Улічваючы немалыя заслугі Тамаша Зана ў вывучэнні уральскай прыроды і асабліва знаходку пакладаў золата, З мая 1837 года «государь император всемилостивейше соизволил разрешить Заиу оставить, буде пожелает, службу в Оренбургском крае, с правом продолжить оную в других губерниях или возвратиться на родину». Але са зваротам Тамаша Зана на радзіму ўлады ўсё ж не спяшаліся. Спачатку яму дазволілі прыехаць у Пецярбург, дзе ён, уладкаваўшыся бібліятэкарам у Горным інстытуце, заняўся выданнем сваіх прац пра прыродныя багацці Урала агульным аб'ёмам сто друкаваных аркушаў. Аднак надрукаваць такую аб'ёмную кнігу Тамашу Зану не ўдалося. Па сённяшні дзень мы не ведаем, дзе дзеўся яе рукапіс.
А зварот на Беларусь, нягледзячы на царскае «всемилостивейшее соизволение», усё адцягваўся. Больш таго, Тамаша Зана неўзабаве пасля прыезду ў Пецярбург нечакана выклікалі ў канцылярыю вядомага III аддзялення імператарскага ведамства і паведамілі там, што яго вырашылі вярнуць назад у Арэнбург у суправаджэнні жандара: паліцыя даведалася пра новыя факты ўдзелу беларускага выгнанніка ў арэнбургскай змове 1833 года. Ратаваць «архіпрамяністага» кінуліся яго віленскія сябры, якія аселі ў Пецярбургу, і ў першую чаргу Францішак Малеўскі, у сям'і якога ён знайшоў цеплыню і спагаду. Наўрад ці дапамаглі б тут захады сяброў, бо справа непакорлівага бунтара дайшла да самога шэфа жандараў, галоўнага начальніка III аддзялення графа А. Х. Бенкендорфа.
Але, на шчасце, за Тамаша Зана заступіўся арэнбургскі генерал-губернатар граф Васілій Аляксеевіч Пяроўскі, які высока цаніў ссыльнага філамата за яго геалагічныя адкрыцці, за шырыню ведаў. Гэта выратавала «архіпрамяністага» ад новага вітка «блуканняў па пакутах».
Улады затрымлівалі Тамаша Зана ў Пецярбургу яшчэ таму, што ў Вільні ў гэты час было не зусім спакойна. Там, у былым Віленскім універсітэце, цяпер Медыка-хірургічнай акадэміі, пад кіраўніцтвам беларускага паэта Францішка Савіча ўтварылася новае тайнае згуртаванне студэнтаў, да якіх далучыліся некалькі прафесараў і віленскіх рамеснікаў і з якімі наладзіў кантакт вядомы рэвалюцыянер Сымон Канарскі. Новую змову супраць царызму выкрылі акурат у час знаходжання Тамаша Зана ў Пецярбургу. Атмасфера ў Вільні была напружаная. Пускаць туды легендарнага кіраўніка філарэтаў было тое самае, што кідаць іскру ў бочку з порахам. Затрымка са зваротам на радзіму, якая была цяпер так блізка, вельмі прыгнятала Тамаша Зана. «Відаць, не раней як праз два ці тры гады змагу я вярнуцца дадому, што мяне вельмі засмучае, — пісаў ён сваёй нязменнай сяброўцы Марылі Верашчака (цяпер Путкамер) у 1838 годзе. — Ніколі да гэтага не адчуваў я так цяжка сваё выгнанне, як цяпер — у бляску славутай сталіцы Расіі».
Так і атрымалася, як прадугадваў выгнаннік: толькі ў 1841 годзе яму дазволілі вярнуцца на радзіму, ды і то як супрацоўніку Горнага інстытута. Наколькі пакутлівае было чаканне звароту, гаворыць псіхічны надлом Тамаша Зана, пра што з вялікай роспаччу паведамляе Марылі Путкамер Францішак Малеўскі ў самым пачатку 1840 года. Ён ужо быў упэўнены, што назаўсёды «страціў свайго даўняга друга, добрага Тамаша». Але, на шчасце, прыступы вар'яцтва паўтараліся ўсё радзей і, нарэшце, зусім прайшлі.
Няма чаго казаць, якая хвалюючая была сустрэча Тамаша Зана з роднай зямлёй пасля семнаццаці гадоў разлукі. Не менш хвалюючай была яна і для яго сяброў, блізкіх, знаёмых і нават для тых, хто нарадзіўся тут пасля яго выгнання і ведаў пра «архіпрамяністага» толькі з расказаў ды з твораў Адама Міцкевіча. Адразу па прыездзе ў Вільню Тамаша Зана акружылі яго сябры. У той жа дзень прыехала з Балценік Марыля Путкамер і забрала яго да сябе ў маёнтак, дзе яго вельмі кранула Марыліна дачка Зося, якая спявала яму, іграючы на фартэпіяна, Чачотавы песні. Разам з Марыляй і сваім братам Ігнасем наведаў ён сям'ю Балінскіх у Яшунах, Марыліных братоў, а сваіх даўніх сяброў Верашчакаў — Юзафа ў Смольчыцах і Міхала ў Дварцы. Ва ўсіх шляхецкіх сядзібах Тамаша Зана прымалі з вялікай радасцю і цеплынёй, прымалі як героя, як вяртанца з іншага свету.
У адным з такіх маёнткаў, у вёсцы Аборак на роднай Маладзечаншчыне, у сям'і добрых знаёмых Дэдэркаў Тамаш Зан напаткаў маладую паненку з недалёкай Маліноўшчыны Брыгіду Свентажэцкую, якая зачытвалася рамантычнай літаратурай, захаплялася творчасцю свайго сучасніка Адама Міцкевіча і якая шмат наслухалася пра высакародства, мужнасць і трагічную долю філаматаў і філарэтаў, ну і, вядома ж, пра іх галоўнага завадатара. Дзяўчыну да глыбіні душы ўсхвалявала незвычайная сустрэча з самым «прамяністым» філаматам, героем міцкевічаўскіх «Дзядоў», гэтай жывой легендай. Ужо з самага першага знаёмства Брыгіда закахалася ў яго без памяці. Тамашу Зану таксама прыйшлася да душы гэтая рамантычная і гожая паненка. Расказваючы ў пісьме да Марылі Путкамер пра свае пачуцці да Брыгіды Свентажэцкай, Тамаш Зан пісаў: «Я ўбачыў у ёй самую Літву, якая вітае свайго сына з выгнання, убачыў у ёй анёла, які нагадвае мне маю маладосць, боства, якое прадракае мне шчаслівую будучыню».