Думаецца, такі «прыліў» у фалькларыстыку ў першай палове XIX стагоддзя жанчын не быў выпадковы. Тут зноў жа, відаць, «папрацаваў» перакананы нарадалюбец Жан-Жак Русо, якім з самых юных гадоў зачытваліся ў нас ці не ўсе адукаваныя засцянковыя шляхцянкі.
Каб давяршыць партрэт Марылі Верашчакі, скажам яшчэ, што яна да канца жыцця засталася верная дэмакратычным ідэалам і не была ў баку ад палітычных навальніц свайго часу. Яна даволі актыўна памагала паўстанцам 1830-1831 гадоў, а пасля разгрому паўстання прычынілася да наладжвання сувязі падпольшчыкаў з паўстанцкім эміграцыйным цэнтрам, які рыхтаваўся падняць народ на новую, рашучую бітву з царызмам. Антыўрадавая дзейнасць Марылі Верашчакі была выкрыта царскімі ўладамі, і ў 1833 годзе яна разам са сваім мужам Ваўжынцам Путкамерам, які таксама быў звязаны са змоўшчыкамі, трапіла ў турму, дарэчы, у той жа самы кляштар базыльянцаў у Вільні, у якім дзесяць гадоў назад адбывалі пакаранне філаматы і філарэты і куды яна разам з іншымі «літвінкамі» прыносіла перадачы зняволеным сябрам. Марылі і яе мужу, што сядзелі ў розных камерах, адарваныя ад дзяцей, ад свету, толькі праз паўгода ўдалося тады адкупіцца і выбавіцца з няволі.
Не абышло сям'ю Марылі і паўстанне 1863 года. У чэрвені арыштавалі ў Вільні замешаных у паўстанні пасынкаў старэйшай дачкі Зосі, што была замужам за школьным інспектарам Андрэем Каліноўскім. У доме жандары ўчынілі вобыск. Марыля не магла не прыехаць у Вільню. Здарылася так, што яна трапіла на Лукішскую плошчу ў час, калі адбываўся страшны абрад пакарання смерцю Зыгмунта Серакоўскага. Гэта зрабіла на Марылю жахлівае ўражанне. За ўдзел у паўстанні быў. схоплены царскай жандармерыяй у Туганавічах зяць Марылінага брата Юзафа Канстанцін Туганоўскі, нашчадак князёў Туганаў. Не вытрымаўшы жорсткіх пакаранняў, ён памёр у віленскай турме. Летам гэтага ж года арыштавалі ў маёнтку Руткевічы на Палессі і Марылінага зяця Яна Рыхлевіча, які ўваходзіў у Лідскі паўстанцкі камітэт. Толькі цяжарнасць уратавала ад арышту і яго жонку — малодшую Марыліну дачку Караліну, якая таксама мела сувязь з паўстанцамі. Пэўне ж, тыя вялікія перажыванні і прычыніліся да смерці Марылі ў 1864 годзе. Вось як піша пра гэта ў 1885 годзе яе сын Станіслаў Путкамер да Уладзіслава Бэлзы, біёграфа Адама Міцкевіча: «Матка мая нарадзілася 24 снежня 1799 года ў Туганавічах, памерла 27 снежня 1864 г. у Бражэльцах, другой нашай вёсцы побач з Балценікамі. Не перажыла выпадкаў таго часу. Пахавалі яе ў парафіяльным касцёле ў Беняконях. Вельмі пакутуючы перад смерцю, у канцы вымавіла словы, якія былі апошнія: «За край, за пакутнікаў...»
Аб часе знаходжання Яна Чачота ў Туганавічах прамых звестак я не знайшоў. Але ж многія факты гавораць аб тым, што ён, гэтак жа як і яго неразлучныя сябры Адам Міцкевіч і Тамаш Зан, быў тут даволі частым госцем. Гэта відаць хаця б з балады «Калдычэўскі шчупак», якую Ян Чачот прысвяціў аднаму з гаспадароў Туганавіч Міхалу Верашчаку. Уступ балады пачынаецца з такіх сяброўскіх «прызнанняў»: «Першага ў свеце люблю гультая, першага цябе, Міхале...» З гэтага ўступу можна ўбачыць, наколькі блізкія яны былі сябры — Міхал Верашчака і Ян Чачот. Дык ці ж мог ён не наведаць свайго сябра ў яго такім гасцінным доме? Тым больш што і Чачотавы бацькі жылі непадалёку — у Лоўчыцах. Зрэшты, у баладзе ёсць і прамы расказ пра бачанае ім у Туганавічах. Кажучы пра Яна Верашчаку з Пясчанкі, Ян Чачот піша, што ён «найдзіўна піў, найдзіўна еў, як вы сёння ў Туганавічах, ніколі за стол адзін не садзіўся, купаўся з сябрамі ў прысмаках...» І далей, зноў вяртаючыся да Міхала Верашчакі, малюючы яго «спосаб жыцця»: «Відаць кроў яго ў табе, Міхале: гатоў ты скінуць кашулю і лезці па шыю ў багністыя хвалі, і тут жа моцна ціскаеш Крысю. Віном не пагарджаеш, прагнеш бойкі, але яе табе не дае доля, і цяпер мірную люльку курыш і рыбу ловіш у Сарваны. Прабач, што з табою ісці не згадзіўся я, бо былі важныя прычыны: чым лавіць рыбу, хацеў ісці я побач з гожай Марцэлінай...»
Гэта Марцэліна, пра якую піша Ян Чачот, была зусім рэальная асоба. Тамаш Зан у пісьме да Адама Міцкевіча ад ІІ студзеня 1823 года, расказваючы, што ў Туганавічах ён весела правёў час у кампаніі харошых дзяўчат, упамінае сярод іх і «гэту мілую Марцэліну», якая была, як мяркуе ў кнізе «Міцкевічаўскія рэаліі» Леанард Падгорскі-Аколаў, таварышкай дачок генерала Ксаверыя Несялоўскага з недалёкай Сэрвачы — Ванды і Ідаліі. Яна Чачота, значыцца, цягнула ў Туганавічы не толькі сяброўства з Міхалам Верашчакам, але яшчэ і тая прывабная шляхцянка Марцэліна.