Выбрать главу

І вось я сабраўся на экскурсію да плошчы Свабоды, дзе хадзіў дагэтуль тысячы разоў. Але цяпер ішоў сюды спецыяльна, каб ужо другімі вачамі агледзець гістарычнае месца Мінска, якое некалі мела назву Верхні (або Высокі) рынак, а пазней — Саборная плошча і толькі ў савецкі час — плошча Свабоды (хоць свабодай тут, здаецца, ніколі і не пахла).

Пачынаю сваю экскурсію ад ГУМа. На плошчы прыпыняюся каля аднаго са старых будынкаў — вельмі пагляднага шматпавярховага дома з мемарыяльнай дошкай у гонар кіраўніка дзекабрысцкіх арганізацый Мікіты Мураўёва, які бываў тут у 1821-1822 гадах. Бываў у мінскага губернатара, чыё ведамства тут месцілася, і ў губернскай бібліятэцы, дзе ён працаваў над першым, мінскім варыянтам вядомай канстытуцыі дзекабрыстаў. А яшчэ раней гэта быў будынак езуіцкай школы, якая ўваходзіла ў комплекс кляштара езуітаў. Асобныя пабудовы комплексу, хоць і ў змененым выглядзе, захаваліся да сённяшняга дня. Але пра іх — хоць бы які надпіс! І мы, мінчане, нават не здагадваемся, якія помнікі мінуўшчыны вакол нас. Я прайшоў — туды і назад — па вуліцы Рэвалюцыйнай (былой Койданаўскай), якая падыходзіць да плошчы. Вузенькая, уся са старых, своеасаблівай архітэктуры дамоў, з якіх ні адзін не падобны на іншы, з арачнымі ўездамі ў зацішныя дворыкі, з фігурнымі вокнамі — сапраўдны прытулак вякоў. На вуглу Рэвалюцыйнай і плошчы Свабоды можна ўбачыць і дом, у якім месціўся вядомы Інбелкульт — Інстытут беларускай культуры, на базе якога ўзнікла ў 1928 годзе Акадэмія навук БССР. Тут жа, пры Інбелкульце, працавала і Цэнтральнае бюро краязнаўства, выходзіў часопіс «Наш край». Але зноў вы дарэмна будзеце шукаць пра гэта хоць якога-небудзь напамінку. Хаця што тут здзяўляцца: гэта ж было «гняздо нацдэмаў», якімі шчодра запаўняліся раскіданыя па неабдымных прасторах «Союза свободных советских республик» незлічоныя астравы Архіпелага Гулага і ямы шматлікіх Курапатаў.

На другім баку вуліцы кожнаму кідаецца ў вочы шматаконны дом з мемарыяльнай дошкай нямецкаму антыфашысту Фрыцу Шменкелю. Гэта — адзін з будынкаў былога гасціннага двара, колішні купецкі клуб. За пабудовамі гасціннага двара мяне сустракае велічны гмах кафедральнага сабора, даўняга кляштара бернардзінак. Гэта сюды ў бурлівыя 1863-1864 гады кідалі зняволеных паўстанцаў, сярод якіх была і дачка Вікенція Дуніна-Марцінкевіча — Каміла; Агінаю магутныя векавыя сцены сабора і пераходжу на другі бок вузенькай вуліцы імя Кірыла і Мяфодзія (нядаўняй вуліцы імя Бакуніна), дзе перада мною ўстае не менш велічны храм — былы кляштар бернардзінцаў. Добра ўсё ж пахадзіць вось так, без спешкі паміж гэтых старых муроў, што шчасліва выстаялі ў спусташальных віхурах найкрывавых часоў. Тут жа нібы сама вечнасць размаўляе з табой.

Каб не прапусціць якіх памятак Саборнай плошчы (якраз так хочацца яе называць сёння), я абыходжу ўвесь тыльны бок яе ўсходняй часткі. Але паколькі там вядзецца нейкае будаўніцтва (спадзяюся, яно звязана з рэстаўрацыяй старога цэнтра горада), я спускаюся да ўзбярэжжа Свіслачы і, мінаючы «Журавінку», ступаю на вуліцу Інтэрнацыянальную, падымаюся па ёй уверх, ізноў на Саборную плошчу, толькі ўжо з другога боку. Злева, на Цэнтральнай плошчы, дзе яшчэ за маёй памяццю маячыла гіганцкая постаць «бацькі ўсіх народаў», будуецца ізноў нешта агромністае, нешта архісучаснае, што адсюль засланяе ўсю плошчу, а адтуль, з боку Ленінскага праспекта, вядома ж, гэтую ціхую, забытую мінчанамі старую вулачку, з цэлым шэрагам даўніх, не нашага стагоддзя, дамоў. Тут, на гэтым адрэзку Інтэрнацыянальнай вуліцы, таксама нямала цікавых помнікаў, звязаных з гісторыяй нашай культуры. Напрыклад, будынак першай публічнай гарадской бібліятэкі, якая была названа імем А. С. Пушкіна. А ў глыбіні двароў я пазнаю не раз бачаны на фотаздымках у друку даўгі аднапавярховы дом выдатнага беларускага мастака XIX стагоддзя Валенцін Ваньковіча, які быў знаёмы з Аляксандрам Пушкіным, Адамам Міцкевічам, Францішкам Малеўскім, маляваў іх партрэты. Можна толькі падзівіцца, што мы дасюль яшчэ не зрабілі тут музей, дзе кожны з нас мог бы палюбавацца выдатнымі палотнамі славутага мінчаніна, даведацца пра долю мастака. Тое ж самае трэба сказаць і адносна выдатнага кампазітара Беларусі XIX стагоддзя Станіслава Манюшкі, які ў 30-х гадах жыў вунь у тым трохпавярховым доме — вугал Інтэрнацыянальнай і Энгельса. І для яго таксама даўно просіцца тут музей. Але мы не толькі музеі не стварылі гэтым слаўным сынам Беларусі, а нават не дадумаліся прымацаваць на сценах іх дамоў хоць мемарыяльныя табліцы ці якія памятныя знакі.