекс «Акопы», не захоўваюцца, разбураюцца і далей, трэба ўжо цяпер, відаць, прыступіць да першапачатковай работы над арганізацыяй гэтага комплексу. Ініцыятарам тут мог бы стаць Літаратурны музей Янкі Купалы. Думаецца, ужо сёння, не чакаючы якой-небудзь арганізацыйнай пастановы, музею варта б было выявіць і апісаць купалаўскія помнікі родных мясцін паэта, зрабіць як мага падрабязнейшае апісанне дома Бянігны Іванаўны ў Акопах, гаспадарчых будынкаў — дзеля гэтага трэба паспяшацца распытаць усіх тых, хто добра ведаў сядзібу.

У сваёй кнізе нарысаў «Время собирать камни» вядомы рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін, горача выступаючы за аднаўленне на беразе Волхава «безнадзейна знішчанай, сцёртай з твару зямлі» сядзібы Г. Р. Дзяржавіна Званкі, ад якой не засталося нават планіроўкі, пераканаўча паказаў, што ўсё ж затраты на яе адбудову не толькі хутка акупяцца матэрыяльна (калі там будзе адкрыты турысцкі маршрут), але — што яшчэ больш важна — акупяцца таксама «ў іншых, нематэрыяльных адносінах», намнога ўзбагаціўшы ўсіх нас духоўна; прычым затраты ў такім сэнсе «будуць акупляцца на працягу стагоддзяў». Усё гэта можна сказаць і ў дачыненні да Акопаў. Аднаўленне гэтай купалаўскай святыні дапаможа ўсім нам ва ўсёй яснасці ўбачыць глыбінныя карані вызваленчай барацьбы нашага народа, сапраўдным голасам якога, магутным і непадкупным, быў Янка Купала, дапаможа зразумець вытокі неўміручай паэзіі вялікага песняра Беларусі.

Ужо недзе пасля паездак у купалаўскія мясціны я даведаўся, што на камені Янкі Купалы ў Акопах Міністэрствам культуры БССР устаноўлены мемарыяльны знак. На вялікай мармуровай пліце золатам ззяюць вельмі характэрныя словы з верша Янкі Купалы:

Песню стварыці лену, як неба, У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём... Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба, Гэткім я толькі жыву пачуццём.