Доўгі час у літаратуразнаўстве нічога не было вядома нават пра існаванне большасці з гэтых балад Яна Чачота.
Упершыню пра іх расказаў у польскім друку ў 1886-1889 гадах, г. зн. праз шэсцьдзесят гадоў пасля напісання, Ян Рыхтэр, які натрапіў у паперах аднаго з сяброў паэта — гаспадара маёнтка Цешаўля Наваградскага павета Адольфа Кабылінскага — на рукапісны сшытак з Чачотавымі баладамі. Але хутка гэты сшытак ізноў на доўгі час выпаў з поля зроку даследчыкаў. Яго лічылі беззваротна згубленым. Другі раз яго знайшоў у 1953 годзе — зноў праз шэсцьдзесят з лішнім гадоў! — другі польскі даследчык Чэслаў Згажэльскі: як выявілася, перададзены ў бібліятэку Асалінскіх у Львове, сшытак быў няправільна зарэгістраваны і патануў у папяровым моры, адкуль ён і быў выпадкова выцягнуты на святло. І толькі нядаўна — яшчэ амаль праз дваццаць гадоў, а канкрэтней, у 1972 годзе, — усе восем знойдзеных балад Яна Чачота былі апублікаваны — упершыню! — Станіславам Свіркам у памянёнай кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму». Інакш кажучы, больш чым сто пяцьдзесят гадоў яны былі схаваны ад воч чытачоў.
І хоць балады Яна Чачота нідзе не публікаваліся, яны былі вядомы сябрам-філаматам, у тым ліку і Адаму Міцкевічу.
Балады Яна Чачота надзвычай зацікавілі генія польскай літаратуры, у якой ён тады толькі шукаў сваю дарогу.
Як вядома, у першых сваіх творах Адам Міцкевіч прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму. Творы «Мешка, князь Наваградка», «Пані Анэля», у якіх малады паэт ішоў ад Вальтэра, верш «Гарадская зіма», дзе відаць творчае перайманне ў польскага класіцыста Трамбецкага, «Ода да Бруна», «Ода да Пыры», санеты «Прыпамінаю», «Ужо з пагодных нябёс...», узорам для якіх паслужылі творы Гарацыя і Петраркі, паэмы «Бульба», «Жывіля» і іншыя творы, напісаныя з 1817 па сярэдзіну 1819 года, былі цалкам вытрыманы ў стылі класіцызму.
Тады, калі Адам Міцкевіч і ў сваёй паэтычнай практыцы, і нават у публіцыстычных выступленнях адстойваў прынцыпы гэтага літаратурнага напрамку, яго сябры-філаматы Ян Чачот і Тамаш Зан настроілі ўжо свой паэтычны слых на новыя павевы часу. А гэта быў час, калі ў выніку нарастання ўсееўрапейскага руху за разняволенне народаў устарэлыя каноны класіцызму станавіліся ўсё больш цеснымі для літаратуры, якая імкнулася адлюстраваць новыя, больш радыкальныя настроі ў перадавых колах грамадства. Адзін з галоўных шляхоў абнаўлення літаратуры перадавыя яе прадстаўнікі бачылі ў звароце да народнага жыцця, да фальклору. Гэты шлях адным з першых сярод філаматаў якраз і выбраў шчыры народалюбец Ян Чачот, які з поўным усведамленнем важнасці сваёй справы ўзяўся за мастацкае асваенне фальклорнай спадчыны свайго беларускага народа, што і адлюстравалася ў яго песнях і баладах ужо ў 1818-1819 гадах.
Адама Міцкевіча з самага пачатку прывабіла гэта тэндэнцыя ў творчасці сябра, прымусіла яго самога задумацца над сваімі творчымі прынцыпамі. Вядома, такі вялікі пералом у творчасці Адама Міцкевіча, як пераход яго да рамантызму, не быў просты і не мог быць абумоўлены якой-небудзь адной толькі прычынай. Перш за ўсё гэты пералом трэба, мусіць, растлумачыць унутранай неабходнасцю паэта ярчэй выка заць сябе і свой час, знайсці найбольш эфектыўныя, калі можна так сказаць, сродкі ўздзеяння на чытача. Да гэтага ж, вядома, прычынілася і знаёмства з рамантычнымі плынямі ў заходнееўрапейскай літаратуры і перш за ўсё захапленне творчасцю вялікага нямецкага паэта Фрыдрыха Шылера, які ў яго чытацкіх інтарэсах заняў месца Вальтэра.
І ўсё ж у пераходзе Адама Міцкевіча на пазіцыі рамантызму прыклад Яна Чачота быў ці не самым вырашальным.
Больш за ўсё цікавілі Адама Міцкевіча балады сябра. Дагэтуль ён ведаў англійскія балады, захапляўся баладамі Шылера, заснаванымі галоўным чынам на матэрыяле антычнай міфалогіі, з цікавасцю чытаў шырока вядомую баладу аўтара «Дзівосных прыгод барона Мюнхаўзена» Готфрыда Аўгуста Бюргера «Ленору» і яе шматлікія пераробкі. Вядома ж, знаёмыя былі яму і польскія балады, якія засноўваліся галоўным чынам на класічных сюжэтах і на ўзорах заходнееўрапейскай літаратуры. І вось тут ён даведваецца, што балады — гэты галоўны жанр рамантычнай літаратуры — піша яго самы блізкі сябар Ян з Мышы! І галоўнае — сюжэты для сваіх балад ён бярэ не з антычнай міфалогіі, не з заходнееўрапейскай літаратуры, а з паданняў і казак таго самага простага люду, сярод якога жыў і сам.
«Прышлі мне «Свіцязь» і іншыя твае новыя творы «Бекеша» і г. д., зробіш мне найвялікшую ласку», — піша Яну Чачоту 22 верасня 1819 года Адам Міцкевіч з Коўна, куды ён тэрмінова выехаў на пасаду настаўніка.