Выбрать главу

Вось так — ні больш ні менш.

Ды за адно ўжо гэта трэба б было побач з Курганом бяссмерця ў гонар Адама Міцкевіча ставіць у Наваградку вялікі помнік і Яну Чачоту!

Адам Міцкевіч быў, вядома ж, вельмі ўдзячны за ўсё свайму сябру. Недарэмна, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота.

Трэба яшчэ дадаць, што Ян Чачот не толькі паказаў сапраўдную дарогу ў літаратуру Адаму Міцкевічу, але і не скупячыся даў яму з сабой у гэту дарогу добрую кайстру сюжэтаў і вобразаў для яго паэзіі.

Станіслаў Свірка, супаставіўшы балады Яна Чачота з пазнейшымі «Баладамі і рамансамі» Адама Міцкевіча, знайшоў вельмі многа прыкладаў творчага выкарыстання таго багатага фальклорнага і жыццёвага матэрыялу, які ўтрымліваўся ў творах яго сябра.

Так, балада Яна Чачота «Свіцязь» памагла Адаму Міцкевічу напісаць аж дзве балады — «Вяртанне таты» і «Свіцязь». У баладзе «Вяртанне таты» быў выкарыстаны з Чачотавага твора момант вяртання дадому купца і напад на яго на расстайных дарогах рабаўніка, а ў «Свіцязі» — паданне пра затапленне горада. Свірка прыводзіць прыклады і тэкставых запазычанняў Адама Міцкевіча з балады Яна Чачота — такое дапускалася ў філамацкай сям'і.

У баладзе «Свіцязь» Адам Міцкевіч выкарыстаў асобныя моманты і з іншых балад Яна Чачота. Напрыклад, з «Мышанкі» ён узяў, як заўважае польскі даследчык, «матыў воднай русалкі» (дарэчы, гэты матыў добра прыдаўся Міцкевічу і для яго «Свіцязянкі») і матыў чароўнага зелля — толькі ў Чачота гэта зелле канкрэтнае і называецца, як у народзе, мінутка (ён нават прыводзіць у прыпісцы яго лацінскую назву), а Міцкевіч прыдаў той расліне новыя ўласцівасці і назваў яе кветкамі «царамі». Свірка знаходзіць у міцкевічаўскай «Свіцязі» таксама асобныя даволі выразныя запазычанні з балады Яна Чачота «Калдычэўскі шчупак».

Вельмі цікавыя сляды творчага пераасэнсавання фальклорнага матэрыялу Чачотавых балад бачыць даследчык і ў іншых баладах Адама Міцкевіча.

Акрамя таго, многія вобразы і матывы балад Яна Чачота (ды і не толькі балад) выкарыстаў Адам Міцкевіч і ў іншых сваіх творах, у тым ліку ў такіх найбольш значных, як «Дзяды» і «Пан Тадэвуш». Так, жорсткі пан-самадур, гэтак ярка намаляваны Янам Чачотам у баладзе «Узногі», з'явіўся ў другой частцы міцкевічаўскіх «Дзядоў» як прывід, які нідзе не знаходзіць сабе месца: за здзекі з прыгонных сялян гэты ліхі пан прысуджаны цярпець на тым свеце страшэнныя пакуты голаду і смагі. У Адама Міцкевіча, як і ў Яна Чачота, сяляне, якіх закатаваў і замучыў голадам іх пан, ператвараюцца ў птушак, што цяпер нападаюць на яго...

Разам з тым трэба тут сказаць, што Ян Чачот не лічыў літаратуру галоўнай справай свайго жыцця. Ён быў надзіва самакрытычны і ведаў цану свайму таленту. Хоць Адам Міцкевіч вельмі шчыра захапляўся яго творамі, пісаў яму, што не бачыць у сябе вышэйшых талентаў, чым у яго, усё ж Ян Чачот не прыняў такой завышанай ацэнкі сваёй творчасці. У 1820 годзе ў пісьме да Адама Міцкевіча ён, віншуючы сябра з поспехамі ў паэзіі, выказвае разам з тым шкадаванне, што сам ён «улез» у паэзію і трапіў у «лік вершапісцаў»: «Вялікая розніца — пісаць вершы і пісаць вершы сапраўдныя! Як неба ад зямлі!»

Сваё прызванне бачыў Ян Чачот у іншым — у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору, якому ён прыдаваў вялікае значэнне ў змаганні за народнасць літаратуры, за яе дэмакратызацыю.

Пра фалькларыстычную дзейнасць Яна Чачота зноў-такі напісана даволі многа. Ёй аддадзена належнае і ў беларускай, і ў польскай фалькларыстыцы. Роля гэтай дзейнасці ў развіцці нашай культуры, нашай літаратуры агромністая. Упершыню — так, ізноў упершыню! — Ян Чачот сваімі зборнікамі беларускіх народных песень, якіх ён выпусціў на працягу 1837-1846 гадоў цэлых шэсць, паказаў, што за неацэнныя багацці хаваюцца ў народзе. Сабраныя Чачотам беларускія народныя песні, а таксама прыказкі і прымаўкі і сёння не ўстарэлі, і сёння без іх не абыходзяцца ні хрэстаматыі беларускага фальклору, ні анталогіі і зборнікі, у тым ліку і цяперашняе шматтомнае выданне вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа, якое выходзіць у Акадэміі навук БССР. Яны і сёння застаюцца выдатнай крыніцай для літаратурнай творчасці, крыніцай, якая ніколі не перасохне.