Важным момантам навучання ў Мінскай гімназіі было тое, што яна імкнулася даць выхаванцам як мага болей практычных ведаў, асабліва звязаных з гаспадараннем на зямлі.
Тамаш Зан вучыўся добра, ён належаў да найбольш здатных вучняў. Вось яго адзнакі, пастаўленыя, відавочна, настаўнікам аднаго з першых класаў: «Тамаш, сын Кароля, Зань з Вілейскага павета, католік, гадоў Ю. Здароўе — добра, уважлівасць — добра, латынь — добра, маральнасць — добра, геаграфія — добра, арыфметыка — добра, фармаванне характару — добра». У старэйшых класах Тамаша Зана асабліва адзначалі за добрае веданне матэматыкі, фізікі, за поспехі ў маляванні.
Актыўны ўдзел браў Тамаш Зан і ва ўсіх студэнцкіх зборах і забавах. З трэцяга класа навучэнцы ўтваралі сваё вучнёўскае кіраўніцтва, свае суды. Як відаць, у Мінскай гімназіі і набыў Тамаш Зан першы вопыт самастойных студэнцкіх згуртаванняў.
Вядома ж, шмат дало Тамашу Зану для агульнага развіцця і тагачаснае грамадскае жыццё Мінска. Перш за ўсё студэнты не маглі не наведваць прадстаўленні Мінскага тэатра, які месціўся ў тым жа будынку, што і гімназія. А па-за сценамі гімназіі, тут жа, на Высокім рынку, які з XVII стагоддзя зрабіўся адміністрацыйным, гандлёвым і культурным цэнтрам Мінска, можна было ўбачыць прадстаўленні батлейкі, вандроўных скамарохаў, дрэсіраваных смаргонскіх мядзведзяў, розныя шэсці, абходзіны рэлігійных свят. Асобныя вобразы з тагачаснага побыту мінчан запомніліся Зану назаўсёды: «Яўрэйка з абаранкамі, немец з грэцкімі піражкамі, званар-езуіт, вар'ят Янка, смаргонскія мядзведзі, гукі царкоўнага звона, сад Карнеева, Залатая Горка і Кальварыя, архірэй Пацёмкін — вакол усяго гэтага і круціліся думкі мінскіх дзяцей да 1812 года».
Як бачым, тут згадваецца і немец з грэцкімі піражкамі, вобраз якога вывеў потым Тамаш Зан у сваёй камедыі «Грэцкія піражкі».
Тут, у Мінскай гімназіі, робіць Тамаш Зан і свае першыя спробы ў паэзіі. Як прыгадвае ён сам, настаўнік Брадоўскі, навучаючы дзяцей правільна выкладаць свае думкі, загадваў ім перарабляць вершы Нарушэвіча і Красіцкага на прозу, а прозу, казкі — на вершы. Тамаш Зан на аснове пачутай ад бабкі Далеўскай беларускай народнай казкі пра курку і знесенае ёю залатое яйка напісаў даволі вялікі верш, здзівіўшы ім і вучняў, і настаўнікаў.
Самымі блізкімі сябрамі Тамаша Зана ў Мінскай гімназіі былі браты Верашчакі з Наваградчыны — Міхал і Юзаф. Асабліва моцна падружыўся ён з дабрадушным і таварыскім Міхалам. Іхняя дружба цягнулася ўсё жыццё. Дзякуючы ёй Тамаш Зан пазнаёміўся і пасябраваў потым з сястрой Верашчакаў Марыляй: у час навучання ў Віленскім універсітэце ён быў частым госцем у іх маёнтках — у Туганавічах і Плужынах. Якраз праз Тамаша Зана ўведаў Марылю і Адам Міцкевіч. Цікавая ўзнікае тут думка: гэта ж калі б не было Мінскай гімназіі, якая звяла Верашчакаў і Зана, Адам Міцкевіч, пэўне ж, ніколі не ведаў бы нават пра існаванне Марылі, а значыць, не было б якраз гэтага яго вялікага кахання да яе, а тады, у сваю чаргу, не было б ні «Дзядоў», ні «Пана Тадэвуша», ні мноства выдатных міцкевічаўскіх балад, санетаў, вершаў, на якія натхніла паэта яго каханая, інакш кажучы, не было б вялікага паэта сусветнага значэння, не было б Адама Міцкевіча! Вось што такое яго вялікасць Выпадак! Ці, можа, — Збег Акалічнасцей? А мо ўсё гэта называецца проста — Наканаванне?
І на завяршэнне — думкі, на якія наводзіць знаёмства з навучаннем у Мінскай гімназіі. Гэта была тыповая на Беларусі навучальная ўстанова. На яе прыкладзе можна бачыць наогул характар асветы на беларускіх землях у пачатку XIX стагоддзя. Як Мінская гімназія, так гімназіі і іншыя навучальныя ўстановы ў беларускіх гарадах, мястэчках, сёлах былі польскія. Выкладанне ўсіх прадметаў вялося на польскай мове, усе настаўнікі павінны былі выхоўваць у дзяцей польскі патрыятызм, даводзіць, што яны — палякі, а ўсе беларускія правінцыі — неад'емная частка Польшчы.
Гэта была сапраўдная польская экспансія на Беларусі, яе «ціхая» заваёва, пра якую нашы гісторыкі гавораць чамусьці — мо з нашай традыцыйнай беларускай далікатнасці? — напаўголасу. Пачалася яна, зрэшты, многа стагоддзяў назад, з аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў 1385 годзе, калі палякі ў выніку Крэўскай уніі пасадзілі на свой трон вялікага князя літоўскага Ягайлу. З гэтага часу пры дапамозе каталіцызму польскія феадалы павялі паступовую, але няўхільную паланізацыю Беларусі, вынікам якой стала амаль поўнае апалячванне к XIX стагоддзю верхніх, найбольш адукаваных слаёў беларускага грамадства. Гэтая вялікая нацыяналь ная трагедыя павяла за сабой такія страты ў культуры, якія нам ніколі не ўдасца нават падлічыць.