Не менш драматычная метамарфоза адбылася і з панскім склепам — «дворнай лядоўняй», якая дасталася другому брату, мужу Марыі Іванаўны. Склеп быў вялікі, ладны, над ім высілася шыкоўная драўляная надбудова, з нямецкім вуглом. Пэўна, стаяла б яна і сёння, калі б не калектывізацыя. Гаспадар Марыі Іванаўны ў калгас ісці не захацеў, намерыўся трымацца да апошняга. Але Саветы ўжо мелі вялікі вопыт «заахвочвання» сялян уступаць у калгасы. Гэты вопыт яны з поспехам скарыстоўвалі і тут, у Заходняй Беларусі. Адзін з выпрабаваных спосабаў такога «заахвочвання» — душыць непакорлівых драконаўскімі падаткамі. Гаспадар Марыі Іванаўны павінен быў выплаціць дзяржаве — ні многа ні мала — шэсць тысяч рублёў! Гэты падатак называлі чамусьці «кульзборам». Выплачваючы той «кульзбор», Акуліцкія прадавалі ўсё, што толькі маглі. Сала, дамашнія рэчы — усё ішло ў падатак. Якраз тады давялося ім прадаць і тую драўляную надбудову над склепам. Аголены склеп гаспадар вымушаны быў проста абляпіць зверху глінай.
Гэты «кульзбор», дарэчы, Акуліцкім удалося такім чынам выплаціць. Але рабілі гэта дарэмна: улады тут жа абклалі іх гаспадарку новым «кульзборам», ізноў трэба было плаціць такія ж самыя шэсць тысяч рублёў! Але другую шкуру здзіраць ужо не было з чаго, і Марыя Іванаўна мусіла ісці на паклон Кісялю («Такі быў маленькі чалавечак») — прасіцца ў калгас, які ён узначальваў.
— Ці не яго прозвішча значыцца на помніку насупраць школы? — папытаўся я.
— Яго, чыё ж яшчэ.
На гэтым помніку мы адразу запынілі свае вочы, калі заходзілі ў школу. Стаіць ён на самым відным, ганаровым месцы. Такі пампезны, з граніту. На ім выбіты імёны камунараў 1918 года. Яны, як пішацца ў «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», «збіралі ўраджай у нацыяналізаваных маёнтках Тучына, Ізабеліна, Лешна, здавалі яго Чырвонай Арміі». Калі пасля вайны сагналі тут людзей у калгас, стар шынёй яго прызначылі, вядома ж, аднаго з тых «камунараў» — Паўла Кісяля.
Але хоць імя старшыні і ўвекавечана на граніце, мы ніводнага добрага слова ў Выверах пра яго не пачулі. Надта ж шчыраваў у тых нацыяналізацыях-калектывізацыях. Да таго ж быў ён малаадукаваны, амаль непісьменны. Калі трэба было нешта напісаць, ён рабіў безліч памылак. З яго смяяліся, што замест таго каб напісаць «насыпаў» (напрыклад, скрыню бульбы), ён пісаў — «насікаў». Дапрасіцца ў яго чаго-небудзь, хаця б якога каня, каб што прывезці, таксама было не проста. Але, як нам расказвалі, «калі паўлітра паставіш, то дасць, што просіш».
І вось пад «мудрае кіраўніцтва» гэтага «чалавечка» і давялося ісці Марыі Іванаўне са сваім гаспадаром і дзецьмі.
Дворная лядоўня і дасюль стаіць аблепленая глінай. Затое амаль нічога не змянілася ўсярэдзіне склепа, куды завяла нас гаспадыня, каб паказаць. Склеп вялікі, прасторны, з тоўстымі мураванымі сценамі і столлю — рабіўся на вякі.
Ад панскай сядзібы засталася яшчэ закінутая, забруджаная, нікому цяпер непатрэбная сажалка за дарогай. Ну, і роўны шнур старых, пазгінаных у тры пагібелі карабатых вербаў паўз дарогу, што, як расказала Марыя Іванаўна, «вядзе праз пуць на гасцінец». Той гасцінец, якім некалі прыязджаў сюды з Вільні Тамаш Зан і якому пастаўлены ў Мясаце помнік.
Пазнаёміліся мы збольшага і з самой вёскай Выверы. Вёска даволі вялікая, у ёй многа новых, цагляных дамоў. А ў час, калі тут распрадавалі зямлю, як расказаў нам былы калгасны брыгадзір Аляксей Мікалаевіч Раманоўскі, было ўсяго адзінац цаць хат. Цікава, што гэтую ж лічбу падае і згаданы «Геаграфічны слоўнік...», адпаведны том якога выйшаў у 1893 годзе. Выходзіць, якраз недзе перад гэтым годам і распрадавалася тут зямля, на якой і ўзнікла тады вёска. Значыць, у першай палове XIX стагоддзя тут быў толькі фальварак. Сяляне ж жылі тады ў Раеўшчыне, якая амаль прымыкае да Вывераў.
У Раеўшчыну мы заязджалі на «Масквічы» Кастуся Харашэвіча. Кастусь суняў тады машыну каля чародкі цяністых таполяў ды вербаў, за мастком праз нейкую рачулку, здаецца, Крыніцу.
— Паглядзіце, якія тут магутныя дрэвы! — паказаў ён па ходу той рачулкі, што гублялася ў кустоўі. — Гэта ўсё, што засталося ад даўнейшага вялікага парку.
Кастусь расказаў, што яшчэ нядаўна хадзіў ён зарослымі дарожкамі гэтага парку, любуючыся велічнымі клёнамі ды ліпамі, а таксама піхтамі і шмат якімі яшчэ рэдкімі дрэвамі ды кустамі. На добры лад парк можна было б паднавіць, дагледзець. Сюды ж бегалі гуляць дзеці, хадзілі з кніжкамі школьнікі. Ды і даросламу чалавеку хіба ж пашкодзіла б краса? Але старшыня мясцовага калгаса «Усход» загадаў знесці, раскарчаваць парк. Гэта было якіх тры ці чатыры гады назад. Калі Кастусь падышоў тады да старшыні з пратэстамі, той толькі адмахнуўся ад яго, як ад назойлівай мухі: