Філаматы многа рабілі, каб ствараць філарэцкія філіі і ў правінцыях. Кожны з філаматаў абавязаны быў, выехаўшы на канікулы ў родныя мясціны, весці работу сярод насельніцтва, арганізоўваць тайныя згуртаванні. Тут асабліва праявіў свой арганізатарскі талент філамат Міхал Рукевіч, які стварыў у Беластоку Таварыства згодных сяброў, а ў Свіслачы таварыства «Заране». Міхал Рукевіч знайшоў нават шлях да афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, што быў раскватараваны ў Гродзенскай губерні, і арганізаваў сярод іх таварыства «Ваенныя сябры», якое хутка было выкрыта і разгромлена царскімі ўладамі за спробу ў 1825 годзе, праз дзесяць дзён пасля паўстання дзекабрыстаў у Пецярбургу, сарваць прысягу Мікалаю І.
Да нас няшмат дайшло звестак пра арганізаваныя філаматамі згуртаванні моладзі ў правінцыі, так званыя філіі Таварыства філарэтаў. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што ўсе дакументы, звязаныя з імі, філарэты пасля выкрыцця царскімі ўладамі тайных саюзаў моладзі аддалі агню.
Філія Таварыства філарэтаў, відаць па ўсім, была створана і дзесьці паблізу Туганавіч, хутчэй за ўсё ў мястэчку Цырын. Пра гэта ж тут, як-ніяк, было каму паклапаціцца: у Туганавічах падоўгу гасцявалі, прынамсі, чатыры філаматы, ды не простыя філаматы, а самыя завадатары згуртавання — Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Ігнат Дамейка, блізкі сваяк Верашчакаў. Калі б уявіць, што каля каменя ў Куце збіраліся на свае сходкі адны толькі яны (што пры іх актыўнасці было зусім немагчыма), то яго, гэты камень, назвалі б няйначай як каменем філаматаў, бо ў першую чаргу Зан, Міцкевіч, Чачот, Дамейка былі філаматамі, а потым ужо філарэтамі...
Вузенькай травяной вулачкай мы выехалі за вёску. Дарога павяла ў нестары беразнячок, з якога ў левым баку прасвечвала свежаўзаранае поле. Далей у лесе засвяцілі чырвонымі камлямі хвоі.
Камень быў з аднаго боку як бы ўсечаны і нагадваў сабою невялікую скалу. Ляжаў ён каля самай дарогі, у падножжы ляснога ўзгорка, што даволі крута ішоў уверх. Так, на гэтым узгорку было вельмі добра наладжваць філарэтам свае сходкі. Тым больш і мясцінка ж зацішная, у баку ад вялікіх дарог, наводшыбе ад вёскі. Прастор і воля!
Праз шмат гадоў пасля гэтых сходак філарэтаў прыехаў да іх каменя з далёкай Украіны выдатны савецкі паэт і акадэмік Максім Рыльскі. Стоячы ў гэтым зацішным яры, слухаючы несціханы пошум старых хвой, ён жыва ўявіў тых высокаадукаваных і эрудзіраваных маладых людзей, якія шчыра і горача кляліся змагацца за свой край, за родны народ, што праз вякі валачыў тут ярмо прыгонніцтва, за волю і роўнасць паміж усімі людзьмі. А ўявіўшы, Максім Рыльскі радкамі свайго санета вярнуў нам той далёкі і смутны час, вярнуў тыя гарачыя сходкі юнакоў-патрыётаў, светлыя воблікі першых нашых вестуноў ачышчальных рэвалюцыйных бур, што пранесліся потым па краі:
Мы прайшлі толькі некаторымі сцяжынамі Яна Чачота, тымі, на якіх пазнаваў ён жыццё, якія навучылі яго любіць і ненавідзець, якія выводзілі яго ў людзі, у свет, на дарогу змагання за праўду, за народную долю. Амаль усе гэтыя сцяжыны цесна перапляталіся са сцяжынамі вялікага Адама Міцкевіча, з якім так хораша ступалася па зямлі, так светла і шырока думалася. Сцяжыны роднай Наваградчыны...
Але былі ў Яна Чачота яшчэ іншыя сцяжыны, іншыя дарогі.
Была ў яго біяграфіі Вільня, дзе зноў-такі яму пашчаслівіла ісці поруч з Адамам Міцкевічам, дзяліць з ім усе радасці і нягоды студэнцкага і службовага быцця, сумеснай дзейнасці для дабра радзімы.