Ці не яно, гэта светлае, поўнае высокіх узлётаў і няспраўджаных надзей каханне, і распаліла ў сэрцы Адама Міцкевіча той вялікі паэтычны агонь, які даў свету магутныя тварэнні чалавечага духу, што навечна застануцца для людзей нязгасным светачам у іх дарозе да вяршынь дасканаласці?
Вобраз Марылі Верашчакі можна ўбачыць не толькі ў творах, непасрэдна ёй прысвечаных ці з ёй звязаных, такіх, напрыклад, як «Да М...» («Прэч з воч маіх...»), «Да*** (Марылі)», «Няўпэўненасць», «Сон», «Курганок Марылі», «Сябрам», «Люблю я...», але і ў многіх іншых творах, у тым ліку у «Дзядах» і «Пане Тадэвушы». У паэме «Пан Тадэвуш» вельмі ж нагадвае Марылю адзін з асноўных вобразаў твора — паненка Зося, у якую закахаўся малады пан Тадэвуш. І паэтычнае апісанне іх спатканняў у Сапліцове — не што іншае, як прымружаныя туманам часу ўспаміны пра хвалюючыя спатканні самога Адама Міцкевіча з Марыляй у Туганавічах. Ды і ўся паэма «Пан Тадэвуш», напісаная ў эміграцыі, у далёкім Парыжы, — узнёслая песня першаму каханню, роднай зямлі. Як піша ў сваёй кнізе «Край гадоў дзяціных», выдадзенай у 1970 годзе ў Любліне, польская пісьменніца Моніка Варненская, «з сэрца паэта вялікі боль кахання, перажыты ў Туганавічах, вычараваў строфы несмяротнай прыгажосці. А калі пасля многіх гадоў прытупіліся пакуты і сцішылася вострая горыч успамінаў, тады «час адступіўся і вярнуў твары...». Ізноў, як наяве, вярнуўся «край гадоў дзяціных», падхарошаны смуткам. Вярнуліся вобразы наднёманскіх ваколіц і роднай Літвы, якая «ёсць як здароўе». Вярнуліся Туганавічы, каб стаць фонам аднаго з найцудоўнейшых твораў, якія ведае сусветная ііаэзія».
Марыля Верашчака была, можна сказаць, музай і натхненнем Адама Міцкевіча. Той вялікі агонь кахання, што запаліла яна ў сэрцы маладога паэта, быў пераліты ім у чароўныя строфы яго бессмяротных вершаў, паэм, санетаў, якія і праз стагоддзі будуць саграваць людскія душы, радаваць чытача чысцінёй і прыгажосцю пачуццяў.
І яшчэ адну немалаважную ролю адыграла Марыля Верашчака ў паэтычнай біяграфіі Адама Міцкевіча. Яна, як і Ян Чачот, памагала схіліць яго да крыніц народнай паэзіі беларусаў, а тым самым — выйсці на дарогу рамантызму. Аб гэтым прызнаваўся сам паэт: «Паслухаўшы аднаго разу вельмі цікавую легенду, якую расказаў рыбак, Марыля, павярнуўшыся да мяне, усклікнула: «Вось паэзія! Напішы што-небудзь такое». Гэтыя словы глыбока запалі мне ў душу, і адсюль пачаўся мой паэтычны шлях».
Марыля была адукаваным па сваім часе чалавекам, цікавілася мастацтвам, някепска ведала літаратуру, асабліва французскую, якую чытала ў арыгінале. І ці не галоўным кумірам быў для яе Жан-Жак Русо, які, відаць, і навучыў яе з павагай ставіцца да простага народа, да яго культуры. Марыля, якая з дзяцінства ведала вуснапаэтычную творчасць беларускага люду, пачала пасля гэтага свядома цікавіцца ёю, магчыма, нават запісваць народныя песні.
Ва ўсякім разе, добра вядома, што яна любіла выконваць на фартэпіяна беларускія народныя песні. З асаблівым пачуццём спявала Марыля Адаму Міцкевічу простую песню беларускага мужыка «Да цераз мой двор», якая быццам бы спецыяльна была складзена пра іх абаіх, пра іх такое нешчаслівае каханне:
Ці не гэта цікавасць Марылі Верашчакі да фальклору і стала прычынай таго, што з ёй амаль да канца жыцця падтрымліваў сяброўскія адносіны Ян Чачот? Аб гэтым сведчыць іх перапіска, якая пачалася з 1823 года. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Літоўскай ССР, у фондзе Тамаша Зана, захоўваецца многа пісем Яна Чачота да Марылі, якія пісаліся пасля яго ссылкі.
Дарэчы, Марыля Верашчака ў той час не была адзінокая сярод беларускіх шляхцянак у сваёй зацікаўленасці вуснай паэзіяй простага люду. Варта ўспомніць тут Марыю Чарноўскую, што ўжо ў 1817 годзе выступіла ў віленскім друку з артыкулам «Рэшткі славянскай міфалогіі ў звычаях вясковага люду на Белай Русі», у якім яна вельмі хораша апісала важнейшыя абрады і святы сялян з Чэрыкаўшчыны, падаўшы адначасова і некалькі беларускіх песень у арыгінале. Прыкладна ў гэты ж час зацікавілася беларускім фальклорам, рабіла яго запісы Эмілія Плятэр, тая Плятэр, якая праславілася ў польскім паўстанні 1830-1831 гадоў супраць царызму і пра подзвіг якой вельмі паэтычна расказаў Адам Міцкевіч у вершы «Смерць палкоўніка». Важна прыгадаць і яшчэ адну фалькларыстыку таго часу — Канстанцыю Флемінг, жонку Зарыяна Даленгі Хадакоўскага...