Выбрать главу

Як мяркуюць біёграфы паэта-філамата, жонцы паўстанца небяспечна было заставацца ў Мясаце, бо праз вёску якраз праходзілі казацкія войскі. Яна вымушана была ўцячы ў лес. Памагла ёй перабыць ліхі час тутэйшая сялянка, якая напаткалася ў лесе: яна хадзіла сюды да свайго мужа, што хаваўся ад рэкрутчыны. Гэтая сялянка нават стала для Тамаша «мамкай»: карміла яго сваімі грудзьмі.

Але ёсць і другая версія пра месца нараджэння Тамаша Зана: нібы гэта было ў мясцовай, мясацкай карчме. Як бы там ні было, але Мясата — месца яго прыходу ў свет.

Ад станцыі Мясата да самой вёскі — ісці кіламетры два праз поле. Усё ж я, здаецца, не спазніўся: калі прыйшоў, якраз выстройвалі дзяцей у вестыбюлі школы на ўрачыстую лінейку. Генадзь Каханоўскі мяне ўжо чакаў. Нам далі слова, і мы павіншавалі дзяцей з пачаткам новага навучальнага года, ну, а потым «правялі» першы «ўрок» у старэйшых класах — расказалі пра нашага славутага асветніка і першадрукара, пра пакручастыя шляхі нашай гісторыі, пра ўздзеянне беларускай культуры ў сярэднявеччы на ўсё ўсходняе славянства, у першую чаргу на «Масковію».

Пасля «ўрока» Яўгенія Васільеўна Костачка паказала нам школьны музей, які яна «курыруе». Для яго адвялі звычайны класны пакой. Вядома, больш за ўсё тут фотаздымкаў. Ну, і кнігі, і рукапісныя альбомы, дзе паказваецца гісторыя вёскі, школы. Тут жа і стэнд, прысвечаны Тамашу Зану. І этнаграфічныя рэчы. Музей пакуль што сціплы, аматарскі. Але галоўнае — ён ёсць, і — таксама галоўнае — што дзеці самі збіраюць для яго матэрыялы. Вядома, пад кіраўніцтвам Яўгеніі Васільеўны. Думаю, такія краязнаўчыя музеі павінны быць у кожнай школе. Яны ж, як нішто лепей, абуджаюць у дзяцей цікавасць да свайго краю, даюць ім першыя навыкі і смак даследчыцкай працы і, напэўна ж, павінны падказаць каму-небудзь з іх магістральную дарогу ў жыцці. Акрамя таго, гэтакія музеі могуць стаць своеасаблівымі цэнтрамі вывучэння кожнай мясцовасці. Сабраныя дзецьмі прадметы сялянскага побыту, запісаныя на магнітафонную стужку расказы старых людзей пра іх жыццё, пра мінулае вёскі, а таксама захаваныя ў іх памяці мясцовыя песні, казкі, паданні', прыказкі, прымаўкі, выслоўі, загадкі — гэта ж каштоўнейшы наш скарб, матэрыял для вывучэння нашага краю. Калі б такое зрабіць у кожнай школе, мы мелі б жывую, з цікавейшымі мясцовымі фактамі карціну даўно мінулага і сённяшняга дня Беларусі.

Уражанне ад сустрэч у школе было ў нас абодвух самае прыемнае. Вядома, не таму, што нас добра прынялі. А таму, што мы пабывалі ў сапраўды беларускай школе, дзе шануецца родная мова, дзе выхоўваюцца сапраўдныя грамадзяне Беларусі, патрыёты бацькоўскай зямлі, а не Іваны, якія не помняць, хто яны і адкуль. Як часта даводзілася бываць мне ў школах, дзе нават слова беларускага не пачуеш і не ўбачыш на надпісах — усюды руская мова. Як быццам ты трапіў у Расію: Звычайна дырэктарамі такіх школ падбіраліся зверху ідэйна падкаваныя, адданыя партыі, а не народу камуністы, гэтакія фанабэрыстыя «ўсёзнаўцы», што намёртва ўбілі сабе ў мазгі жалезныя каноны іх тэорыі аб будучым зліцці ўсіх нацый, пад якім (зліццём) разумелася чамусьці толькі звычайная іх русіфікацыя і якое — таксама чамусьці — праводзілася пад лозунгам інтэрнацыяналізму. У такіх школах я бачыў знешне спагадлівыя, ілжыва ветлівыя адносіны да мовы нашага народа, у сапраўднасці ж адназначна асуджанай такімі «моцна падкаванымі» дырэктарамі ды і асобнымі звышстараннымі настаўнікамі на выміранне. Сваю інтэрнацыянальную задачу яны бачылі ў тым, каб паскорыць гэты «аб'ектыўны» працэс, каб унесці «пасільны ўклад» у знішчэнне культуры, мовы народа, а значыць, і самога народа, ператварыўшы яго ў безаблічнае насельніцтва, якое можна лёгка тады далучаць да любой іншай дзяржавы. Сумна, што ў гэтым вялікім злачынстве перад нашым народам часта ўдзельнічалі і там-сям удзельнічаюць і сёння самі ж дзеці гэтага народа, якіх у шырокім свеце называюць калабарацыяністамі, а ў народзе — проста здраднікамі. Сумна, што такіх здраднікаў свайго народа нямала можна сустрэць сярод педагогаў. Ім жа так лёгка пасеяць у юных душах чорнае семя нацыянальнага нігілізму. У Мясацкай школе мы ўбачылі сапраўдных педагогаў, далёкіх ад такой фанабэрыі, шчыра зацікаўленых у патрыятычным выхаванні сваіх вучняў, у іх духоўным здароўі. Як прыемна было чуць на «лінейцы» і пасля яе з вуснаў і настаўнікаў, і вучняў, і самога дырэктара нашу чыстую беларускую мову! І з розных плакатаў, насценных надпісаў не зганялі яе тут, як у іншых школах.