Тамаш Зан быў галоўным арганізатарам радыкальных згуртаванняў моладзі ў Вільні. Якраз ён разам з Адамам Міцкевічам і Юзафам Яжоўскім быў ініцыятарам стварэння Таварыства філаматаў, якое стала ядром усіх іншых прагрэсіўных арганізацый на Беларусі. Ён жа арганізаваў і больш шырокае, разгалінаванае згуртаванне — Таварыства прамяністых (тых, хто быццам бы выпраменьвае высокую духоўнасць), легальную арганізацыю, якую неўзабаве ён змушаны быў пераўтварыць у тайную пад назвай Таварыства філарэтаў (сяброў дабрачыннасці), стаўшы яго кіраўніком (прэзідэнтам). Ад першапачатковай назвы гэтага таварыства, якую Тамаш таксама прыдумаў сам, яго празвалі «архіпрамяністым» (самым прамяністым). Тамаш Зан быў сапраўдным кумірам моладзі, якая заўсёды хінулася да яго, брала з яго прыклад мужнасці, арганізаванасці. Ён мэтанакіравана рыхтаваў моладзь да будучай бітвы з царскім самаўладдзем, за вызваленне роднай яму Беларусі ў рамках былой Рэчы Паспалітай ад дэспатызму.
Пра ролю Тамаша Зана ў згуртаванні прагрэсіўных сілаў грамадства Беларусі і Літвы, пра тое, якую вялікую надзею ўскладвала на яго як свайго прызнанага лідэра перадавая моладзь краю, выразна кажа Ян Чачот у вершы «У дзень урачыстасці ў гонар Тамаша Зана 29 мая 1821 года»:
Сенатар Мікалай Навасільцаў, якога царскія ўлады прыслалі ў Вільню для расследавання дзейнасці тайных арганізацый, адразу ўбачыў у асобе Тамаша Зана самага актыўнага завадатара моладзі, надзвычай небяспечнага для рэжыму рэвалюцыянера. У рапарце ў Варшаву царскаму намесніку вялікаму князю Канстанціну ён даносіў, што якраз Тамаш Зан быў заснавальнікам прадстаўнічага Таварыства філарэтаў, «тайнай мэтай» якога мелася быць «рэвалюцыя ў думках». І нездарма ж складзеная самім царом Аляксандрам І камісія, у якую ўвайшлі сенатар Навасільцаў, міністр асветы Шышкоў і генерал Аракчэеў, самы суровы прысуд з усіх двухсот пакараных філарэтаў вынесла якраз яму, Тамашу Зану, «як стваральніку і кіраўніку ўсяго таварыства»: цэлы год крэпасці ў Арэнбургу і пасяленне там без права вяртання на радзіму. Цар Аляксандр І зацвердзіў гэты прысуд.
На працэсе над філаматамі і філарэтамі Тамаш Зан паказаў сапраўдную мужнасць і высакароднасць. Каб выгарадзіць сваіх сяброў па арганізацыі, ён усю віну за яе дзейнасць узяў на сябе. Вельмі добра расказаў пра гэта Адам Міцкевіч у сваіх славутых «Дзядах», дзе побач з іншымі філаматамі намаляваў прывабны вобраз Тамаша Зана пад яго ж імем. Вось якія словы ўкладае вялікі паэт у вусны Тамаша (падаю іх у перакладзе на рускую мову В. Левіка):