З характару школьных гульняў, з вучнёўскіх твораў можна ўявіць, які дух, які юначы запал нёс у 1815 годзе з Маладзечна ў Віленскі універсітэт семнаццацігадовы Тамаш Зан.
Будынак Маладзечанскага павятовага вучылішча, у якім у 1811-1815 гадах вучыўся кіраўнік віленскіх згуртаванняў моладзі, захаваўся па сённяшні дзень.
Сюды мяне прывёў у першы ж дзень нашай вандроўкі Генадзь Каханоўскі.
Толькі паглядзець даўнюю школу аказалася не проста: яна цяпер апынулася ў двары станкабудаўнічага завода. Быў якраз выхадны дзень, субота, і вахцёрка ў прахадной прапусціць нас туды адмовілася. Генадзь назваў сябе і мяне, папулярна расказаў, чаго нам трэба было прайсці ў заводскі двор, паказаў свой дакумент, але Жэня, як назвалася жанчына, і глянуць на той дакумент не захацела.
— Тады дайце нам тэлефон якога начальства, — папрасіў Генадзь.
— Можаце пазваніць дзяжурнаму па заводзе, — і Жэня прадыктавала нам яго тэлефон.
Але калі Генадзь, дазваніўшыся да дзяжурнага, перадаў Жэні трубку, жанчына пачала даводзіць яму, што па вуснаму дазволу яна прапусціць на завод чужых людзей не можа. Дамовіліся, што дзяжурны сам падыдзе да прахадной.
Хоць мы і спяшаліся на электрычку, давялося чакаць яго. Мы даволі доўга тапталіся ў прахадной, пакуль, нарэшце, не ўбачылі пажылога чалавека, які, накульгваючы на адну нагу, паволі, з прыпынкамі ішоў у наш бок.
Дзяжурнага па заводзе — галоўнае тут начальства ў выхадны дзень — звалі Міхаіл Антонавіч Шэжык. Стрымана паздароўкаўшыся з намі, ён, не спяшаючыся, зайшоў у будку вахцёра і строгім начальніцкім голасам папытаўся ў нас, хто мы і што нам трэба.
Генадзь падрабязна расказаў пра ўсё. Выявілася, што Міхаіл Антонавіч ведае яго, чытаў нават яго кніжку пра Маладзечна, тым не меней папрасіў дакумент. Калі Генадзь падаў яму той дакумент, Міхаіл Антонавіч пачаў паволі яго разглядваць, удакладняць нейкія там моманты. Толькі калі мы не вытрымалі і пачалі трохі жартам, трохі ўсур'ёз ушчуваць яго за такую цяганіну, Міхаіл Антонавіч, які рабіў гэта не з нейкай падазронасці, а з простай чалавечай цікаўнасці, прапусціў нас на завод і сам падахвоціўся паказаць будынак былой школы.
У поўным выглядзе даўнюю маладзечанскую навучальную ўстанову мы, на жаль, не змаглі ўбачыць. Яна была аблеплена з бакоў нейкімі прыбудовамі, заціснута паміж вытворчымі будынкамі. Да таго ж толькі работнікі завода маглі бачыць гэты помнік гісторыі і архітэктуры, пабудаваны ў 1762 годзе як кляштар антытрынітарыяў. Пра тое, што гэта не абы-які будынак, сведчыла мемарыяльная табліца, якая расказвала пра тое, што пазней тут была настаўніцкая семінарыя і што ў ёй вучыліся такія славутыя людзі; як беларускі паэт Міхась Чарот, удзельнік трох рэвалюцый генерал-маёр Л. А. Калядка, героі грамадзянскай вайны І. А. Біч, камбрыг П. М. Шаранговіч, вядомыя дзеячы рэвалюцыйнага і нацыянальнага руху Заходняй Беларусі Ф. І. Валынец, А. Р. Капуцкі, П. В. Мятла, С. А. Рак Міхайлоўскі, герой руска-турэцкай вайны (1877-1878) К. В. Хруцкі.
На жаль, у спісе не знайшлося месца іншым выдатным людзям, якія тут вучыліся, — беларускаму драматургу Касьяну Вясёламу (В. І. Аўдзею), шырока вядомаму ў свеце беларускаму спеваку Міхалу Забэйду-Суміцкаму, усходнязнаўцу, даследчыку духоўнай культуры беларускіх татараў, прафесару Пецярбургскага універсітэта Антону Мухлінскаму, літаратурнаму крытыку, прафесару Варшаўскага універсітэта Аляксандру Тышынскаму (чыю сядзібу мы аглядалі ў Мясаце) ... А яшчэ ж выкладчыкамі тут былі мяркуемы аўтар «Тараса на Парнасе» Канстанцін Вераніцын, вядомыя фалькларысты і этнографы М. Я. Нікіфароўскі, Ю. Ф. Крачкоўскі...